Выбрать главу

Спачатку ўсе гаварылі "катастрофа", потым "ядзерная вайна". Я чытаў пра Хірасіму і Нагасакі, бачыў дакументальныя кадры. Страшна, але зразумела: атамная вайна, радыус выбуху… Гэта я нават мог сабе ўявіць. Але тое, што здарылася з намі, не месцілася ў свядомасці. Мы адыходзім… Ты адчуваеш, як штосьці зусім невядомае разбурае ўвесь ранейшы свет, упаўзае, улазіць у цябе. Памятаю размову з адным вучоным: "Гэта на тысячы гадоў, — тлумачыў ён. — Распад урану — гэта дзвесце трыццаць восем паўраспадаў. Перавядзем на час: адзін мільярд гадоў. А ў торыю — гэта чатырнаццаць мільярдаў гадоў". Пяцьдзесят… Сто… Дзвесце гадоў… Але далей? Далей мая свядомасць не сягала. Я ўжо не разумеў, што такое — час? Дзе я?

Пісаць пра гэта цяпер, усяго дзесяць гадоў мінула… Пісаць? Думаю, няма сэнсу! Не ўцяміць, не спасцігнуць. Усё роўна будзем прыдумваць што-небудзь падобнае на наша жыццё… Я спрабаваў… Нічога не атрымалася… Пасля Чарнобыля засталася міфалогія пра Чарнобыль… Газеты і часопісы спаборнічаюць, хто напіша страшней, асабліва любіць страхі чалавек, які там не быў. Усе чыталі аб грыбах з чалавечую галаву, але ніхто іх не знаходзіў. Таму трэба не пісаць, а запісваць. Дакументаваць. Дайце мне фантастычны раман пра Чарнобыль… Няма яго! Рэальнасць куды больш фантастычная!

У мяне асобны блакнот… Запісваю размовы, чуткі, анекдоты. Гэта самае цікавае, і яно па-за часам. Што засталося ад Старажытнай Грэцыі? Міфы Старажытнай Грэцыі…

Вось мой блакнот…

З гаворак

"Па радыё ўжо трэці месяц: абстаноўка стабілізуецца… Абстаноўка стабілізуецца… Абстаноўка стаб…"

"Прыехалі інструктары з Цэка. Іх маршрут: на машыне з гасцініцы — у абком партыі, назад — таксама на машыне. Абстаноўку вывучаюць па падшыўках мясцовых газет. Поўныя сакваяжы мінскіх бутэрбродаў. Чай заварваюць на мінеральнай вадзе. Таксама прывезенай. Расказвала пра гэта дзяжурная гасцініцы, дзе яны жылі. Людзі не вераць газетам, тэлебачанню і радыё, шукаюць інфармацыю ў паводзінах начальства. Яна найбольш верагодная".

"Самая папулярная казка зоны: лепш за ўсё памагае ад стронцыю і цэзію — "Столичная".

"Што рабіць з дзіцем? Хочацца схапіць у ахапак і бегчы. Але ў мяне партбілет у кішэні. Не магу!"

"У вясковых крамах нечакана з'явіліся дэфіцытныя тавары. Чуў, як выступаў сакратар абкома: "Мы створым вам райскае жыццё, толькі заставайцеся і працуйце. Завалім кілбасой і грэчкай. У вас будзе ўсё тое, што ёсць у лепшых спецмагазінах". Гэта значыць у іхніх абкомаўскіх буфетах. Адносіны да народа такія: яму досыць гарэлкі і кілбасы.

Але каб іх чорт узяў! Ніколі не бачыў, каб у сельскай краме былі тры гатункі каўбасы. Сам купіў там жонцы імпартныя калготкі…"

"Дазіметры пабылі ў продажы месяц і зніклі. Пра гэта пісаць нельга. Колькі і якіх радыенуклідаў выпала — таксама нельга. Нельга і пра тое, што ў вёсках засталіся адны мужчыны. Жанчын і дзяцей вывезлі. Цэлае лета мужчыны самі мылі, даілі кароў, капалі гароды. Вядома, пілі. Біліся. Свет без жанчын… Гэтаў мяне выкраслілі. "Не забывайце, у нас ворагі. У нас шмат ворагаў за акіянам", — прыгразіў рэдактар. I таму ў нас ёсць толькі добрае, а кепскага няма. Але недзе спецыяльныя саставы падаюцца. Хтосьці бачыў начальства з чамаданамі…"

"Ля міліцэйскага паста мяне запыніла бабуля: "Паглядзі ты там на маю хату. Пара бульбу капаць, а салдаты не пускаюць". Іх перасялілі. Чалавек у вакууме, чалавек без нічога. Яны прабіраюцца ў свае вёскі праз вайсковыя заслоны… Ляснымі сцежкамі… Па балотах… Уначы… За імі ганяюцца, ловяць. На машынах і верталётах. "Як пры немцах", — параўноўваюць старыя людзі".

"Бачыў першага марадзёра. Малады хлопец, апрануты ў дзве мехавыя курткі. Даказваў вайсковаму патрулю, што лечыцца такім чынам ад радыкуліту. Калі раскалолі, прызнаўся: "Першы раз страшнавата, а пасля прывычная рэч. Выпіў чарку — і пайшоў". Пераступіўшы праз інстынкт самазахавання. У нармальным стане гэта немагчыма. Так наш чалавек ідзе на подзвіг. I гэтак жа — на злачынства".

"Ці можна нам дапамагчы? I як? Перасяліць народ у Аўстралію ці Канаду? Нібыта такія размовы дзесьці на самых вярхах цыркулююць час ад часу".

"Для цэркваў выбіралі мясціну літаральна з неба. Былі з'явішчы царкоўным людзям. Здзяйсняліся таінствы, якія папярэднічалі будаўніцтву. А атамную будавалі, як завод. Як свінарнік. Дах залілі асфальтам. I ён плавіўся…"

"Чытаў? Пад Чарнобылем спаймалі збеглага салдата. Выкапаў зямлянку і жыў год ля рэактара. Карміўся тым, што хадзіў па пакінутых хатах, дзе сала знойдзе, дзе слоік з марынаванымі агуркамі. Ставіў сілкі на звяроў. Уцёк, бо "дзяды" білі "на смерць". Ратаваўся — у Чарнобылі…"