"Усю жывёлу з выселеных вёсак гналі да нас у райцэнтр на прыёмныя пункты. Ашалелыя каровы, авечкі, парасяты бегалі па вуліцах… Хто хацеў, той лавіў. З мясакамбіната машыны з тушамі ішлі на станцыю Калінкавічы, адтуль грузілі на Маскву. Масква не прымала. I гэтыя вагоны, ужо магільнікі, вярталіся назад да нас. Цэлыя эшалоны. Тут іх хавалі. Пах гнілога мяса даймаў уначы… "Няўжо гэтак пахне атамная вайна?" — думала я. Вайна, якую памятала, пахла дымам…
У першыя дні нашых дзяцей вывозілі ноччу, каб менш людзей бачыла. Хавалі бяду, скрывалі. А народ усё роўна даведваўся. Выносілі на дарогу да нашых аўтобусаў бідончыкі з малаком, пяклі булачкі. Як у вайну… З чым яшчэ параўнаць?"
"Нарада ў аблвыканкоме. Ваенная абстаноўка. Усе чакаюць выступлення начальніка грамадзянскай абароны, бо калі хтосьці і ўспомніў нешта аб радыяцыі, дык толькі нейкія абрыўкі з падручніка па фізіцы за дзесяты клас. Ён выходзіць на трыбуну і пачынае расказваць тое, што напісана ў кнігах і падручніках пра атамную вайну: атрымаўшы пяцьдзесят рэнтген, салдат павінен выйсці з бою, як будаваць сховішчы, як карыстацца супрацьгазам, пра радыус выбуху…
У заражаную зону вылецелі на верталёце. Экіпіроўка па інструкцыі: бялізны няма, камбінезон з хэбэ, як у кухара, на ім ахоўная плёнка, рукавіцы, марлевая павязка. Абвешаны ўсе прыборамі. Спускаемся з неба ля вёскі, а там дзеткі купаюцца ў пяску, як вераб'і… У роце каменьчык, травінка… без штаноў… З голымі попкамі… А ў нас загад: з народам кантактаў не мець, паніку не падымаць…
I вось цяпер жыву з гэтым…"
"Па тэлевізары раптам замільгалі перадачы… Адзін з сюжэтаў: бабулька падаіла карову, наліла малака ў слоік, рзпарцёр падыходзіць з ваенным дазіметрам, водзіць па слоіку… Ідзе каментарый, што, маўляў, бачыце, чыстая норма, а да рэактара дзесяць кіламетраў. Паказваюць раку Прыпяць… Купаюцца, загараюць… Удалечыні відаць рэактар і клубы дыму над ім… Каментарый: заходнія галасы, маўляў, сеюць паніку, распаўсюджваюць яўную няпраўду пра аварыю. I зноў з гэтым дазіметрам — то да талеркі юшкі яго прыкладваюць, то да шакаладкі, то да пончыкаў ля адчыненага ларка. Гэта быў падман. Вайсковыя дазіметры, якія знаходзіліся ў той час на ўзбраенні нашай арміі, не разлічаны на праверку прадуктаў, яны толькі мераюць фон…
Такая колькасць хлусні, неймаверная, з якой спалучаны ў нашай свядомасці Чарнобыль, была хіба толькі ў вайну…"
"Мы чакалі першынца. Муж хацеў хлопчыка, а я — дзяўчынку. Урачы ўгаворвалі мяне: "Трэба рашыцца на аборт. Ваш муж быў у Чарнобылі". Ён — шафёр, і яго ў першыя дні туды прызвалі. Вазіў пясок. Я нікому не верыла.
Дзіця нарадзілася мёртвым. I без двух пальчыкаў. Дзяўчынка. Я плакала. "Ну, хай бы ў яе хоць бы пальчыкі былі. Яна ж — дзяўчынка".
"Ніхто не разумеў, што адбылося. Пазваніла ў ваенкамат, мы, медыкі, усе ваеннаабавязаныя, прапанавала сваю дапамогу. Не памятаю прозвішча, але званне было маёр, адказаў мне: "Нам патрэбны маладыя". Я паспрабавала пераконваць: "Маладыя ўрачы, па-першае, не гатовы, а па-другое, яны падвяргаюцца большай небяспецы, малады арганізм больш адчувальны да ўздзеяння радыяцыі". Адказвае: "У нас загад — браць маладых".
У хворых сталі кепска гаіцца раны. Памятаю той першы радыёактыўны дождж. "Чорны дождж" стануцць яго пасля называць… З аднаго боку, свядомасць ні да чога падобнага не гатовая, а з другога — мы ж самыя лепшыя, самыя незвычайныя, у нас самая вялікая краіна. Мой муж, чалавек з вышэйшай адукацыяй, інжынер, ён сур'ёзна мяне пераконваў, што гэта тэрарыстычны акт, варожая дыверсія. Гэтак думалі тады многія. А я ўспамінала, як ехала ў цягніку з адным гаспадарнікам, і ён мне расказваў пра будаўніцтва Смаленскай атамнай станцыі: колькі цэменту, дошак, цвікоў, пяску сплывала з аб'екта ў бліжэйшыя вёскі. За грошы, за бутэльку гарэлкі…
У вёсках, на заводах выступалі работнікі райкомаў партыі, ездзілі, сустракаліся з народам. Але ніводзін з іх не здольны быў адказаць на пытанні, што такое дэзактывацыя, як ахаваць дзяцей, якія каэфіцыенты пераходу радыёнуклідаў у харчовыя ланцужкі? Пра альфа-, бэта- і гамачасціцы, пра радыёбіялогію, іянізуючыя выпраменьванні, не кажучы пра ізатопы. Для іх гэта былі рэчы з іншага свету. Яны чыталі лекцыі пра гераізм савецкіх людзей, сімвалы ваеннай мужнасці, прошукі заходніх спецслужбаў… Калі я, было, заікнулася пра гэта на партсходзе, засумнявалася, мне сказалі, што забяруць партбілет…"