"Мы — фаталісты. Мы нічога не робім, бо верым: усё будзе гэтак, як будзе. Наша гісторыя? На кожнае пакаленне выпадала вайна… Адкуль нам быць іншымі? Мы — фаталісты…"
"Паявіліся першыя ваўкасабакі, што нарадзіліся ў ваўчыц ад сабак, збеглых у лес. Яны буйнейшыя за ваўкоў, не звяртаюць увагі на сцяжкі, не баяцца святла і чалавека, не ідуць на "вабу" (пераймальны заваблівы покліч паляўнічага). I здзічэлыя каты ўжо збіваюцца ў зграі і нападаюць на людзей. Яны ўсе помсцяць нам. Памяць аб тым, як слухаліся чалавека, служылі яму, знікла. А ў нас сціраецца мяжа між рэальным і нерэальным…"
З чутак:
"За Чарнобылем будуюць лагеры, у якіх будуць трымаць тых, хто трапіў пад радыяцыю. Патрымаюць, паназіраюць і пахаваюць.
З бліжэйшых да станцыі вёсак мёртвых вывозяць аўтобусамі і проста на могілкі, тысячамі закопваюць у брацкія магілы. Як у ленінградскую блакаду…
Некалькі чалавек быццам бачылі напярэдадні выбуху незразумелае свячэнне ў небе над станцыяй. Хтосьці нават сфатаграфаваў яго. На плёнцы выявілася, што гэта лунае нейкае незямное цела…
У Мінску памылі цягнікі і таварныя вагоны. Будуць усю сталіцу вывозіць у Сібір. Там ужо рамантуюць баракі, што засталіся ад сталінскіх лагераў. Пачнуць з жанчын і дзяцей. А ўкраінцаў ужо вывозяць…
Рыбакі ўсё часцей сустракаюць рыб-амфібій, якія могуць жыць і ў вадзе, і на зямлі. Па зямлі яны ходзяць на плаўніках-лапах.
Гэта была не аварыя, а землятрус. У падземнай кары штосьці адбылося. Геалагічны выбух. Удзельнічалі геафізічныя і космафізічныя сілы. Вайскоўцам пра гэта было вядома загадзя, маглі папярэдзіць, але ў іх усё строга засакрэчана.
У рэках і азёрах пачалі лавіць шчупакоў без галавы і плаўнікоў… Плавае адно чэрава…
Нешта падобнае неўзабаве пачне адбывацца і з людзьмі. Беларусы ператворацца ў гуманоідаў.
У лясных звяроў — прамянёвая хвароба. Яны блукаюць сумныя, у іх журботныя вочы. Паляўнічым боязна і шкада ў іх страляць. I звяры перастаюць баяцца чалавека. Лісы і ваўкі заходзяць у вёскі і лашчацца да дзяцей.
Ад чарнобыльцаў нараджаюцца дзеці, але замест крыві ў іх цячэ невядомая жоўтая вадкасць. Ёсць вучоныя, якія даказваюць: малпа таму стала такой разумнай, што ў радыяцыі жыла. Дзеці, што народзяцца праз тры-чатыры пакаленні, усе будуць Эйнштэйнамі. Гэта касмічны зксперымент над намі…"
Анатоль Шыманскі, журналіст
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Напісалі ўжо дзесяткі кніг. Тоўстых тамоў. Адкаменціравалі. А падзея ўсё роўна вышэй за любы філасофскі каментарый. Неяк я пачуў ці прачытаў, што праблема Чарнобыля стаіць перад намі найперш як праблема самаспазнання. З гэтым пагадзіўся, гэта супала з маімі адчуваннямі. Я ўвесь час чакаю, што нехта разумны мне ўсё растлумачыць… Як растлумачваюць, адукоўваюць мяне наконт Сталіна, Леніна, бальшавізму. Ці бясконца дзяўбуць: "Рынак! Рынак! Свабодны рынак!" А мы… Людзі, выхаваныя ў свеце без Чарнобыля, жывём з Чарнобылем.
Уласна я — прафесійны ракетчык, спецыяліст па ракетным паліве. Служыў у Байкануры. Праграмы: "Космас", "Інтэркосмас" — гэта вялікі кавалак майго жыцця. Цудоўны час! Даеш неба! Даеш Арктыку! Даеш цаліну! Даеш космас! Разам з Гагарыным увесь савецкі свет паляцеў у космас, адарваўся ад зямлі… усе мы! Я дагэтуль улюбёны ў яго! Цудоўны рускі чалавек! З цудоўнай усмешкай! Нават смерць ягоная нейк зрэжысавана. Мары аб палёце, лунанні, волі… Гэта быў цудоўны час! Па сямейных абставінах я перавёўся ў Беларусь, тут даслужваў. Калі я прыехаў… Патануў у гэтай чарнобыльскай прасторы, яна адкарэктавала мае пачуцці. Немагчыма што-небудзь падобнае было б і ўявіць, хоць я заўсёды меў дачыненне да самай сучаснай тэхнікі, касмічнай тэхнікі… Цяжка пакуль што вымавіць… Не паддаецца ўяўленню… Нешта…(Задумваецца.) А секунду назад здавалася, што спаймаў сэнс… Секунду назад… Хіліць на філасофстваванне. З кім ні загавары пра Чарнобыль, усім хочацца філасофстваваць.
Але лепей я распавяду вам пра сваю работу. Чым мы толькі не займаемся! Будуем царкву… Чарнобыльскую царкву, у гонар Іконы Боскай Маці "Сысканне пагінуўшых". Збіраем ахвяраванні, наведваем хворых і паміраючых. Пішам летапіс. Ствараем музей. Адзін час думаў, што я не змагу, не з маім сэрцам, працаваць на такім месцы. Далі першае даручэнне: "Вось грошы і падзялі іх на трыццаць пяць сем'яў. На трыццаць пяць удоў, у якіх памёрлі мужы". Усе яны былі ліквідатары. Трэба справядліва. А як? У адной удавы — маленькая дзяўчынка, хворая, у другой удавы — двое дзяцей, трэцяя жанчына сама хворая, а тая наймае кватэру, а яшчэ ў адной — чацвёра дзяцей. Уначы я прачынаўся з думкаю: "Як мне нікога не абдзяліць?" Думаў і лічыў, лічыў і думаў. I не змог. Мы раздалі грошы ўсім пароўну, па спісе. Але маё дзецішча — музей. Музей Чарнобыля. (Маўчыць.) А часам мне здаецца, што тут будзе не музей, а пахавальнае бюро. Я служу ў пахавальнай камандзе! Сёння раніцою не паспеў зняць паліто, адчыняюцца дзверы, жанчына з парога рыдае, не рыдае, а крычыць: "Забярыце яго медаль і ўсе граматы! Забярыце ўсе ільготы! Аддайце мужа!" Доўга крычала. Пакінула яго медаль, пакінула граматы. Ну, будуць яны ляжаць у музеі, пад шклом… Будуць на іх глядзець… Але крыку, яе крыку ніхто, акрамя мяне, не чуў, толькі я, калі буду раскладваць гэтыя граматы, буду памятаць…