Як нас лячыць? Ніякіх дакументаў мы не прывезлі. Іх дагэтуль хаваюць ці знішчылі па прычыне асаблівай сакрэтнасці. Чым дапамагчы нашым дактарам? Мне б цяпер даведачку: колькі? Чаго я там набраў? Я б сваёй сучцы паказаў… Я яшчэ ёй дакажу, што мы выжывем у любых абставінах і будзем жаніцца і раджаць. Пайшлі вы ўсе ў с…!"
"З нас узялі падпіску аб неразглашэнні… Я маўчаў… Адразу пасля арміі стаў інвалідам другой групы. У дваццаць два гады. Хапануў сваё… Цягалі вёдрамі графіт… Дзесяць тысяч рентгенаў… Зграбалі звычайнымі рыдлёўкамі, шуфлямі, мяняючы за змену да трыццаці "пялёсткаў Істракова", у народзе іх звалі "наморднікамі". Насыпалі саркафаг. Гіганцкую магілу, у якой пахаваны адзін чалавек — старшы аператар Валерый Хадзямчук, які застаўся пад руінамі ў першыя хвіліны выбуху. Піраміда дваццатага стагоддзя…
Нам заставалася служыць яшчэ тры месяцы. Вярнуліся ў часць, нават не пераапранулі. Хадзілі ў тых жа гімнасцёрках, у ботах, у якіх былі на рэактары. Да самага дэмбеля…
А калі б далі гаварыць, каму я мог расказаць? Працаваў на заводзе. Начальнік цэха: "Хопіць хварэць, а то скароцім". Скарацілі. Пайшоў да дырэктара: "Не маеце права. Я — чарнобылец. Я вас ратаваў. Абараняў!" — "Мы цябе туды не пасылалі".
Начамі прачынаюся ад мамінага голасу: "Сыночак, чаму ты маўчыш? Ты ж не спіш, ты ляжыш з расплюшчанымі вачыма… I святло ў цябе гарыць…" Я маўчу. Са мною ніхто не можа загаварыць гэтак, каб я адказаў. На маёй мове… Ніхто не разумее, адкуль я вярнуўся… I я распавесці не магу…"
"Ужо не баюся смерці… Самой смерці… Але не даўмеюся, як буду паміраць… Друг паміраў… Разросся, надзьмуўся… З бочку… А сусед… Таксама там быў, кранаўшчык. Ён счарнеў на вугаль, усохся да дзіцячага памеру. Не даўмеюся, як буду паміраць… Адно мне дакладна вядома: з маім дыягназам доўга не працягнеш. Адчуць бы момант… Кулю — у лоб… Я быў у Афгане… Там з гэтым лягчэй… З куляй…
Зберагаю газетную выразку… Пра аператара Леаніда Таптунова, гэта ён той ноччу дзяжурыў па станцыі і націснуў на чырвоную кнопку аварыйнай засцярогі за некалькі хвілін да выбуху. Яна не спрацавала… Яго лячылі ў Маскве. "Каб уратаваць, патрэбна цела", — казалі ўрачы. Засталася адна-адзіная чыстая, неабпрамененая плямка на спіне. Пахавалі, як і іншых, на Міцінскіх могілках. Труну выклалі знутры фальгой… Над ім паўметра бетонных пліт, са свінцовай пракладкай. Прыедзе бацька… Стаіць, плача… Ідуць міма людзі: "Твой суччын сын узарваў!"
Мы — самотнікі. Чужыя. Нават хаваюць нас асобна, не гэтак, як усіх. Як прышэльцаў адкульсці з космасу… Лепей бы я загінуў у Афгане! Праўду кажу, навальваюцца такія думкі. Там смерць была справай звычайнай… Зразумелай…"
"Зверху… З верталёта… Як ішоў нізка ля рэактара, назіраў… Казулі, дзікі… Худыя, сонныя… Як на замаруджанай кінастужцы рухаюцца… Яны карміліся травою, што тут расла, не разумелі… Не разумелі, што трэба сысці… Сысці разам з людзьмі…
Ехаць — не ехаць? Ляцець — не ляцець? Я — камуніст, як я мог не ляцець? Двое штурманаў адмовіліся, што, маўляў, жонкі маладыя ў іх, дзяцей яшчэ няма, іх сарамацілі, пакаралі. Кар'ера скончылася! Быў яшчэ мужчынскі суд. Суд гонару! Гэта, разумееце, азарт — ён не змог, а я пайду. Цяпер я думаю іначай… Пасля дзевяці аперацый і двух інфарктаў… Я іх не асуджаю, я іх разумею. Маладыя хлопцы. Але сам бы ўсё роўна паляцеў… Гэта так. Ён — не змог, а я — пайду. Мужчынскае!
З вышыні ўражвала колькасць тэхнікі: цяжкія верталёты, сярэднія верталёты… МІ-24 — гэта баявы верталёт… Што можна было рабіць на баявым верталёце ў Чарнобылі? Ці на ваенным знішчальніку МІ-2? Лётчыкі… Маладыя хлопцы… Усе пасля Афгана… Настрой такі, што хапіла б з іх аднаго Афгана, наваяваліся. Стаяць у лесе ля рэактара, хапаюць рэнтгены. Загад! Туды не трэба было пасылаць такую колькасць людзей, абпраменьваць. Навошта? Патрабаваліся спецыялісты, а не чалавечы матэрыял. Разбураны будынак, піраміды абрынутага хламу… і гіганцкая колькасць маленькіх чалавечых фігурак. Стаяў нейкі фээргэўскі кран, але мёртвы, туды дайшоў і памёр. Робаты паміралі… Нашы робаты, акадэміка Лукачова, створаныя ім для даследаванняў на Марсе… Японскія робаты… У іх, пэўна, згарала ўся начынка ад высокай радыяцыі. А салдацікі ў гумавых касцюмах, у гумавых пальчатках бегалі…
Перад ад'ездам нас папярэдзілі, што ў дзяржаўных інтарэсах — не балбатаць пра бачанае. Але, акрамя нас, ніхто не ведае, што там рабілася. Мы не ўсё разумелі, але ўсё бачылі…"