Выбрать главу

Ехалі, як вайсковыя людзі, а з нас спачатку стварылі брыгаду муляраў. Будавалі аптэку. У мяне адразу слабасць, санлівасць нейкая. Я — да ўрача: "Усё нармальна. Спякота". У сталоўку прывозілі з калгаса мяса, малако, смятану, мы елі. Урач нічога ў рот не браў. Прыгатуюць абед, ён у журнале адзначыць, што ўсё ў норме, але сам і пробы не здымаў. Мы гэта заўважылі. Такія акалічнасці. Адчайныя былі. Пачаліся клубніцы. Поўныя вуллі мёду…

Пачыналі ўжо лазіць марадзёры. Мы забівалі вокны, дзверы. Магазіны разрабаваныя, краты на вокнах выламаныя, мука, цукар пад нагамі, цукеркі… Параскіданыя бляшанкі… З адной вёскі людзей выселілі, а праз пяць-дзесяць кіламетраў людзі жывуць. Рэчы з пакінутай вёскі перавандроўваюць да іх. Такая сітуацыя. Мы ахоўваем, прыязджае былы старшыня калгаса з тутэйшымі людзьмі, іх ужо недзе пасялілі, далі хаты, але яны вяртаюцца сюды жаць жыта, касіць. Вывозілі сена ў цюках. У цюках мы знаходзілі схаваныя швейныя машыны, матацыклы. Бартэр: яны табе пляшку самагонкі — ты ім дазвол на правоз тэлевізара. Прадавалі, выменьвалі трактары, сеялкі. Адна пляшка… Дзесяць пляшак… Грошы нікога не цікавілі… (Смяецца.) Як пры камунізме… На ўсё існавала такса: каністра бензіну — паўлітра самагонкі, каракулевая шуба — два літры, матацыкл — як старгуешся… Я праз паўгода паехаў адтуль, згодна са штатным раскладам, тэрмін быў паўгода. Пасля прысылалі замену. Нас трошкі затрымалі, бо з Прыбалтыкі адмовіліся ехаць. Такая сітуацыя. Але я ведаю, што расцягнулі, вывезлі ўсё, што можна было падняць і вывезці. Зону перавезлі сюды… Шукайце на рынках, у камісійных магазінах, на дачах… засталася за дротам толькі зямля… I магілы…"

"Прыбылі на месца. Пераабмундзіраваліся. "Аварыя, — супакойвае нас капітан, — здарылася даўно. Тры месяцы назад. Ужо не страшна". Сяржант: "Усё нармальна, толькі мыйце рукі перад ядой".

Служыў дазіметрыстам. Як сцямнее, да нашага вахтавага вагончыка пад'язджаюць хлопцы на машынах. Грошы, цыгарэты, гарэлка… Дай толькі ў канфіскаваным барахле пакорпацца… Напакоўвалі сумкі. Куды везлі? Напэўна, у Кіеў… У Мінск… На барахолкі… Тое, што заставалася, мы закопвалі. Касцюмы, боты, крэслы, гармонікі, швейныя машыны… Закопвалі ў ямы, якія называлі "брацкімі магіламі".

Дадому прыехаў. Іду на танцы. Спадабалася дзеўчынёха:

— Давай пазнаёмімся.

— Навошта? Ты цяпер чарнобыльскі. Ад цябе нарадзіць страшна!".

"У мяне свая памяць… Афіцыйная мая пасада там — камандзір узвода аховы… Нешта накшталт дырэктара зоны апакаліпсісу. (Смяецца.) Так і напішыце.

Затрымліваем машыну з Прыпяці. Горад ужо эвакуіраваны, людзей няма. "Пакажыце дакументы". Дакументаў няма. Кузаў накрыты брызентам. Падымаем брызент: дваццаць чайных сервізаў, як сёння памятаю, мэблевая сценка, мяккі куток, тэлевізар, веласіпеды…

Складаю пратакол.

Прывозяць мяса для пахавання ў магільніках. У тушах ялавічыны адсутнічаюць кумпякі. Выразка.

Складаю пратакол.

У пустых вёсках бегалі здзічэлыя свінні. На калгасных канторах і клубах віселі плакаты: "Дадзім Радзіме хлеба!", "Слава савецкаму сельскаму працаўніку!", "Подзвіг народа несмяротны".

Недагледжаныя брацкія магілы. Трэснуты камень з прозвішчамі: капітан Барадзін, старшы лейтэнант… Шараговыя… Дзядоўнік, крапіва, лапухі.

Дагледжаны гарод. За плугам ідзе гаспадар, убачыў нас:

— Хлопцы, не сварыцеся. Мы ўжо падпіску далі: вясной паедзем.

— А навошта ж тады гарод пераворваеце?

— Дык жа гэта асенні клопат…

Я разумею, але я павінен скласці пратакол…"

"Жонка забрала дзіця і сышла. Сучка! Але я не павешуся, як Ванька Котаў… I не выкінуся з сёмага паверха! Сучка! Калі я адтуль прыкаціў з чамаданам грошай… Машыну купілі. Яна, сучка, жыла са мною. Не баялася. (Нечакана спявае.)

Нават тысяча рэнтген

Не апусціць рускі член…

Добрая прыпеўка. Адтуль. Хочаце анекдот? (Тут жа пачынае расказваць.) Муж вяртаецца дадому… З-пад рэактара… Жонка пытаецца ў доктара: "Што рабіць з мужам?" — "Памыць, абняць, дэзактываваць". Сучка! Яна мяне баіцца… Забрала дзіця… (Нечакана сур'ёзна.) Салдаты працавалі… Ля рэактара… Я іх вазіў на змену і са змены. У мяне, як і ва ўсіх, вісеў на шыі лічыльнік-накапляльнік. Пасля змены я іх збіраў і здаваў у першы аддзел… Сакрэтны… Там здымалі паказанні, запісвалі быццам бы штосьці ў нашы картачкі, але колькі рэнтгенаў кожнаму перапала — ваенная тайна. Сукі! Праходзіць нейкі час, табе кажуць: "Стоп! Больш нельга!" Уся медыцынская інфармацыя… Нават пры ад'ездзе не сказалі — колькі? Сукі! Цяпер яны грызуцца за ўладу… За партфелі… У іх — выбары.