Выбрать главу

Я вас папярэджваў… Нічога гераічнага для пісьменніцкага пяра. Былі думкі, што, быццам бы, не ваенны час, чаму я павінен рызыкаваць, калі нехта будзе спаць з маёй жонкай. Чаму зноў я, а не ён? Па праўдзе кажучы, не бачыў я там герояў. Вар'ятаў бачыў, якім начхаць на ўласнае жыццё, і ліхацтва хапала, але патрэбы ў ім не было… У мяне таксама ёсць граматы і падзякі… Але гэта таму, што мне не боязна было паміраць. Напляваць! Гэта было нават выйсцем. Пахавалі б з пашанаю… I на казённы кошт…

… Там ты адразу трапляў у фантастычны свет, дзе спалучыліся канец свету і каменны век. А ўва мне ўсё яшчэ абвострана… Аголена… Жылі ў лесе. У палатках. За дваццаць кіламетраў ад рэактара. "Партызанілі". "Партызаны" — гэта тыя, каго бяруць на вучэбныя вайсковыя зборы. Узрост — ад дваццаці пяці да сарака гадоў, многія — з вышэйшай адукацыяй, сярэднетэхнічнай, я, да слова, настаўнік гісторыі. Замест аўтаматаў выдалі рыдлёўкі. Перакопвалі сметнікавыя звалкі, гароды. Жанчыны ў вёсках глядзелі і хрысціліся. Мы ў пальчатках, рэспіратарах, маскхалатах… Смаліць сонца… Паяўляемся на іхніх гародах, як чэрці. Яны не разумелі, навошта мы перакопваем іхнія грады, вырываем іхні часнок, капусту, калі часнок як часнок, капуста як капуста. Бабулі хрысцяцца і галосяць: "Салдацікі, гэта што — канец свету?"

У хаце печ паліцца, сала сквірчыць. Дазіметр прыставіш: не печ, а маленькі рэактар. "Сядайце, хлопчыкі, за стол", — клічуць. Прывячаюць. Адмаўляемся. Просяць: "Сто грамаў знойдзем. Сядайце. Раскажыце". А што расказваць? На самім рэактары пажарнікі тапталі мяккае паліва, яно свяцілася, а яны не ведалі, што гэта такое. Дзе ўжо нам ведаць?

Ідзём аддзяленнем. На ўсіх — адзін дазіметр. А ў розных месцах — розны ўзровень: адзін з нас працуе, дзе два рэнтгены, а другі там, дзе дзесяць рэнтгенаў. З аднаго боку, бяспраўе, як у зэкаў, з другога — страх. Але ў мяне страху не было. Глядзеў на ўсё збоку…

На верталёце прыляцела група вучоных. У гумавым спецадзенні, высокіх ботах, засцерагальных акулярах… Як на Месяц… Падыходзіць да аднаго бабуля: "Ты хто?" — "Я — вучоны". — "Ах, ты вучоны, паглядзіце на яго, як разадзеўся. Замаскаваўся. А мы?" I за ім — з кіем. У мяне не аднойчы мільгала, што калі-небудзь вучоных будуць вылоўліваць, як у сярэднявеччы лавілі ўрачоў і тапілі.

Я бачыў чалавека, на вачах у якога хавалі ягоную хату… (Перапыняецца.) Хавалі хаты, калодзежы, дрэвы… Хавалі зямлю… Зразалі, скручвалі яе вялікімі пластамі… Я вас папярэджваў… Нічога гераічнага…

Вяртаемся позна вечарам, бо працавалі па дванаццаць гадзін у суткі. Без выхадных. На адпачынак толькі ноч. Значыць, едзем на бэтээры. Ідзе па пустой вёсцы чалавек. Бліжэй: малады хлопец з дываном на плячах… Непадалёк "Жыгулі"… Тармозім. Багажнік забіты тэлевізарам і абрэзанымі тэлефонамі. Бэтээр разварочваецца і таранам: "Жыгулі" — у гармонік, як бляшанка з-пад кансерваў. Ніхто слова не прамовіў…

Хавалі лес. Дрэвы пілавалі па паўтара метра, упакоўвалі ў цэлафан і завальвалі ў магільнік. Уначы не мог заснуць. Заплюшчу вочы: нешта чорнае варушыцца, пераварочваецца… як жывое… Жывыя пласты зямлі… З жукамі, павукамі, чарвякамі… Я нікога з іх не ведаў, не ведаў, як іх завуць… Проста жукі, павукі. Мурашы. А яны маленькія і вялікія, жоўтыя і чорныя. Такія разнаколерныя. У кагосьці з паэтаў чытаў, што жывёліны — гэта асобны народ. Я забіваў іх дзесяткамі, сотнямі, тысячамі, не ведаючы нават, як іх завуць. Знішчаў іх хаціны. Іхнія тайны. Хаваў… Закопваў у магільнікі…

У Леаніда Андрэева, якога я вельмі люблю, ёсць прытча пра Лазара, які зазірнуў за рысу забароненага. Ён ужо чужы, ён ужо ніколі не будзе сваім сярод людзей, хоць яго Хрыстос і ўваскрасіў…

Можа, досыць? Вам, разумею, цікава, тым, хто там не пабываў, заўсёды цікава. А гэта быў усё той жа чалавечы свет. Нельга ўвесь час жыць у палоне страху, чалавек не можа, мінаецца нейкі час і пачынаецца звычайнае чалавечае жыццё. (Захапляецца і працягвае далей.) Мужчыны пілі гарэлку. Гулялі ў карты. Заляцаліся да жанчын. Зачыналі дзяцей. Шмат гаварылі пра грошы. Але не за грошы там працавалі. Мала хто толькі за грошы. Працавалі таму, што трэба працаваць. Сказалі — працаваць. I не задавалі пытанняў. Марылі пра павышэнне на службе. Хітравалі, кралі. Спадзяваліся на абяцаныя льготы: атрымаць па-за чаргою кватэру і выехаць з барака, уладкаваць дзіця ў дзіцячы садок, купіць машыну. Адзін у нас спалохаўся, баяўся вылазіць з палаткі, у гумавым касцюме спаў. Баязлівец! Яго выключылі з партыі. Ён крычаў: "Я хачу жыць!" Усё ўперамешку… Спатыкаў там жанчын, што добраахвотна прыехалі. Ірваліся. Ім адмаўлялі, тлумачылі, што патрэбны шафёры, слесары, пажарнікі, але яны прыехалі… Усё ўперамешку… Тысячы добраахвотнікаў і спецыяльны "варанок", які начамі пільнаваў запаснікоў… Студэнцкія атрады, грашовыя пераводы ў фонд пацярпелых… Сотні людзей, якія бясплатна прапаноўвалі кроў і касцявы мозг… I ў той жа момант усё можна было купіць за пляшку гарэлкі. Ганаровую грамату, водпуск дадому… Адзін старшыня калгаса прывязе ў атрад дазіметрыстаў скрынку гарэлкі, каб ягоную вёску не запісвалі ў спіс на эвакуацыю, другі аддасць тую ж скрынку гарэлкі, каб ягоны калгас выселілі. Яму ўжо трохпакаёвую кватэру ў Мінску паабяцалі. Радыезамеры ніхто не правяраў. Нармальны рускі хаос. Мы так жывём… Штосьці спісвалі, прадавалі… З аднаго боку агідна, з другога — ідзіце вы ўсе к чорту ў балота!