Выбрать главу

Ну, а далей… Далей трэба зноў некаму ў зону ехаць. Адзін аператар прынёс даведку, што ў яго язва страўніка, другі — у водпуск махнуў… Выклікаюць мяне: "Трэба!" — "Дык жа я толькі вярнуўся". — "Разумееш, ты ўжо там быў. Табе ўсё роўна. I потым: у цябе ўжо ёсць дзеці. А яны — маладыя". Ёлкі-палкі, я, можа, таксама хачу, каб у мяне было пяцёра-шасцёра дзяцей!! Ну, пачынаюць ціснуць, маўляў, неўзабаве тарыфікацыя, у цябе козыр паявіцца. Зарплату павысяць… Сумная і смешная гісторыя. Загнаў на край свядомасці…

Неяк здымаў людзей, якія былі ў канцлагеры. Яны пазбягаюць сустракацца. Я з імі згодзен. Нешта ёсць ненатуральнае ў тым, каб збірацца і ўспамінаць вайну. Людзі, якія перажылі разам прыніжэнне, ці спазналі, якім бывае чалавек, там, на глыбіні падсвядомасці, пазбягаюць адзін аднаго. Сёе-тое там, у Чарнобылі, уведаў, адчуў, пра што не хочацца гаварыць. Пра тое, напрыклад, што ўсе нашы гуманістычныя ўяўленні адносныя… У экстрэмальнай сітуацыі чалавек па сутнасці зусім не той чалавек, пра якога пішуць кнігі. Такога чалавека, як ён у кнігах, я не знайшоў. Не сустрэў. Усё наадварот. Чалавек — не герой. Усе мы — прадаўцы апакаліпсісу. Вялікія і маленькія. Мільгаюць у памяці абрыўкі… Карцінкі… Старшыня калгаса хоча на дзвюх машынах вывезці сваю сям'ю з рэчамі, мэбляю, а парторг просіць адну машыну сабе. Патрабуе справядлівасці. А ўжо некалькі дзён, я сведка, не могуць вывезці дзяцей, ясельную групу. Не хапае транспарту. А тут дзвюх машын мала, каб упакаваць усё ажно да трохлітровых слоікаў з варэннем і квашаннем. Я бачыў, як іх назаўтра грузілі. Таксама не зняў. (Нечакана засмяяўся.) Купілі там у магазіне кілбасу, кансервы, а есці боязна. Вазілі гэтыя авоські з сабой. Таксама было шкада выкінуць. (І ўжо сур'ёзна.) Механізм зла будзе працаваць і пры апакаліпсісе. Я гэта зразумеў. Гэтак жа будуць пляткарыць, запабягаць перад начальствам, ратаваць свой тэлевізар і каракулевую шубу. I перад канцом свету чалавек застанецца той жа, які ён цяпер. Заўсёды.

Мне неяк няёмка, што я не прабіў сваёй кінагрупе ніякіх ільгот. Аднаму нашаму хлопцу трэба была кватэра, іду ў прафюм: "Дапамажыце, мы паўгода прасядзелі ў зоне. Належаць ільготы". — "Добра, — сказалі, — нясіце даведачкі. Даведачкі патрэбны з пячаткамі". А мы там прыязджалі ў райком, а па калідорах ходзіць адна цётка Насця са швабрай. Усе паразбягаліся. Ёсць у нас рэжысёр, у яго стосік даведак: дзе быў, што здымаў. Герой!

У мяне ў памяці вялікі, доўгі фільм, які я не зняў. Шмат серыяў… (Маўчыць.) Усе мы — прадаўцы апакаліпсісу… Заходзім з салдатамі ў хату. Жыве адна бабуля.

— Ну, бабуля, паедзем.

— Паедзем, дзеткі.

— Тады збірайся, бабуля.

Чакаем на вуліцы. Курым. I вось гэтая бабуля выходзіць: у яе на руках — ікона, кот і ванзэлачак. Гэта ўсё, што яна бярэ з сабой.

— Бабуля, ката нельга. Не належыць. У яго поўсць радыеактыўная.

— Не, дзеткі, без катка не паеду. Як жа я яго пакіну? Аднаго кіну тут. Гэта — мая сям'я.

Вось з гэтай бабулі… I з той яблыні ў квецені… З іх ўсё пачалося… Я здымаю цяпер толькі звяроў… Я вам казаў: сэнс майго жыцця адкрыты…

Аднойчы паказаў свае чарнобыльскія сюжэты дзецям. Мяне папракнулі: навошта? Нельга. Не трэба. I так яны жывуць у гэтым страху, сярод гэтых размоў, у іх змены ў крыві, парушана імунная сістэма. Спадзяваўся, што прыйдзе пяць-дзесяць чалавек. Набілася паўнюткая зала. Пытанні задавалі самыя розныя, але адно проста ўрэзалася мне ў памяць. Хлопчык, запінаючыся і чырванеючы, відаць, з ціхіх, негаварлівых, спытаў: "А чаму было нельга памагчы жвёле, якая там засталася?" Я не змог яму адказаць… Мастацтва наша толькі пра пакуты і любоў чалавека, а не ўсяго жывога. Толькі чалавека! Мы не спускаемся да іх: жывёлін, раслін… У гэты іхні свет… А Чарнобылем чалавек на ўсё замахнуўся…

Хачу зняць фільм… "Заложнікі"… Пра жывёлін. Памятаеце, песню "Плыў па акіяне рыжы востраў". Патанае карабель, людзі селі ў шлюпкі. А коні не ведалі, што ў шлюпках няма месца для коней… Сучасная прыпавесць. Дзеянне адбываецца на далёкай планеце. Касманаўт у скафандры. Чуе праз навушнікі шум. Бачыць, што на яго насоўваецца штосьці аграмаднае. Неабдымнае. Дыназаўр?! Яшчэ не разумеючы, хто гэта, ён страляе. Праз імгненне — зноў нешта да яго набліжаецца. Ён і яго знішчае. Яшчэ праз імгненне — статак. I ён наладжвае бойню. А, аказваецца, пачаўся пажар, і жывёліны ратаваліся, беглі па сцяжыне, на якой стаяў касманаўт. Чалавек! Са мною там адбылося незвычайнае. Я наблізіўся да жывёлін… Дрэў… Птушак… Яны цяпер мне бліжэйшыя, чым раней… Адлегласць між намі звузілася… Я езджу ў зону… Усе гэтыя гады… З пакінутага, разрабаванага чалавечага дому выскоквае дзік… Выходзіць ласіха… Вось гэтая зняў. Я хачу зрабіць кіно… I ўбачыць усё вачыма звера… "Пра што ты здымаеш? — кажуць мне. — Паглядзі вакол… У Чачні — вайна!.." А святы Францыск прапаведваў птушкам. З птушкамі размаўляў, як з роўняю. А што калі гэта птушкі размаўлялі з ім на птушынай мове, а не ён зрабіў ласку ім? Яму была вядома іх таемная мова. У Дастаеўскага, памятаеце, як чалавек сцябаў каня па пакорлівых вачах. Неразумны чалавек! Не па крыжы, а па пакорлівых вачах…"