Выбрать главу

— Зона вабіць… Прыцягвае, скажу я вам. Хто там пабыў. Будзе прыцягваць…

— Ну, хлопцы, трэба па парадку…

— Давай-давай, старшыня. А мы пакурым.

— Значыць, было гэтак… Выклікаюць мяне ў райвыканком: "Слухай, галоўны паляўнічы: у зоне засталося шмат свойскай жывёлы — каты, сабакі, каб пазбегнуць эпідэміі, іх трэба адстрэліць. Дзейнічай!" На наступны дзень я ўсіх склікаў, усіх паляўнічых. Аб'яўляю, што так і гэтак… Ніхто не хоча ехаць, бо не выдалі ніякіх ахоўных сродкаў. Я звярнуўся ў грамадзянскую абарону — у іх нічога няма. Ніводнага рэспіратара. Давялося ехаць на цэментавы завод і браць там маскі. Такая танюсенькая плевачка… Ад цэментавага пылу… А рэспіратараў не далі.

— Там салдат спатыкалі. У масках, у пальчатках, на бронетранспарцёрах, а мы ў сарочках, павязачка на носе. У гэтых сарочках і ботах дадому вярталіся. У сям'ю…

— Сабраў дзве брыгады… Дзве брыгады… Па дваццаць чалавек… Да кожнай прымацаваў ветурача і чалавека з санэпідстанцыі. Быў яшчэ трактар з каўшом і самазвал. Крыўдна, што не далі ахоўных сродкаў, пра людзей не падумалі…

— Затое прэміі давалі — па трыццаць рублёў. А пляшка гарэлкі тым часам каштавала тры рублі. Дэзактываваліся… Аднекуль рэцэпты паявіліся: адну лыжку гусінага памёту на бутэльку гарэлкі. Два дні настоіць і піць. Ну каб гэта самае… Ну, мужчынскае… Прыпеўкі былі, памятаеце? Процьма. "Запарожац — не машына, украінец — не мужчына. Калі хочаш быць айцом, абгарні яйцо свінцом". Ха-ха…

— Ездзілі мы па зоне два месяцы, у нашым раёне палову вёсак эвакуіравалі. Дзесяткі вёсак: Бабчын, Тульгавічы… Першы раз прыехалі — сабакі бегаюць ля сваіх хат. Вартуюць. Людзей чакаюць. Абрадаваліся нам, бягуць на чалавечы голас… Стралялі ў хаце, у хляве, на гародзе. Выцягвалі на вуліцу і грузілі ў самазвалы. Яно, вядома, непрыемна. Яны не маглі ўцяміць: чаму мы іх забіваем? Забіваць было лёгка… Свойскія жывёліны… У іх няма боязі зброі, боязі чалавека… Бягуць на чалавечы голас…

— Паўзла чарапаха… Божа! Міма пустой хаты. Акварыумы ў кватэрах стаялі… З рыбкамі…

— Чарапах не забівалі. Пярэднім колам "уазіка" наязджаеш на чарапаху, панцыр вытрымлівае. Не лопаецца. Па п'янцы, вядома, пярэднім колам. У дварах клеткі насцеж. Трусы бегаюць… Нутрыі былі зачынены, іх мы выпускалі, калі побач якая-небудзь вада: возера, рэчка, — яны сплывалі. Усё пакінута спехам… Часова… Бо як было? Загад: "На тры дні". Малых дзяцей падманвалі: "Едзем у цырк". Яны плакалі. А людзі думалі вяртацца… Скажу я вам, ваенная сітуацыя. Каты зазіралі ў вочы, сабакі вылі, прарываліся ў аўтобусы. Дварнякі, аўчаркі… Салдаты іх выкідвалі. Выспяткаў давалі. Яны доўга беглі за машынамі… Эвакуацыя… Не дай Бог! — Значыць, гэтак было… Вунь у японцаў была Хірасіма, дык яны цяпер паперадзе ўсіх. На першым месцы ў свеце. Значыць… — Ёсць магчымасць пастраляць, ды яшчэ ў жывое, тое, што бегае. Інстынкт. Азарт. Выпілі — і паехалі. На рабоце мне залічваўся працоўны дзень. Налічвалі зарплату. Маглі, вядома, за такую працу прыбавіць. Прэмія — трыццаць рублёў… На тыя грошы… На тыя, што пры камуністах… — Значыць, так… Спачатку хаты стаялі апячатаныя, з пломбамі. Пломбы мы не зрывалі. Сядзіць за вакном кот — як ты яго дастанеш? Не чапалі. Пакуль марадзёры не палезлі — дзверы павыбівалі, вокны разбілі, фортачкі. Разрабавалі. Перш-наперш пазнікалі магнітафоны, тэлевізары… Футравыя рэчы… А пасля падчысцілі ўсё… Валяюцца на падлозе адны алюмініевыя лыжкі… I ацалелыя сабакі перасяліліся ў хату… Заходзіш — ён на цябе кідаецца… Яны перасталі ўжо людзям верыць… Я зайшоў — сучка сярод пакоя ляжыць і шчанюкі вакол. Шкада? Яно, вядома, непрыемна… Я параўноўваў… Калі папраўдзе, як у вайну, мы дзейнічалі, як карнікі. Па той жа схеме… Ваенная аперацыя… Мы таксама прыязджаем, бярэм у кольца вёску, і сабакі, як пачуюць першы стрэл, ужо ўцякаюць. У лес уцякаюць. Каты хітрэйшыя, і ім лягчэй схавацца. Кацяня ў гліняны збанок залезла… Я яго вытрасаў… З-пад печы выцягвалі… Непрыемнае адчуванне… Ты ў хату, а кот міма ботаў куляй, бегаеш за ім са стрэльбай. Худыя яны, брудныя. Поўсць касмылямі. Па першым часе было шмат яек, куры пааставаліся. Сабакі і каты елі яйкі, скончыліся яйкі, з'елі курэй. I лісы курэй елі, лісы ўжо жылі ў вёсцы разам з сабакамі. Значыцца, курэй не стала, сабакі паелі катоў. Бывалі выпадкі, што мы свіней у хлявах знаходзілі… Выпускалі… У паграбах закатак усялякіх: агуркі, памідоры… Мы паадкаркоўваем і ў карыта ім кідаем. Свіней не забівалі…