"Я толькі што вярнуўся з Афганістана. Жыць хацеў. Ажаніцца. Адразу хацеў ажаніцца. А тут — позва з чырвонай палоскай. "Спецзборы" — на працягу гадзіны было па ўказным адрасе. Маці адразу ў слёзы. Яна парашыла, што мяне зноў забіраюць на вайну.
Куды вязуць? Навошта? Невядомасць суцэльная. У Слуцку пераапранулі, абмундзіравалі і тут адкрыляся, што едзем у райцэнтр Хойнікі. Прыехалі ў Хойнікі, там людзі яшчэ нічога не ведалі. Павезлі далей, у вёску, і там гуляюць вяселле: маладыя цалуюцца, музыка, п'юць самагонку. Вяселле як вяселле. А нам загад: зразаць грунт на штык.
Дзевятага мая — на Дзень Перамогі прыехаў генерал. Пастроілі нас, павіншавалі са святам. Адзін са строю асмеліўся і запытаўся: "Чаму хаваюць, які радыёфон? Якія атрымліваем дозы?" Адзін такі знайшоўся. Дык яго, як генерал паехаў, выклікаў камандзір часці і даў наганяй: "Правакацыі ўчыняеш! Панікёр!!" Праз пару дзён нейкія супрацьгазы выдалі, але ніхто імі не карыстаўся. Дазіметры два разы паказвалі, але ў рукі нікому не далі. Раз за тры месяцы адпускалі дадому на пару дзён. Наказ адзін: купіць гарэлкі. Я прывалок на сабе два заплечнікі з пляшкамі. Пад столь падкідвалі.
Перад адпраўкай дадому ўсіх выклікаў "кадэбэшнік" і вельмі раіў: нідзе і нікому не расказваць аб тым, што мы бачылі. З Афгана я вярнуўся, я ведаў — буду жыць! А ў Чарнобылі ўсё наадварот: заб'е менавіта тады, як вярнуўся…"
"Што запомніў? Урэзалася ў памяць?
Цэлы дзень ганяюся па вёсках на машыне… З дазіметрыстамі… I ніводная з жанчын не прапануе мне яблык…"
"Дзесяць гадоў мінула… Ужо як быццам гэтага і не было, калі б не захварэў, забыў…"
Трэба Радзіме служыць! Радзіме служыць — святая справа. Атрымаў: нацельную бялізну, анучы, боты, пагоны, пілотку, штаны, гімнасцёрку, рэмень, рэчмяшок. У дарогу! Далі самазвал. Вазіў бетон. Была ні была… Пранясе… Маладыя хлопцы. Нежанатыя. Рэспіратары з сабою не бралі… Не, аднаго памятаю… Пажылы вадзіцель… От ён заўсёды — у масцы… А мы — не. Даішнікі стаялі без масак. Мы — у кабіне, а яны — у радыеактыўным пыле стаялі па восем гадзін. Усім добра плацілі: тры зарплаты плюс камандзіровачныя. Ужывалі… Гарэлка, ведалі, дапамагае… Здымае стрэс. Невыпадкова ў вайну давалі славутыя наркомаўскія сто грамаў. Звычайная карціна: п'яны міліцыянер штрафуе п'янага вадзіцеля…
Не пішыце пра цуды савецкага гераізму. Яны былі… Цуды! Але спачатку — халатнасць, безалабернасць, а пасля цуды. Закрыць амбразуру… Грудзямі на кулямёт… А што ў прынцыпе не павінна быць такога загаду, пра гэта ніхто не піша. Кідалі нас туды, як пясок на рэактар… Кожны дзень вывешваўся новы "баявы лісток": "працуюць мужна і самаахвярна", "выстаім і пераможам…" Далі мне за подзвіг грамату і тысячу рублёў…"
"Спярша недаўменне… Адчуванне, што гульня… Але гэта была сапраўдная вайна… атамная вайна… Нам невядома: што страшна і што не страшна, чаго асцерагацца і чаго не асцерагацца? Ніхто не ведаў… Сапраўдная эвакуацыя… На вакзалах… Што рабілася на вакзалах? Мы дапамагалі ўкідваць дзяцей праз вокны ў вагоны… наводзілі парадак у чэргах… Чэргі па білеты ў касах, па ёд у аптэках. У чэргах сварыліся, лаяліся матам і біліся. Ламалі дзверы ў гарэлачных ларках і крамах. Разбівалі, выламвалі ў вокнах жалезныя краты. Перасяленцы… Яны жылі ў клубах, школах, дзіцячых садках. Хадзілі паўгалодныя. Грошы ва ўсіх хутка канчаліся. У крамах усё паскуплялі…
Я не забудуся на жанчын, якія мылі нашу бялізну. Пральных машын не было, пра іх не падумалі, не завезлі. Мылі рукамі. Усе жанчыны — пажылыя. Рукі ў іх — у пухірах, струпах… Бялізна не проста брудная, там дзесяткі рэнтгенаў… "Хлопчыкі, з'ешце…", "Хлопчыкі, паспіце…", "Хлопчыкі, вы ж маладыя… Асцерагайцеся…" Шкадавалі нас і плакалі…
Ці жывыя яны зараз?
Дваццаць шостага красавіка штогод мы збіраемся, тыя, хто там быў. Успамінаем той час. Ты быў салдатам на вайне, ты быў патрэбен. Благое забылася, а гэта засталося. Засталося тое, што без цябе не маглі абысціся… Наша сістэма, ваенная па сутнасці, яна выдатна спрацоўвае ў надзвычайных акалічнасцях. Ты, нарэшце, там свабодны і неабходны. Воля! I рускі чалавек ў такія моманты паказвае, які ён вялікі! Унікальны! Галандцамі ці немцамі ніколі не станем. I не будзе ў нас даўгавечнага асфальту і дагледжаных газонаў. А героі заўсёды знойдуцца!.."
"Сказалі — я пайшоў. Трэба! Быў членам партыі. Камуністы, наперад! Такія абставіны. Я ў міліцыі працаваў. Старшы сяржант. Паабяцалі мне новую "зорачку". Гэта быў чэрвень восемдзесят сёмага года… Трэба медкамісію абавязкова прайсці, а мяне адправілі без праверкі. Нехта там, як гавораць, адмазаўся, прынёс даведку, што ў яго язва страўніка, і мяне замест яго. Тэрмінова.