Выбрать главу

… З намі, як выбухнуў рэактар, яшчэ жыла мама, мая мама, яна паўтарала: "Самае страшнае, сынок, мы з табой перажылі. Мы перажылі блакаду. Нічога страшнейшага не можа быць".

Мы рыхтаваліся да вайны, атамнай вайны, будавалі ядзерныя сховішчы. Ад атама хацелі схавацца, як ад асколкаў снарада. А ён усюды… У хлебе, у солі… Дыхаем радыяцыяй, ядзім радыяцыю… тое, што можа не быць хлеба і солі, і можна есці ўсё, ажно да таго, што зварыць у вадзе скураны рамень, дзеля паху, наесціся пахам — я мог зразумець. А гэтага не… Усё атручана? Зараз важна ўясніць, як жа нам жыць? У першыя месяцы быў страх, асабліва ўрачы, настаўнікі, карацей, інтэлігенцыя, больш дасведчаныя людзі, яны кідалі ўсё і з'язджалі. Імчаліся адсюль. Але ваенная дысцыпліна… Партбілет на стол… Нікога не выпускалі… Хто вінаваты? Каб адказаць на пытанне, як нам жыць, трэба ведаць: хто вінаваты? Хто ж? Вучоныя ці персанал станцыі? Дырэктар? Дзяжурныя аператары? Але чаму, адкажыце мне, мы не змагаемся з аўтамабілем, як тварэннем розуму чалавечага, а з рэактарам змагаемся? Патрабуем закрыць усе атамныя станцьг, а атамшчыкаў аддаць пад суд?! Праклінаем! Веды, самі веды не бываюць злачыннымі. Вучоныя сёння таксама ахвяры Чарнобыля. Я хачу жыць пасля Чарнобыля, а не паміраць пасля Чарнобыля. Хачу зразумець…

Рэакцыі сёння ў людзей розныя, усё-такі дзесяць гадоў прамінула, а яны мераюць вайною. Вайна чатыры гады доўжылася… Ужо, лічыце, — дзве вайны… Я пералічу вам, якія ёсць рэакцыі: "Усё ўжо ў мінулым", "Як-небудзь абыдзецца", "Дзесяць гадоў мінула. Ужо не страшна!","Мы ўсе памром! Усе хутка памром!", "Хачу з'ехаць за мяжу", "Нам павінны памагчы", "А, пляваць! Трэба жыць"… Здаецца, усё перабраў? Вось гэта мы чуем кожны дзень… З майго пункту гледжання, мы — матэрыял для навуковых даследаванняў… Міжнародная лабараторыя… Нас. беларусаў, дзесяць мільёнаў, больш за два мільёны жыве на заражанай зямлі. Гіганцкая д'ябальская лабараторыя… Запісвай дадзеныя, эксперыментуй. Едуць да нас адусюль… Абараняюць дысертацыі… З Масквы і Пецярбурга… З Японіі, Германіі, Аўстрыі… Яны рыхтуюцца да будучыні… (Доўгі перапынак у гаворцы.)

Што я падумаў? Я зноў параўнаў… Я падумаў, што пра Чарнобыль магу гаварыць, а пра блакаду не магу. Прыслалі запрашэнне з Ленінграда, запрашэнне на сустрэчу "Дзеці блакаднага Ленінграда", я паехаў, але не змог там слова з сябе выціснуць. Проста распавесці пра страх? Мала… Проста пра страх… Дома пра блакаду мы ніколі не ўспаміналі, мама не хацела, каб мы ўспаміналі блакаду. А пра Чарнобыль мы гаворым… Не… (Запыняецца.) Між сабою мы не гаворым, гэта гаворка ўзнікае, калі хто-небудзь да нас прыязджае: замежнікі, журналісты, сваякі, якія тут не жывуць. Чаму мы не гаворым пра Чарнобыль? У школе? З вучнямі? Пра гэта з імі гавораць у Аўстрыі, Францыі, Германіі, куды яны ездзяць на лячэнне. Пытаюся ў дзяцей, пра што там з імі гавораць, чым цікавяцца? А яны часта не памятаюць ні горада, ні вёскі, ні прозвішчаў людзей, у якіх былі, пералічваюць падарункі, што смачнае елі. Камусьці падарылі магнітафон, а камусьці — не;

Прыязджаюць у апратках, якія самі не зарабілі і не зарабілі іх бацькі. Вось як быццам яны недзе на выстаўцы пабывалі. У вялікім магазіне… Увесь час чакаюць, што іх яшчэ раз туды павязуць. Пакажуць, абдораць. Яны да гэтага прывыкаюць. Прывыклі. Гэта ўжо спосаб іх жыцця, уяўленне аб ім. Пасля гэтага вялікага магазіна, які называецца замежжам, пасля гэтай дарагой выстаўкі трэба ісці да іх у клас. На ўрок. Я іду і бачу, што гэта ўжо назіральнікі… Назіраюць, а не жывуць. Я вяду іх у сваю майстэрню, там стаяць мае драўляныя скульптуры. Яны ім падабаюцца. Кажу: "Гэта ўсё можна стварыць са звычайнага кавалка дрэва. Паспрабуй сам!" Прабудзіся! Мне гэта памагло выйсці з блакады, я гадамі выходзіў…

Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе

"Мурашы паўзуць па ствале… Вакол грукоча ваенная тэхніка. Салдаты. Крыкі, лаянка. Мат. Трашчаць верталёты. А яны паўзуць… Я вяртаўся з зоны і ад усяго ўбачанага за дзень яснай у памяці заставалася толькі адна карціна… Мы спыніліся ў лесе, я стаў пакурыць ля бярозы. Стаў блізка, абапёрся. Проста перад маім тварам мурашы поўзалі па ствале, не чуючы нас, не звяртаючы аніякай увагі… Мы знікнем, а яны і не заўважаць. А я? Я ніколі раней іх гэтак блізка не заўважаў…