А вы не ведаеце, на каго падае тут грэх? Грэх дзетараджэння… Раней я нават такіх слоў не чула…
Каця П.
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
"Гэта — мая таямніца. Пра гэта ніхто больш не ведае. Я гаварыў пра гэта толькі са сваім сябрам…
Я — кінааператар. Ехаў туды, памятаючы, што нас вучылі: сапраўдным пісьменнікам становяцца на вайне і ўсё такое падобнае. Любімы пісьменнік — Хемінгуэй, любімая кніга — "Бывай, зброя!" Прыехаў. Людзі корпаюцца на гародах, на палях — трактары, сеялкі. Што здымаць — незразумела. Нідзе нічога не выбухае…
Першыя здымкі. У сельскім клубе. На сцэне паставілі тэлевізар, сабралі народ. Слухалі Гарбачова: усё добра, усё пад кантролем. У гэтай вёсцы, дзе мы здымалі, ішла дэзактывацыя. Мылі дахі. А як памыць дах, калі ён у бабулі цячэ? Зямлю трэба зразаць на штык рыдлёўкі, зразаць увесь урадлівы пласт. Далей жа ў нас жоўты пясочак. Вось бабуля, выконваючы ўказанні сельсавета, рыдлёўкай зямлю адкідвае, а гной з яе зграбае. Шкада, я не зняў гэтага… Куды ні пойдзеш: "А, кіношнікі. Зараз знойдзем вам герояў". Героі — стары з унукам, два дні гналі з-пад самага Чарнобыля калгасных кароў. Пасля здымкі заатэхнік завёў мяне да гіганцкай траншэі, там бульдозерам гэтых кароў закопвалі. Але ў галаву не прыйшло гэта зняць. Я стаў спіною да траншэі і зняў эпізод у лепшых традыцыях айчыннай кінадакументалістыкі: бульдазерысты чытаюць газету "Правда", загаловак — аршыннымі літарамі: "Краіна ў бядзе не пакіне". Ды яшчэ пашанцавала: гляджу — бусел на поле садзіцца. Сімвал! Якая б бяда ні прыйшла — мы пераможам! Жыццё працягваецца…
Дарогі сельскія. Пыл. Я ўжо разумеў, што гэта не проста пыл, а радыеактыўны пыл. Кінакамеру хаваў, каб не пылілася, усё ж оптыка. Быў сухі-сухі май. Колькі самі наглыталіся, не ведаю. Праз тыдзень — запаленне лімфавузлоў. Але плёнку эканомілі, як патроны, бо павінен быў прыехаць сюды першы сакратар Цэка Слюнькоў. У якім менавіта месцы ён паявіцца, ніхто загадзя не гаварыў, але мы самі здагадаліся. Учора, напрыклад, ехалі па дарозе, пыл слупам, а сёння кладуць асфальт, ды які — у два-тры пласты! Ну, ясна: вось дзе высокае начальства чакаюць! Пасля я гэта начальства здымаў, хадзілі яны роўненька-роўненька па свежым асфальце. Ні сантыметра ўбок! У мяне гэта таксама было ў кадры, але ў сюжэт не ўставіў… Ніхто нічога не разумеў, гэта было самае страшнае. Дазіметрысты называюць адны лічбы, а ў газетах друкуюцца іншыя. Ага, тут пачынае паволі штосьці даходзіць. У мяне засталося дома малое дзіця, каханая жонка… Якім жа я павінен быць дурнем, каб апынуцца тут! Ну, узнагародзяць медалём… А жонка кіне… Паратунак — у гумары. Расказвалі анекдоты. У пакінутай вёсцы пасяліўся бомж, і чатыры бабулі там засталіся. Пытаюцца: "I як жа ваш мужык?" — "Гэты сабака яшчэ і ў суседнюю вёску бегае". Калі паспрабаваць быць шчырым дарэшты… Чарнобыль… Але сцелецца дарога… Бяжыць ручай, проста бяжыць ручай. А гэта здарылася… Я нешта такое адчуваў, калі памёр блізкі мне чалавек. Сонца… Птушкі лётаюць… Ластаўкі… Пайшоў дождж… А ён памёр… Разумееце? Я хачу спаймаць словам другое вымярэнне, перадаць, як гэта ўва мне было тады…
Убачыў і пачаў здымаць яблыню ў квецені… Гудуць чмялі, белы, вясельны колер… Зноў жа — людзі працуюць, сады цвітуць… Трымаю ў руках камеру, але не магу зразумець… Нешта не так! Экспазіцыя нармальная, карцінка прыгожая, а штосьці не тое. I раптам разанула: не чую паху. Сад цвіце, а няма паху! Гэта толькі пасля я даведаўся, што існуе такая рэакцыя арганізма пры высокай радыяцыі, блакіруюцца пэўныя органы. Маме маёй семдзесят чатыры гады, і яна, прыгадваю я, скардзіцца, што не чуе пахаў. Ну, думаю, цяпер гэта са мною здарылася. Пытаюся ў сваіх у групе, а нас было трое:
"Як пахне яблыня?" — "Ды ніяк не пахне". Штосьці з намі рабілася… Бэз не пахнуў… Бэз!.. I ў мяне ўзнікла адчуванне, што ўсё, што навокал, няпраўда. Што я — сярод дэкарацый… I што я гэта зразумець не магу, не здольны. Я нават нідзе пра гэта не чытаў…
З дзяцінства… Суседка, былая партызанка, распавядала, як у часе вайны іхні атрад выбіраўся з акружэння. У яе на руках малое дзіця, месячнае, ішлі па балоце, вакол карнікі… Дзіця плакала… Яно магло іх выдаць, іх знайшлі б, увесь атрад. I яна яго задушыла. Гаварыла пра гэта адасоблена, як быццам гэта не яна, а нейкая іншая жанчына зрабіла, і дзіця было чужое. Чаму яна пра тое ўспомніла, я ўжо забыўся. Памятаю дагэтуль іншае, свой жах: што ж гэта яна такое ўчыніла? Як змагла? Мне здавалася, што ўвесь партызанскі атрад выходзіў з акружэння дзеля гэтага дзіцяці, каб яго ўратаваць. А тут, каб засталіся жыць здаровыя дужыя мужчыны, задушылі дзіця. У чым жа сэнс жыцця тады? Мне не хацелася пасля таго жыць. Мне, хлапчуку, ніякавата было глядзець на гэтую жанчыну, бо я ўведаў пра яе такое… А як жа ёй бачыць мяне? (Нейкі час маўчыць.) Вось чаму я не хачу ўспамінаць… Пра тыя дні ў зоне… Прыдумваю для сябе розныя вытлумачэнні… Мне не хочацца адчыняць тыя дзверы… Я там хацеў зразумець, дзе я сапраўдны і дзе несапраўдны. У мяне ўжо былі дзеці. Сын. Калі ў мяне нарадзіўся сын, я перастаў баяцца смерці.