Зараз памірае палкоўнік Ярашук… Хімік-дазіметрыст. Здаравенны быў мужык, ляжыць спаралізаваны. Жонка варочае яго, як падушку… Корміць з лыжачкі… У яго камяні ў нырках, трэба раздрабіць камяні, а ў нас няма грошай, каб аплаціць аперацыю. Мы — жабракі, існуем на тое, што хто падасць… А дзяржава паводзіць сябе, як махляр, яна пакінула гэтых людзей. Памрэ — назавуць яго імем вуліцу, шюлу ці вайсковую частку, але гэта як ён памрэ… Палкоўнік Ярашук… Хадзіў пешкі па зоне і вызначаў межы максімальных кропак заражэння, гэта значыць чалавека ў поўным сэнсе выкарыстоўвалі, як біяробата. I ён гэта разумеў, але ён ішоў, пачынаючы ад самой атамнай станцыі і па разыходным радыусе, па сектарах. Пешкі.
З дазіметрычнымі прыборамі ў руках. Намацаў "пляму" і рухаецца ўздоўж мяжы гэтай плямы, каб дакладна нанесці на карту…
А салдаты, якія працавалі на самім даху рэактара? Усяго на ліквідацыю наступстваў аварыі было кінута дзвесце дзесяць вайсковых частак, каля трохсот сарака тысяч вайскоўцаў. Самае пекла дасталося тым, хто чысціў дах… Ім выдавалі свінцовыя фартухі, але фон ішоў знізу, а там чалавек быў непрыкрыты. Яны — у звычайных кірзавых ботах… У дзень па паўтары-дзве хвіліны на даху… А пасля іх звальнялі з арміі, давалі грамату і прэмію — сто рублёў. I яны знікалі на бязмежных прасторах нашай радзімы. На даху зграбалі паліва і рэактарны графіт, асколкі бетону і арматуры… Дваццаць-трыццаць секунд, каб нагрузіць насілкі, і столькі ж, каб скінуць "смецце" з даху. Адны гэтыя спецыяльныя насілкі важылі сорак кілаграмаў. Так што ўявіце сабе: свінцовы фартух, маскі, гэтыя насілкі і шалёную хуткасць… У музеі ў Кіеве ляжыць муляж графіту, памерам з фуражку, кажуць, калі б ён быў сапраўдным, важыў бы шаснаццаць кілаграмаў, такі ён шчыльны, цяжкі. Радыёкіруемыя маніпулятары часта адмаўляліся выконваць каманды ці рабілі зусім не тое, бо іх электронныя схемы ў высокіх палях разбураліся. Самымі надзейнымі "робатамі" былі салдаты. Іх ахрысцілі "зялёнымі робатамі" (па колеру вайсковай формы). Праз дах разбуранага рэактара прайшло тры тысячы шэсцьсот салдат. Спалі на зямлі, яны ўсе расказваюць, як па першым часе ў палатках слалі на зямлю салому. Бралі яе тут жа, са сціртаў, ля рэактара.
Маладыя хлопцы… Яны цяпер таксама паміраюць, але яны разумеюць, што калі б яны не зрабілі гэтага…
Быў момант, калі існавала небяспека тэрмаядзернага выбуху, і спатрэбілася спусціць з-пад рэактара цяжкую ваду, каб ён не абрынуўся туды, а цяжкая вада — гэта прамы кампанент ядзернага паліва. Уяўляеце?! Паставілі задачу: хто нырне ў гэтую цяжкую ваду і адчыніць там засаўку спускнога клапана? Абяцалі кватэру, машыну, дачу і ўтрыманне сямейнікаў да канца дзён. Шукалі добраахвотнікаў. I яны знайшліся! Хлопцы ныралі, шмат разоў ныралі і адчынілі гэтую засаўку, і ім далі на каманду сем тысяч рублёў. А пра абяцаныя машыны і кватэры забыліся. Ды і не з-за іх яны ныралі! Не з-за матэрыяльнага, менш за ўсё з-за матэрыяльнага. (Расхваляваўся.)
Гэтых людзей ужо няма… Толькі дакументы ў нашым музеі… Прозвішчы… Але калі б яны не зрабілі гэтага? Наша гатоўнасць да самаахвяравання… Нам няма роўні…
Я тут спрачаўся з адным… Ён мне даказваў, што гэта спалучана з тым, што ў нас вельмі нізкая цана на жыццё. Азіяцкі гэткі фаталізм. Чалавек, які ахвяруе сабой, не ўспрымае сябе як унікальную, непаўторную асобу, якой болей ніколі не будзе. Туга па ролі. Раней ён быў чалавекам без тэксту, статыстам. Не было ў яго сюжэту, ён служыў фонам. А тут раптам стаў галоўнай дзейнай асобай. Туга па сэнсе. Што такое наша прапаганда? Наша ідэалогія? Вам прапануюць памерці, але здабыць сэнс. Узвышаюць. Даюць ролю! Вялікая вартасць смерці, бо за смерцю вечнасць. Ён даказваў мне. Але я не згодны! Катэгарычна! Так, мы выхаваны быць салдатамі. Гэтак нас вучылі. Заўсёды мабілізаваныя, заўсёды гатовыя на што-небудзь немагчымае. Мой бацька, калі я пасля школы хацеў пайсці ў цывільную вну, быў ашаломлены: "Я — кадравы вайсковец, а ты будзеш насіць пінжак? Айчыну трэба абараняць!" Некалькі месяцаў са мною не размаўляў, пакуль я не падаў дакументы ў ваеннае вучылішча. Бацька — удзельнік вайны, ён памёр ужо. Ну, практычна аніякага матэрыяльнага багацця не меў, як і ўсё ягонае пакаленне. Пасля яго нічога не засталося: дома, машыны, зямлі…Што я маю? Палявую афіцэрскую сумку, ён яе атрымаў перад фінскай кампаніяй, а ў ёй ягоныя баявыя ордэны. Яшчэ ў поліэтыленавым пакеце ў мяне ляжаць трыста пісьмаў бацькавых з фронту, пачынаючы з сорак першага года, маці іх зберагла. Усё, што засталося пасля бацькі… Але я лічу, што гэта неацэнны капітал!