Выбрать главу

…Я прыходжу дадому… Пасля ўсяго… жонка слухае мяне… А пасля ціха кажа: "Я люблю цябе, але сына табе не аддам. Нікому яго не аддам. Ні Чарнобылю, ні Чачні… Нікому!" У ёй пасяліўся ўжо гэты страх…"

Сяргей Васільевіч Собалеў, намеснік старшыні праўлення Рэспубліканскай асацыяцыі "Шчыт Чарнобыля"

Народны хор

Клаўдзія Рыгораўна Барсук, жонка ліквідатара; Тамара Васільеўна Белавокая, урач; Кацярына Фёдараўна Баброва, перасяленка з горада Прыпяці; Андрэй Буртыс, журналіст; Іван Навумавіч Вяргейчык, педыятр; Алена Ільінічна Варанько, жыхарка гарадскога пасёлка Брагін; Святлана Говар, жонка ліквідатара; Наталля Максімаўна Ганчарэнка, перасяленка; Тамара Ільінічна Дубікоўская, жыхарка гарадскога пасёлка Нароўля; Альберт Мікалаевіч Зарыцкі, урач; Аляксандра Іванаўна Краўцова, урач; Элеанора Іванаўна Ладуценка, радыёлаг; Ірына Юр'еўна Лукашэвіч, акушэрка; Антаніна Максімаўна Ларывончык, перасяленка; Анатоль Іванавіч Палішчук, гідраметэаролаг; Марыя Якаўлеўна Савельева, маці; Ніна Ханцэвіч, жонка ліквідатара.

"Даўно не бачу шчаслівых цяжарных жанчын… Шчаслівых мам…

Вось яна толькі нарадзіла. Прыйшла да памяці… Кліча: "Доктар, пакажыце мне! Прынясіце!" Кратае галоўку, лобік, цельца. Пальчыкі лічыць… На нагах, на ручках… Хоча пераканацца: "Доктар, у мяне нармальнае дзіця нарадзілася? Усё добра?" Прынясуць яго карміць. Баіцца: "Я непадалёк ад Чарнобыля жыву… Я туды да мамы ездзіла… Я пад той чорны дождж трапіла…"

Сны расказваюць: то цялятка нарадзілася з васьмю ножкамі, то шчанючок з галавой вожыкавай… Такія дзіўныя сны. Раней такіх сноў у жанчын не было. Я не чула. У мяне трыццаць гадоў акушэрскага стажу…"

"Я выкладаю ў школе рускую мову і літаратуру. Гэта, здаецца, было ў пачатку чэрвеня, ішлі экзамены. Раптам дырэктар школы збірае нас і аб'яўляе: "Заўтра ўсім прыйсці з рыдлёўкамі". Высветлілася: Мы павінны зняць верхні заражаны пласт зямлі вакол школьных будынкаў, а пасля прыедуць салдаты і заасфальтуюць. Пытанне: "Якія выдадуць ахоўныя сродкі? Ці прывязуць спецыяльныя касцюмы, рэспіратары?" Адказалі, што не. "Вазьміце рыдлёўкі і будзеце капаць". Толькі двое маладых настаўнікаў адмовіліся, астатнія пайшлі і капалі. Прыгнечанасць і ў той жа час пачуццё выкананага абавязку, жыве гэта ў нас: быць там, дзе цяжка, небяспечна, абараняць радзіму. Хіба я чамусьці іншаму вучыла сваіх вучняў, толькі гэтаму: пайсці, кінуцца ў агонь, абараняць, ахвяроўваць. Літаратура, якую я выкладала, яна не пра жыццё, яна пра вайну. Шолахаў, Серафімовіч, Фурманаў, Фадзееў, Барыс Палявой… Толькі двое маладых настаўнікаў адмовіліся. Але яны з новага пакалення… Гэта ўжо іншыя людзі…

Капалі зямлю з ранку да вечара. Калі вярталіся дадому, выдавала дзіўным, што працуюць гарадскія магазіны, жанчыны купляюць панчохі, духі. У нас ужо жылі ваенныя адчуванні. I было куды больш зразумела, калі раптам сталі чэргі па хлеб, соль, запалкі… Усе кінуліся сушыць сухары… Гэтыя паводзіны падаліся мне знаёмымі, хоць я нарадзілася пасля вайны. Спрабавала аналізаваць свае пачуцці і здзівілася, як хутка перабудавалася мая псіхіка, нейкім неспасціжным чынам мне аказаўся знаёмы ваенны вопыт. Магла сабе ўявіць, як пакіну дом, як мы з дзецьмі паедзем, якія рэчы возьмем, што напішу маме. Хоць навакол цякло яшчэ мірнае жыццё, па тэлевізары паказвалі кінакамедыі. Але мы заўсёды жылі ў палоне жаху, мы ўмеем жыць у жаху, гэта — наша асяроддзе быцця. Тут нашаму народу няма роўні…"

"Салдаты заходзілі ў вёску і эвакуіравалі людзей. Вясковыя вуліцы былі забіты вайсковай тэхнікай: бронетранспарцёры, грузавыя машыны пад зялёным брызентам, нават танкі. Людзі пакідалі свае хаты ў прысутнасці салдат, гэта прыгнятала, асабліва тых, хто перажыў вайну.

Увесь час параўноўваем з вайной. Але гэта большае… Вайну можна зразумець… А тут?"

"Я нікуды быццам і не паехала… Я штодня хаджу па сваіх успамінах. Па тых жа вуліцах, міма тых жа дамоў. Такі ціхі гарадок быў…

Нядзеля… Ляжу, загараю. Бяжыць мама: "Дзіцятка, Чарнобыль выбухнуў, людзі па хатах хаваюцца, а ты пад гэтым сонцам". Я пасмяялася — ад Чарнобыля да Нароўлі сорак кіламетраў.

Увечары ля нашай хаты спыніліся "Жыгулі", заходзіць мая знаёмая з мужам: яна — у хатнім халаце, ён — у спартыўным трыко і ў нейкіх старых тапачках. Праз лес, прасёлкамі яны ўцякалі з Прыпяці… На дарогах дзяжурыла міліцыя, вайсковыя пасты, нікога не выпускалі. Першае, што яна мне закрычала: "Трэба тэрмінова шукаць малако і гарэлку! Тэрмінова!" Крычала і крычала: "Толькі новую мэблю купіла, новы халадзільнік. Я сабе футра пашыла. Усё пакінула, абвязала цэлафанам… Ноч не спалі… Што будзе? Што будзе?" Муж яе супакойваў. Днямі сядзелі ля тэлевізара і чакалі, калі Гарбачоў выступіць. Улады маўчалі… Толькі калі адгрымелі святы, Гарбачоў сказаў: не хвалюйцеся, таварышы, сітуацыя на кантролі… Нічога страшнага… Людзі там жывуць, працуюць…"