Выбрать главу

Яны не маглі зразумець аднаго… Не хацелі… Мне трэба было ведаць, што гэта не мы з мужам вінаватыя… Не наша каханне… (Не стрымліваецца. Плача.)

Гэта дзяўчынка расце… Усё роўна дзяўчынка… Не хачу, каб назвалі прозвішча… Нават суседзі нашы… На адной лесвічнай пляцоўцы ўсяго не ведаюць. Апрану ёй сукеначку, запляту коску: "Кацечка ваша такая прыгожая", — кажуць яны мне. А сама я гэтак дзіўна гляджу на цяжарных жанчын… Як быццам здалёк… З-за вугла дома… Не гляджу, а падглядваю… Ува мне сумесь розных пачуццяў: здзіўлення і жаху, зайздрасці і радасці, нейкай нават помслівасці. Неяк спаймала сябе на думцы, што з тым жа пачуццём гляджу на шчэнную суседскую сучку… На бусліху ў гняздзе…

Мая дзяўчынка…"

Ларыса З., маці

Маналог пра месяцавы пейзаж

"Я раптам стаў сумнявацца, што лепей: памятаць ці забыць? Распытаў знаёмых. Адны забылі, іншыя не хочуць успамінаць, бо нічога не можам змяніць, нават паехаць адсюль…

Што я запомніў… У першыя ж дні пасля аварыі з бібліятэк зніклі кнігі пра радыяцыю, пра Хірасіму і Нагасакі, нават пра рэнтген. Пранесліся чуткі, што гэта загад начальства, каб не было панікі. Быў нават жарт, што калі б Чарнобыль узарваўся ў папуасаў, увесь бы свет спалохаўся, акрамя саміх папуасаў. Ніякіх медыцынскіх рэкамендацый, ніякай інфармацыі. Хто мог, даставаў таблеткі ёдзістага калію (у аптэках нашага горада ў продажы іх не было, даставалі па вялікім блаце). Здаралася, што з'ядалі гэтых таблетак жменю і запівалі шклянкай спірту. "Хуткая дапамога" адкачвала.

Пасля паявілася прыкмета, усе за ёю сачылі: пакуль у горадзе ці вёсцы ёсць вераб'і і галубы, там можна жыць і чалавеку. Ехаў у таксі, вадзіцель здзіўляўся, чаму птушкі, як сляпыя, ляцяць на шкло, разбіваюцца. Як ненармальныя… Нешта падобнае на самазабойства…

Запомніў, як вяртаўся з камандзіроўкі. Сапраўдны месячны пейзаж… Паабапал дарогі да самага небакраю доўжыліся засыпаныя белым даламітам палі. Верхні забруджаны пласт зямлі зняты і пахаваны, замест яго насыпалі даламітавага пяску… Як не зямля… Доўга пакутаваў ад гэтага месяцавага прывіду і паспрабаваў напісаць аповед. Уявіў, што тут адбудзецца, будзе праз сто гадоў: ці то чалавек, ці то яшчэ штосьці імчыцца на чацвярэньках, выкідваючы доўгія заднія ногі каленямі назад, уначы ён бачыць усё трэцім вокам, а адзінае вуха, на макаўцы, чуе нават крок мураша. Засталіся толькі мурашы, усё астатняе на зямлі і ў небе пагінула…

Паслаў аповед у часопіс. Прыслалі адказ, што гэта не літаратурны твор, а пераказ жахаў. Вядома, у мяне не хапіла таленту. Але тут, мяркую, яшчэ адна прычына. Я задумаўся, чаму пра Чарнобыль маўчаць, мала пішуць нашы пісьменнікі, працягваюць пісаць пра вайну, пра лагеры, а тут маўчаць? Думаеце, выпадковасць? Калі б мы адолелі Чарнобыль, пра яго гаварылі і пісалі б больш. Ці калі б мы яго зразумелі. Мы не ведаем, як здабыць з гэтага жаху сэнс. Не здольныя. Бо яго нельга прымераць ні да нашага чалавечага вопыту, ні да нашага чалавечага часу…

Дык што ж лепей: памятаць ці забыць?"

Яўген Аляксандравіч Броўкін, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта

Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць

"Тады я думаў пра іншае… Вам падасца дзіўным… Якраз у той час я разводзіўся з жонкай.

Раптам прыходзяць, уручаюць позву і кажуць, што ўнізе ўжо чакае машына. Такі "варанок" спецыяльны. Як у трыццаць сёмым годзе… Бралі начамі. З пасцелі, цёпленькіх. Пасля гэтага схема перастала працаваць: жонкі не адчынялі дзвярэй альбо хлусілі, што мужы ў камандзіроўцы, на курорце, у вёсцы ў бацькоў. Ім спрабавалі ўручыць позвы, яны не бралі. Пачалі хапаць людзей на рабоце, на вуліцы, у часе абедзеннага перапынку ў заводскіх сталовых. Як у трыццаць сёмым… А я быў тады амаль ашалелы… Мне здрадзіла жонка, усё астатняе выдавала глупствам. Сеў у гэты "варанок"… Вялі мяне двое ў цывільным, але з вайсковай выпраўкай, ішлі абапал, пэўна, баяліся, каб не ўцёк. Калі сеў у машыну, чамусьці прыгадаў амерыканскіх касманаўтаў, якія ляталі на Месяц, і адзін з іх пазней стаў свяшчэннікам, а другі быццам бы звар'яцеў? Чытаў, што ім падалося, быццам там ёсць гарады, нейкія чалавечыя сляды. Мільганулі ў памяці абрыўкі газет: нашы атамныя станцыі цалкам бяспечныя, можна будаваць на Краснай плошчы. Больш бяспечныя, чым самавар. Але ад мяне пайшла жонка… Я здольны быў думаць толькі пра гэта… Некалькі разоў спрабаваў парашыць сябе… Мы хадзілі ў адзін дзіцячы сад, вучыліся ў адной школе… У адным інстытуце… (Маўчыць. Закурвае.)