Выбрать главу

— Старая, было… Адна ў вёсцы… Зачынілася ў хаце: пяць катоў у яе і тры сабакі… Не давала… Кляла. Мы сілком забралі. Аднаго ката і аднаго сабаку пакінулі. Кляла. Абзывала: "Бандыты! Турэмшчыкі!"

— Пустыя вёскі… Адны печы стаяць. Хатыні! Сярод Хатыні сядзяць дзве бабулі. Ім не страшна. А іншы б звар'яцеў!

— Ха-ха… "Пад гарою арэ трактар, на гары стаіць рэактар. Калі б шведы не сказалі, і дагэтуль мы б не зналі". Ха-ха…

— Значыць, гэтак было… Пахі розныя… Я ўсё не мог даўмецца, адкуль такі пах у вёсцы? Шэсць кіламетраў ад рэактара… Вёска Масалы… Як у рэнтген-кабінеце. Пахла ёдам… Нейкай кіслатой… Страляць даводзілася ва ўпор… Сучка ляжыць сярод пакоя і шчанюкі вакол… Кінулася на мяне — кулю ва ўпор… Шчанюкі ліжуць рукі, лашчацца. Дурэюць. Страляць даводзілася ва ўпор… Аднаго сабачку… Пудзялёк чорненькі… Мне яго дасюль шкада. Нагрузілі іх поўны самазвал, з коптарам. Вязём да "магільніка"… Праўду кажучы, звычайная глыбокая яма, хоць належыць капаць так, каб не даставаць грунтовыя воды і засцілаць дно цэлафанам. Знайсці высокае месца… Але гэта, самі разумееце, паўсюль парушалася, цэлафану не было, месца доўга не шукалі. Яны, калі недабітыя, а толькі параненыя, пішчаць… Плачуць… Высыпалі іх з самазвала ў яму, а гэты пудзялёк караскаецца. Вылазіць. Ні ў кога патрона не засталося. Няма чым дабіць… Ніводнага патрона… Яго назад у яму спіхнулі і так зямлёй завалілі. Дасюль шкада.

А катоў было куды меней, чым сабак. Можа, яны за людзьмі сышлі? Ці пахаваліся? Пудзялёк хатні… Запешчаны…

— Забіваць лепш здалёк, каб не спаткацца вачыма.

— Ты вучыся трапна страляць, каб не дабіваць.

— Гэта мы, людзі, нешта разумеем, а яны проста жывуць. "Тло хадзячае"…

— Няпраўда, што ў жывёлін няма свядомасці, і яны не думаюць. Казуля параненая… Ляжыць… Яна хоча, каб яе пашкадавалі, а ты дабіваеш. У апошнюю хвіліну ў яе зусім усвядомлены, амаль чалавечы позірк. Яна цябе ненавідзіць. Або маленне: я таксама хачу жыць! Хачу жыць!

— Вучыся! Скажу я вам, дабіваць больш непрыемна, чым забіваць. Паляванне — гэта спорт, від спорту. Чамусьці ніхто не лае рыбакоў, а паляўнічых усе лаюць. Несправядліва!

— Паляванне і вайна — галоўныя заняткі для мужчыны. Для сапраўднага мужчыны…

— Я не мог прызнацца сыну… Дзіця. Дзе я быў? Што рабіў? Ён дагэтуль думае, што тата там кагосьці абараняў. Стаяў на баявым пасту! Па тэлевізары паказвалі: вайсковая тэхніка, салдаты. Шмат салдат. Сын пытаецца: "Тата, ты быў, як салдат?"

— З намі паехаў аператар з тэлебачання… Памятаеце? З камерай. Плакаў. Мужчына… А плакаў… Усё хацеў пабачыць трохгаловага дзіка…

— Ха-ха… Ліса бачыць: коціцца па лесе Калабок. "Калабок, куды ты коцішся?" — "Я не Калабок, я вожык чарнобыльскі". Ха-ха… Як той казаў, мірны атам — у кожны дом!

— Чалавек, скажу я вам, памірае, як жывёліна. Я бачыў… Шмат разоў… У Афганістане… Мяне параніла ў жывот, ляжу на сонцы. Спёка невыносная. Піць!! "Ну, — думаю, — здохну, як жывёліна". Скажу я вам, і кроў аднолькава цячэ… Як і ў іх… I баліць…

— Міліцыянер, што з намі быў, гэта самае… Звар'яцеў. Сіямскіх катоў шкадаваў, дарагія, маўляў, яны на рынку. Прыгожыя. Хлопец, гэта самае…

— Ідзе карова з цяляткам. Не стралялі. I коней не стралялі. Яны баяліся ваўкоў, чалавека не баяліся. Але конь лепей можа сябе абараніць. Першымі пагінулі ад ваўкоў каровы. Па законе джунгляў.

— З Беларусі жывёлу везлі і прадавалі ў Расію. А цялушкі лейкозныя. Але затое збывалі іх танна.

— Больш за ўсё шкада старых… Яны падыходзяць да нашых машын: "Паглядзі ты там, хлопчык, на маю хату". Ключ у рукі тыцкаюць: "Забяры касцюм. Шапку". Грошы даюць… "Як там мой сабака?" Сабаку прыстрэлілі, дом разрабавалі. А яны ніколі туды не вернуцца. Як гэта сказаць? Я ключы не браў. Не хацеў падманваць. Іншыя бралі: "Дзе самагонку схаваў? У якім месцы?" Дзед і скажа… Знаходзілі паўнюткія бідоны, вялікія бідоны з-пад малака.

— Папрасілі на вяселле забіць дзіка. Заказ! Печань у руках распаўзаецца… Усё роўна заказваюць… На вяселле… На радзіны…

— Страляем і для навукі. Адзін раз у квартал: два зайцы, дзве лісы, дзве казулі. Усе заражаныя. Але ўсё роўна і сабе б'ём, ядзім. Спачатку баяліся, а цяпер прывыклі. Нешта ж есці трэба, на Месяц усе не пераселімся. На іншую планету.

— Хтосьці шапку з лісы на рынку купіў — аблысеў. Армянін купіў за бясцэнак аўтамат з "магільніка" — памёр. Палохалі адзін аднаго.

— А ў мяне там ані ў душы, ані ў галаве нічога не адбывалася… Муркі і Шарыкі… Страляў… Работа…

— Я размаўляў з вадзіцелем, які вывозіў хаты адтуль. Вывозяць. Хоць гэта ўжо не школа, не дом і не дзіцячы садок, а нумарныя аб'екты дэзактывацыі. Вывозяць! Мы сустрэліся з ім ці то ў лазні, ці то ля піўнога ларка… Не памятаю дакладна. Дык вось ён распавядаў: пад'язджаюць на КамАЗе, за тры гадзіны дом разбіраюць і іх пад горадам перахопліваюць. Ірвуць з рук. Зону раскупілі на дачы. Яны грошы атрымаюць і яшчэ іх накормяць і напояць.