Выбрать главу

Прыслалі студэнтаў. Яны вырывалі ў полі лебяду. Зграбалі сена. Некалькі пар было зусім маладзенькіх. Муж і жонка. Яны яшчэ за рукі хадзілі. Гэта немагчыма было бачыць.

Штодня прывозілі газеты. Я чытаў толькі загалоўкі: "Чарнобыль — месца подзвігу", "Рэактар пераможаны", "А жыццё працягваецца". Былі ў нас нампаліты, праводзілі палітгутаркі. Нам гаварылі, што мы павінны перамагчы. Каго? Атам? Фізіку? Космас? Перамога ў нас не падзея, а працэс. Жыццё — барацьба. Пераадоленне. Адсюль такая любоў да паводак, пажараў, стыхій. Патрэбна месца дзеяння, каб "праявіць мужнасць і гераізм". I ўстанавіць сцяг. Нампаліт чытаў заметкі ў газетах аб "высокай свядомасці і дакладнай арганізаванасці", аб тым, што праз некалькі дзён пасля катастрофы над чацвёртым рэактарам ужо лунаў чырвоны сцяг. Палаў. Праз месяц яго зжэрла высокая радыяцыя. Сцяг зноў узнялі. Праз месяц новы… Я ў думках спрабаваў уявіць, як салдаты падымаюцца на дах… Смяротнікі… Скажаце: савецкае язычніцтва? Ахвярапрынашэнне? Але ж справа ў тым, што далі б мне сцяг у рукі, я таксама б туды палез. Чаму? Не адкажу. Мне тады не страшна было памерці… Жонка нават пісьма не прыслала… За паўгода ніводнага пісьма… (Перапыняецца.)

Хочаце анекдот? Уцёк з турмы зняволены. Схаваўся ў трыццацікіламетровай зоне. Спаймалі. Завялі да дазіметрыстаў. Гэтак "свеціцца", што яго ні ў турму, ні ў бальніцу, ні да людзей. Чаму вы не смеяцеся? (Смяецца.)

Прыбыў я туды, калі птушкі сядзелі ў гнёздах, ад'язджаў — яблыкі ляжалі на снезе… Не ўсё мы паспелі пахаваць… Хавалі зямлю ў зямлі… З жукамі, павукамі, лічынкамі… З гэтым асобным народам… Светам… Самае моцнае маё ўражанне адтуль… Пра іх…

Нічога я вам не распавёў… Абрыўкі… У таго ж Леаніда Андрэева ёсць апавяданне: адзін жыхар Іерусаліма, міма дома якога вялі Хрыста, усё бачыў і ўсё чуў, але ў яго ў гэты час балеў зуб. На яго вачах Хрыстос упаў, як нёс крыж, упаў і пачаў крычаць, ён усё гэта бачыў, але ў яго балеў зуб, і ён не выбег на вуліцу. Праз два дні, калі зуб перастаў балець, яму распавялі, як Хрыстос уваскрэс, тады ён падумаў: "Я ж мог быць гэтага сведкам, але ў мяне балеў зуб".

Няўжо гэтак заўсёды? Мой бацька абараняў Маскву ў сорак другім. Тое, што ўдзельнічаў у вялікай падзеі, ён зразумеў праз дзесяткі гадоў. З кніг, з фільмаў. А сам успамінаў: "Сядзеў у акопе. Страляў. Выбухам засыпала. Паўмёртвага санітары вывалаклі". I ўсё…

А мяне тады пакінула жонка…"

Аркадзь Філін, ліквідатар

Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"

Старшыня Хойніцкага добраахвотнага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Віктар Іосіфавіч Вержыкоўскі і двое паляўнічых — Андрэй і Уладзімір, што не захацелі назваць прозвішчы.

— Першы раз я забіў лісу… У дзяцінстве… Другі раз ласіху… Ласіх, пакляўся, ніколі не забіваць. У іх такія выразныя вочы…

— Гэта мы, людзі, штосьці разумеем, а жывёліны проста жывуць. I птушкі.

— Восенню казуля вельмі чуйная. Калі яшчэ вецер дзьме ад чалавека, дык ужо ўсё — не падпусціць… А ліса хітрая…

— Тут бадзяўся адзін, кажуць… Вып'е, лекцыі ўсім чытае. Вучыўся на філасофскім факультэце, пасля ў турме сядзеў. У зоне напаткаеш чалавека, ён ніколі праўду пра сябе не раскажа. Рэдка. Гэта быў разумны мужык… "Чарнобыль, — казаў, — для таго, каб даць філосафаў". Жывёлін называў "тлом хадзячым", а чалавека — "зямлёй гаворачай". А "зямля гаворачая" таму, што мы ядзім зямлю, гэта значыць з зямлі складаемся…