Раздзел другі. Вянец тварэння
Маналог пра старыя прароцтвы
"Мая дзяўчынка… Яна не такая, як усе… От яна падрасце і яна спытаецца ў мяне: "Чаму я не такая?"
Як яна нарадзілася… Гэта было не дзіцятка, а жывы мяшэчак, зашыты з усіх бакоў, ніводнай шчылінкі, толькі вочкі расплюснуты. У медыцынскай картачцы запісана: "дзяўчынка, народжаная з множнай комплекснай паталогіяй: аплазія ануса, аплазія похвы, аплазія левай ныркі"… Гэтак гучыць яно на навуковай мове, а на звычайнай: ні піскі, ні попкі, адна нырка… Я несла яе на другі дзень на аперацыю, на другі дзянёк яе жыцця… Яна расплюшчыла вочкі, быццам і ўсміхнулася, а я спачатку падумала, што хоча заплакаць… О, госпадзі, яна мне ўсміхнулася! Такія, як яна, не жывуць, такія адразу паміраюць. Яна не памёрла, бо я яе люблю. За чатыры гады — чатыры аперацыі. Гэта адзінае дзіця ў Беларусі, якое выжыла з такой комплекснай паталогіяй. Я яе вельмі люблю. (Маўчыць.) Я нікога больш не змагу радзіць. Не рашуся. Вярнулася з раддома: муж пацалуе ўначы, я ўся дрыжу — нам нельга… Грэх… Страх… Чула, як урачы між сабою гаварылі: "Дзяўчынка не ў сарочцы нарадзілася, а ў панцыры. Паказаць па тэлевізары, ніводная маці не раджала б". Гэта яны пра нашу дзяўчынку… Як нам пасля гэтага з любошчамі тымі?!
Хадзіла ў царкву. Распавяла бацюшку. Ён кажа, што трэба адмольваць свае грахі. Але ў нашым родзе ніхто нікога не забіў…
У чым я вінаватая? Спачатку наш пасёлак хацелі эвакуіраваць, а пасля выкраслілі са спісу: не хапіла ў дзяржавы грошай. А я ў гэты час пакахала. Выйшла замуж. Я не ведала, што нам тут няможна кахацца… Шмат гадоў назад мая бабуля чытала ў Бібліі, што надыдзе на зямлі час, калі ўсяго будзе ў дастатку, усё будзе цвісці і пладаносіць, у рэках стане поўна рыбы, у лясах звера, але пакарыстацца гэтым чалавек не зможа. Ён не зможа і нарадзіць на сябе падобнага, прадоўжыць несмяротнасць. Я слухала старыя прароцтвы, як жахлівую казку. Не верыла. Раскажыце ўсім пра маю дзяўчынку. Напішыце. У чатыры гады яна спявае, танцуе, чытае на памяць вершыкі. У яе нармальнае разумовае развіццё, яна нічым не адрозніваецца ад іншых дзяцей, у яе толькі іншыя гульні. Яна не гуляе "ў краму", "у школу", яна гуляе з лялькамі "ў бальніцу": робіць ім уколы, ставіць градуснік, прызначае кропельніцу, лялька памірае, — пакрывае яе белай прасціною. Чатыры гады мы з ёй жывём у бальніцы, яе нельга пакінуць там адну, і яна не ведае, што жыць трэба дома. Калі забіраю яе на месяц-два дадому, пытаецца: "А мы хутка вернемся ў бальніцу?" Там у яе сябры, яны там жывуць, растуць. Ёй зрабілі попку… Фармуюць похву… Пасля апошняй аперацыі цалкам спынілася мочаспусканне, катэтар уставіць не ўдалося — трэба яшчэ некалькі аперацый. Але далей раяць аперыравацца за мяжою. А дзе нам узяць дзесяткі тысяч долараў, калі муж атрымлівае сто дваццаць долараў у месяц? Адзін прафесар па сакрэце параіў: "З такой паталогіяй ваша дзіця ўяўляе вялікую цікавасць для навукі. Пішыце ў замежныя клінікі. Іх павінна гэта зацікавіць". I я пішу… (Стараецца не заплакаць.) Я пішу, што кожнае паўгадзіны трэба выціскаць мачу рукамі, мача выходзіць праз кропкавыя адтуліны ў вобласці похвы. Калі гэтага не рабіць, адмовіць адзіная нырка. Дзе яшчэ ў свеце ёсць дзіця, якому кожнае паўгадзіны трэба выціскаць мачу рукамі? I колькі гэта можна вытрываць? Ніхто не ведае ўздзеяння малых доз радыяцыі на чалавека, на дзіцячы арганізм. Вазьміце маю дзяўчынку, хай для вопытаў… Я не хачу, каб яна памёрла… Я згодная, каб мая дзяўчынка стала паддоследнай жабкай, паддоследным трусікам, толькі б яна выжыла. (Плача.) Дзесяткі лістоў напісала… О, Госпадзі!
Пакуль што яна не разумее, але калі-небудзь спытаецца ў нас: чаму яна не такая, як усе? Чаму яе не зможа пакахаць мужчына? Чаму ёй нельга нарадзіць дзіцятка? Чаму ў яе ніколі не будзе таго, што адбываецца ў матылька… у птушкі… Ува ўсіх, але толькі не ў яе… Я хацела… Я павінна была даказаць… Каб… Я хацела атрымаць дакументы… Каб яна вырасла і даведалася: гэта не мы з мужам вінаватыя… Не наша каханне… (Зноў стараецца не заплакаць.) Чатыры гады ваявала… З урачамі, з чыноўнікамі.. Стукалася ў высокія кабінеты…Толькі праз чатыры гады мне выдалі медыцынскую даведку, якая пацвярджае сувязь іянізуючай радыяцыі (малых дозаў) з яе страшэннай паталогіяй. Мне адмаўлялі чатыры гады, мне ўсё казалі: "Ваша дзяўчынка — інвалід дзяцінства". Які ж яна інвалід дзяцінства? Яна — інвалід Чарнобыля. Я вывучыла сваё радаводнае дрэва: не здаралася ў нашым родзе такога, да васьмідзесяці-дзевяноста гадоў усе жылі, мой дзядуля — да дзевяноста трох. Урачы апраўдваліся: "У нас — інструкцыя. Такія выпадкі мы пакуль што павінны ацэньваць, як агульнае захворванне. Вось праз дваццаць-трыццаць гадоў, калі назапасіцца банк чарнобыльскіх дадзеных, пачнём звязваць хваробы з іянізуючай радыяцыяй. А пакуль што медыцыне і навуцы пра гэта мала што вядома". Але я не магу чакаць дваццаць-трыццаць гадоў. Хацела падаць на іх у суд… На дзяржаву… Мяне называлі вар'яткай, смяяліся, маўляў, такія дзеці нараджаліся і ў Старажытнай Грэцыі. Адзін чыноўнік крычаў: "Чарнобыльскіх ільгот захацела! Чарнобыльскіх грошай!" Як я не страціла прытомнасці ў яго кабінеце…