Цяпер вы разумееце, якім я бачу наш музей? Вунь там у скрыначцы зямля чарнобыльская… Жменька… Вунь шахцёрская каска… Таксама адтуль… Сялянскае начынне з зоны… Сюды няможна дазіметрыстаў пускаць. Фоніць! Але тут усё павінна быць сапраўдным! Без муляжоў. Нам павінны паверыць. А павераць толькі сапраўднаму, бо занадта шмат хлусні вакол Чарнобыля. Было і ёсць. Абраслі фондамі, камерцыйнымі структурамі…
Раз вы пішаце такую кнігу, павінны паглядзець наш унікальны відэаматэрыял. Па крупінках збіраем. Чарнобыльскай хронікі, лічыце, няма! Яе не далі зняць, усё засакрэцілі. Калі каму-небудзь штосьці ўдавалася занатаваць, дык адпаведныя органы тут жа забіралі гэты матэрыял і вярталі размагнічаныя стужкі. У нас няма хронікі, як эвакуіравалі людзей, вывозілі жывёлу… Трагедыю здымаць забаранялася, здымалі — гераізм! Чарнобыльскія альбомы ўсё-такі цяпер выдадзены, але колькі разоў кіна- і тэлеаператарам разбівалі камеры. Цягалі па інстанцыях… Каб сумленна распавесці пра Чарнобыль, трэба была мужнасць. Яна і сёння патрэбна. Паверце мне! Але вы павінны ўбачыць… Гэтыя кадры…Чорныя, як графіт, твары першых пажарнікаў. А іхнія вочы? Гэта ўжо вочы людзей, якія ведаюць, што адыходзяць ад нас… На адным фрагменце — ногі жанчыны, якая раніцою пасля катастрофы ішла апрацоўваць гародзік паблізу атамнай станцыі. Ішла па траве, на якой ляжала раса… Ногі нагадваюць рэшата, усе ў дзірачках да самых каленяў… Гэта трэба ўбачыць, калі вы пішаце такую кнігу…
Я прыходжу дадому і не магу ўзяць на рукі свайго малога сына. Мне трэба выпіць пяцьдзесят-сто грамаў гарэлкі, каб узяць на рукі дзіця…
Цэлы аддзел у музеі — верталётчыкі… Палкоўнік Вадалажскі… Герой Расіі, пахаваны на беларускай зямлі, у вёсцы Жукаў Луг. Калі ён атрымаў звышдапушчальную дозу, павінен быў з'ехаць, неадкладна эвакуіравацца, але застаўся і навучыў яшчэ трыццаць тры экіпажы. сам зрабіў сто дваццаць вылетаў, скінуў дзвесце-трыста тон грузу. Чатыры-пяць вылетаў на працягу сутак, пры вышыні трыста метраў над рэактарам, тэмпература ў кабіне — да шасцідзесяці градусаў. Уявіце, што рабілася ўнізе, калі мяхі з пяском скідваліся… Актыўнасць дасягала тысячы васьмісот рэнтгенаў у гадзіну. Пілотам рабілася блага ў паветры. Каб скінуць прыцэльна, патрапіць у цэль — вогненнае жарало, яны высоўвалі галовы з кабіны і прымерваліся вокам. Іншага спосабу не было… На пасяджэннях урадавай камісіі… Проста, будзённа дакладвалася: "На гэта трэба пакласці два-тры жыцці. А на гэта — адно жыццё". Проста і будзённа…
Палкоўнік Вадалажскі памёр. У картачку ўліку дозаў, набраных над рэактарам, урачы яму запісалі… сем бэраў. На самой справе іх было шэсцьсот!
А чатырыста шахцёраў, якія дзень і ноч дзяўблі тунель пад рэактарам? Трэба было пракапаць тунель, каб заліць туды вадкі азот і замарозіць земляную падушку, так гэта пазначаецца на інжынернай мове. Іначай бы рэактар пайшоў у грунтовыя воды… Шахцёры Масквы, Кіева, Днепрапятроўска… Я нідзе пра іх не чытаў. А яны голыя, пры тэмпературы за пяцьдзесят градусаў, кацілі паперадзе сябе ваганеткі на чацвярэньках. Там было сотні рэнтгенаў…
Цяпер яны паміраюць… Але калі б яны не зрабілі гэтага? Я лічу, што яны — героі, а не ахвяры вайны, якой нібы і не было. Называюць яе аварыяй, катастрофай. А была вайна… Чарнобыльскія помнікі падобныя на ваенныя.
Ёсць рэчы, якія ў нас не прынята абмяркоўваць, славянская сарамлівасць. Вы ж павінны ведаць… Такую кнігу пішаце… У тых, хто працаваў на рэактары ці ў непасрэднай блізкасці да яго, як правіла, паражаецца… падобны сімптом у ракетчыкаў, гэта знаёмы клопат… як правіла, паражаецца мочапалавая сістэма. Але пра гэта ў нас уголас не гавораць… Не прынята… Я аднойчы суправаджаў англійскага журналіста, ён падрыхтаваў вельмі цікавыя пытанні. Якраз на гэтую тэму, яго цікавіў чалавечы бок праблемы. Што пасля ўсяго з чалавекам — дома, у быце, у інтымным? Толькі ніводнай шчырай гаворкі не атрымалася. Папрасіў ён сабраць, напрыклад, верталётчыкаў… Пагаварыць у мужчынскай кампаніі… Яны прыехалі, некаторыя пенсіянеры ўжо ў трыццаць пяць-сорак гадоў, аднаго прывезлі са зламанай нагою, у яго старэчы пералом, гэта значыць пад уздзеяннем радыяцыі косці размякчаюцца. Яго прывезлі… Англічанін задае ім пытанне: як вы цяпер у сям'і, са сваімі маладымі жонкамі? Верталётчыкі маўчаць, яны прыйшлі расказваць, як здзяйснялі па пяць вылетаў за суткі. А тут… Пра жонак? Пра такое… Давай ён іх па адным выцягваць… Адказваюць дружна: здароўе нармальнае, дзяржава цэніць, у сям'і любоў… Ніводны… Ніводны з іх не адкрыўся… Яны пайшлі, а я адчуваю, ён прыгнечаны: "Цяпер ты разумееш, — кажа, — чаму вам ніхто не верыць? Вы падманваеце саміх сябе". А сустрэча гэта адбывалася ў кафэ, абслугоўвалі дзве прыгожанькія афіцыянткі, яны ўжо ўсё прыбіраюць са столікаў, і ён у іх пытаецца: "А вы можаце мне адказаць на некалькі пытанняў?" I гэтыя дзве дзеўчынёхі яму ўсё выклалі. Ён: "Вы хочаце выйсці замуж?" — "Так, але толькі не тут. Кожная з нас марыць выйсці замуж за іншаземца, каб нарадзіць здаровае дзіця". Тады больш смела: "Ну, а ў вас ёсць партнёры? Хто яны? Яны вас задавальняюць? Вы самі разумееце, што я маю на ўвазе?" — "Вось тут сядзелі з вамі хлопцы, — смяюцца, — верталётчыкі. Пад два метры. Звінелі медалямі. Яны для прэзідыума падыходзяць, але не для ложка". Сфатаграфаваў ён гэтых дзеўчынёх, а мне паўтарыў тую ж фразу: "Цяпер ты разумееш, чаму вам ніхто не верыць? Вы падманваеце саміх сябе".