Выбрать главу

Раней мы не заўважалі гэтага свету вакол сябе, ён быў, як неба, як паветра, як быццам хтосьці яго даў нам навечна, і ён ад нас не залежыць. Будзе заўсёды. Раней я любіла легчы ў лесе на траву і любавацца небам, мне было гэтак хораша, што я забывалася, як мяне завуць. А цяпер? Лес прыгожы, процьма чарніц, але іх ніхто не збірае. У асеннім лесе рэдка пачуеш чалавечы голас. Страх у адчуваннях, на падсвядомым узроўні… У нас засталіся тэлевізар і кнігі… Уяўленне… Дзеці растуць у хатах… Без лесу і ракі… Могуць толькі на іх глядзець. Гэта зусім іншыя дзеці. А я прыходжу да іх: "Унылая пора. Очей очарованье…" Усё з тым жа Пушкіным, які здаваўся мне вечным. Часам паяўляецца кашчунная думка: а раптам уся наша культура — куфэрак са старымі рукапісамі? Усё тое, што я люблю…

Ён:

— Ведаеце, у нас было ваеннае выхаванне… Нас арыентавалі на адбіццё і ліквідацыю атамнага нападу. Мы павінны былі супрацьстаяць хімічным, біялагічным і атамным войнам. А не выводзіць з арганізма радыенукліды… З вайной параўноўваць нельга, не дакладна, а ўсе параўноўваюць. Я дзіцем перажыў ленінградскую блакаду. Параўноўваць гэта нельга. Там мы жылі, як на фронце, пад бясконцымі абстрэламі. I голад, некалькі гадоў голад, калі чалавек апускаўся да дзвярыных інстынктаў. А тут, калі ласка, выйшаў — і ў гародзе ўсё расце! Гэта непараўнана. Але я іншае хацеў сказаць… Згубіў нітку… Выслізнула… А-а… Калі пачынаецца абстрэл, не дай Бог! Ты можаш памерці не калі-небудзь, а зараз, у гэтую во хвіліну. Зімой — голад. Палілі мэблю, мы ўсё драўлянае ў сваёй кватэры спалілі, усе кнігі, па-мойму, нават нейкімі старымі анучамі палілі. Чалавек ідзе па вуліцы і сеў, на наступны дзень ідзеш, ён сядзіць, гэта значыць, ён замёрз, ён сядзіць гэтак тыдзень ці да вясны сядзіць. Да цяпла. Ні ў кога няма сіл яго з лёду высечы, у рэдкіх выпадках, калі хто-небудзь на вуліцы падаў, да яго падыходзілі, памагалі. Міма. Усе паўзуць міма. Я памятаю, што людзі не хадзілі, а поўзалі, гэтак марудна яны хадзілі. Гэта ні з чым не параўнаць!