Выбрать главу

"Прызвалі. Служба гэткая: не прапускаць у выселеныя вёскі мясцовых жыхароў. Стаялі заслонамі паблізу дарог, будавалі зямлянкі, назіральныя вышкі. Звалі нас чамусьці "партызанамі". Мірнае жыццё… А мы стаім… Апранутыя па-вайсковаму… Сяляне не разумелі, чаму, напрыклад, нельга забраць са свайго двара вядро, збан, пілу ці сякеру. Прапалоць грады. Як ім растлумачыць? Яно і праўда: па адзін бок дарогі салдаты стаяць, не пускаюць, а па другі кароў пасвяць, гудуць камбайны і возяць збожжа. Збяруцца бабы і плачуць: "Хлопчыкі, пусціце… Гэта ж наша зямелька… Нашы хаты…" Яйкі, сала нясуць, самагонку…"

"Я — вайсковы чалавек, мне загадаюць — я павінен… Але і гераічны парыў, ён таксама быў. Ён падтрымліваўся. Палітработнікі выступалі. Радыё, тэлебачанне. Розныя людзі рэагавалі па-рознаму: адны хацелі, каб у іх узялі інтэрв'ю, надрукавалі ў газеце, другія глядзелі на ўсё, як на работу, трэція… Я іх спатыкаў, яны жылі з адчуваннем, што здзяйсняюць гераічны ўчынак. Нам добра плацілі, але пытанне грошай як бы не стаяла. Зарплата мая — чатырыста рублёў, а там я атрымліваў тысячу (у тых, савецкіх рублях). Нас пасля папракалі: "Грашышчы шуфлямі заграбалі, а вярнуліся — падавай ім машыны, мэблевыя гарнітуры без чаргі". Крыўдна, вядома. Бо і гераічны парыў быў…

Перад тым, як ехаць туды, страх узнік. На кароткі час. А там страх прападаў. Калі б я мог убачыць — гэты страх… Загад. Работа. Заданне. Мне было цікава паглядзець на рэактар зверху, з верталёта: што там здарылася на самой справе, як гэта выглядае? Але гэта рабіць забаранялася. У картачку мне запісалі дваццаць адзін рэнтген, але я не ўпэўнены, што гэта сапраўды так. Прынцып быў самы просты: прылятаеш у райцэнтр Чарнобыль (гэта, дарэчы, маленькі раённы гарадок, а не штосьці такое грандыёзнае, як я сабе ўяўляў), там сядзіць дазіметрыст, за дзесяць— пятнаццаць кіламетраў ад станцыі, ён робіць замер фону. Гэтыя замеры пасля перамнажаліся на колькасць гадзін, якія мы наляталі за дзень. Але я адтуль падняўся на верталёце і паляцеў на рэактар: туды — назад, праход у двух кірунках, сёння там — восемдзесят рэнтген, заўтра — сто дваццаць… Уначы кружуся над рэактарам — дзве гадзіны… Рабілі здымкі ў інфрачырвоных праменнях, кавалкі параскіданага графіту на плёнцы як бы "засвечваліся"… Удзень іх нельга было ўбачыць…

Размаўляў з вучонымі. Адзін: "Я магу вось гэты ваш верталёт языком вылізаць, і са мной нічога не здарыцца". А другі: "Хлопцы, чаму ж без засцярогі лятаеце? Жыццё сабе ўкарочваеце? Абшывайцеся! Абклёпвайцеся!" Абклалі сядзенні свінцовымі лістамі, павырэзвалі безрукаўкі са свінцу, але, аказваецца, ад аднаго выпраменьвання яны ахоўваюць, а ад другога — не. Ляталі з ранку да ночы. Фантастычнага нічога не было. Праца… Цяжкая праца… Уначы сядзелі ля тэлевізара, якраз той парою адбываўся чэмпіянат свету па футболе. Гаворкі, вядома ж, і пра футбол…

Задумвацца мы пачалі… Як бы не схлусіць… Напэўна, гады праз тры… Калі адзін захварэў, другі… Нехта памёр… Звар' яцеў… Парашыў сябе… Тады пачалі задумвацца… А зразумеем сёе-тое, я мяркую, праз дваццаць-трыццаць гадоў. У мяне — Афган (я там быў два гады) і Чарнобыль (я там быў тры месяцы) — самыя яркія моманты ў жыцці…

Бацькам не паведамляў, што паслалі ў Чарнобыль. Брат выпадкова купіў газету "Известия" і ўбачыў там мой партрэт, прыносіць маці: "На, глядзі — герой!" Маці заплакала…"

"Ехалі, я, ведаеце, што ўгледзеў? На ўзбочынах дарогі… У сонечных праменнях… Танюсенькі бляск… Штосьці крышталічнае зіхацела… Драбнюсенькія часцінкі… Ехалі ў бок Калінкавічаў, праз Мазыр. Штосьці пералівалася… Перамовіліся між сабой. У вёсках, дзе працавалі, на лісці адразу заўважылі прапаленыя дзірачкі, асабліва на вішняку. Рвалі агуркі, памідоры — і там на лістах чорныя дзірачкі… Лаяліся і елі.

Паехаў… Хоць мог не ехаць. Добраахвотнікам папрасіўся. У першыя дні абыякавых там не бачыў, гэта пасля вакуум у вачах, як звыкліся. Ордэнчык адхапіць? Ільготы? Ды глупства! Мне асабіста нічога не трэба было. Кватэра, машына… Што яшчэ? Ага, дача… Усё меў. Спрацоўваў мужчынскі азарт… Едуць сапраўдныя мужчыны на сапраўдную работу. А астатнія? Хай сядзяць пад бабскімі спадніцамі…

У аднаго жонка раджае, у другога малое дзіця… У трэцяга пякучка… Лаяліся і ехалі.

Вярнуліся дадому. Усё з сябе зняў, усё адзенне, у якім там быў, і выкінуў у смеццеправод. А пілотку падарыў малому сыну. Вельмі ён прасіў. Насіў, не здымаючы. Праз два гады яму паставілі дыягназ: пухліна мозгу… Далей дапішыце самі… Я не хачу далей гаварыць…"