Выбрать главу

Паехалі мы з ім у зону. Вядомая статыстыка: вакол Чарнобыля — восемсот магільнікаў. Ён чакаў нейкіх фантастычных інжынерных збудаванняў, а гэта — звычайныя ямы. Ляжыць у іх "рыжы лес", высечаны вакол рэактара на сто пяцідзесяці гектарах (у першыя два дні пасля аварыі сосны і елкі зрабіліся чырвонымі, а пасля рыжымі). Ляжаць тысячы тон металу і сталі, дробныя трубы, спецвопратка, бетонныя канструкцыі… Ён паказаў мне здымак з англійскага часопіса. Панарамны… Зверху… Тысячы адзінак аўтатрактарнай і авіяцыйнай тэхнікі… пажарныя машыны і машыны "Хуткай дапамогі"… Самы буйны магільнік ля рэактара. Ён хацеў яго зняць — ужо цяпер — праз дзесяць гадоў. Яму абяцалі за гэты здымак вялікія грошы. I вось мы кружым, кружым, і адзін начальнік нас адсылае да другога — то карты няма, то дазволу. Матляліся, пакуль да мяне не дайшло: няма гэтага магільніка, ён ужо не існуе ў рэальнасці, а толькі ў справаздачах, даўно расцягалі па рынках, на запчасткі па калгасах і сваіх дварах. Раскралі, вывезлі. Англічанін зразумець гэтага не мог. Не паверыў! Калі я сказаў яму ўсю праўду, ён не паверыў! I я цяпер, чытаючы нават смелы артыкул, не веру, заўсёды ў падсвядомасці круціцца думка: "А раптам гэта таксама хлусня? Ці нейкія байкі". Згадаць трагедыю стала агульным месцам… Абыходкавым штампам! Страшылкай! (Вымаўляе з роспаччу. Маўчыць).

Валаку ўсё ў музей… Збіраю… Але, надараецца, думаю: "Кінуць! Збегчы!" Ну, як вытрываць?!

Была ў мяне гаворка з маладым святаром…

Мы стаялі ля свежай магілы старшыны Сашы Ганчарова… З тых, хто быў на даху рэактара… Снег. Вецер. Надвор'е лютае. Святар служыць паніхіду. Чытае малітву. З голай галавой. "Вы быццам і не адчувалі холаду?" — спытаўся я пасля. "Не, — адказаў ён, — у такія хвіліны я ўсемагутны. Ніводны царкоўны абрад не дае мне такую энергію, як паніхіда". Я гэта запомніў — словы чалавека, які заўсёды паблізу смерці. Не аднойчы пытаўся ў замежных журналістаў, якія прыязджаюць да нас, многія па некалькі ўжо разоў, чаму яны едуць, просяцца ў зону? Нельга думаць, што з-за адных толькі грошай ці кар'еры. "Нам падабаецца ў вас, — прызнаваліся, — атрымліваем тут магутны энергетычны зарад". Нечаканы адказ, праўда? Для іх, напэўна, наш чалавек, яго пачуцці, яго свет, — нязведанае, гіпнатызуючае… Але я не ўцяміў, што ім больш падабаецца: мы — самі? Ці тое, што пра нас можна напісаць? Праз нас — зразумець?

Што ж мы ўсё круцімся вакол смерці?

Чарнобыль… У нас іншага свету ўжо не будзе… Спачатку, як вырвалі глебу з-пад ног, выплюхвалі гэты боль шчыра, а цяпер прыйшло ўсведамленне, што іншага свету няма і падацца няма куды. Адчуванне трагічнай аселасці на гэтай чарнобыльскай зямлі, зусім іншае светаадчуванне. З вайны вяртаеца "страчанае" пакаленне… Успомнім Рэмарка? А з Чарнобылем жыве "разгубленае" пакаленне… Мы разгубіліся… Нязменнымі засталіся толькі чалавечыя пакуты… Наш адзіны капітал. Неацэнны!