Выбрать главу

Успомніла… Сядзім у аўтобусе. Плачам. Мужчына на першым сядзенні гучна сварыцца на жонку: "Якая ж ты дурніца! Усе хоць нейкія рэчы ўзялі, а мы з табой трохлітровымі слоікамі загрузіліся". Жонка яго вырашыла, што калі на аўтобусе, дык па дарозе перадасць сваёй маці пустыя слоікі для марынадаў. Каля іх ляжалі вялізныя пузатыя авоські, мы ўсю дарогу на іх спатыкаліся. Гэтак яны з тымі слоікамі і прыехалі ў Кіеў.

…Я спяваю ў царкоўным хоры. Евангелле чытаю. Хаджу ў царкву, бо толькі там гавораць аб вечным жыцці. Суцяшаюць чалавека. Больш нідзе гэтых слоў не пачуеш, а гэтак хочацца пачуць.

Мне часта сніцца сон, як мы ідзём з сынам па сонечнай Прыпяці. Цяпер — гэта ўжо горад-прывід. Ідзём і разглядаем ружы, у Прыпяці было шмат ружаў,вялізныя клумбы з ружамі… Я была такая маладая. Сын маленькі… Кахала…

А ўвесь страх забыла… Быццам была толькі глядачкай…"

Надзея Пятроўна Выгоўская, перасяленка з горада Прыпяці

Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй

"Я стараўся запомніць тыя дні… Было шмат новых адчуванняў… Страх… Вырваўся ў нязведанае, як на Марс… Я родам з Курска, у шэсцьдзесят дзевятым годзе ў нас пабудавалі атамную станцыю. У горадзе Курчатаве. З Курска туды ездзілі купляць прадукты. Кілбасу. Атамшчыкаў забяспечвалі па вышэйшай катэгорыі. Я запомніў вялікі ставок, у ім вудзілі рыбу. Непадалёк ад рэактара. Пасля Чарнобыля я гэта часта ўспамінаў…

Значыць, так: мне ўручаюць позву, і я, як чалавек дысцыплінаваны, у той жа дзень іду ў ваенкамат. Ваенком гартае маё "дзела": "Ты, — кажа, — ні разу ў нас на зборах не быў. А тут хімікі патрэбны. Не хочаш у лагер пад Мінск на дваццаць пяць дзён?" Я падумаў: "Чаму б мне не адпачыць ад сям'і, ад работы? Пашпацырую па свежым паветры". Дваццаць другога чэрвеня тысяча дзевяцьсот восемдзесят шостага года з рэчамі, кацялком і зубной шчоткай у адзінаццаць гадзін я прыбыў на зборны пункт. Здзівіла, што нас занадта шмат для мірнага часу. Мільганулі нейкія ўспаміны. З ваенных фільмаў. I дзень жа які выпаў: дваццаць другога чэрвеня… Пачатак вайны…То аб'явяць строіцца, то разысціся, і гэтак да вечара. У аўтобусы пагрузіліся, калі цямнець пачало. Каманда: "Хто спіртное ўзяў, выпівайце. Уначы сядзем у цягнік, а раніцою будзем у частцы. Каб выйшлі свежанькія, як агурочкі, без лішняга багажу". Вядомая рэч. Гулі ўсю ноч.

Раніцою знайшлі ў лесе сваю частку. Зноў пастроілі і выклікаюць па алфавіце. Атрыманне спецадзення. Далі адзін камплект, другі, трэці, ну, думаю, сур'ёзныя справы. Яшчэ выдаюць шынель, шапку, матрац, падушку, — усё зімовае. А на вуліцы — лета і абяцалі, што адпусцяць праз дваццаць пяць дзён. "Ды вы што, хлопцы, — смяецца капітан, які нас вёз. — Дваццаць пяць дзён?! На паўгода ў Чарнобыль загрыміце". Недаўменне, агрэсія. Тут нас давай угаворваць: хто за дваццаць кіламетраў трапіць — двайны аклад, хто за дзесяць — трайны, хто да самога рэактара — множ на шэсць. Адзін пачынае лічыць, што ён за шэсць месяцаў на сваёй машыне дамоў прыедзе, другі хацеў бы збегчы, але вайсковая дысцыпліна. Што такое радыяцыя? Ніхто не чуў? А я якраз перад гэтым прайшоў курсы па грамадзянскай абароне, нам выдавалі інфармацыю трыццацігадовай даўніны: пяцьдзесят рэнтгенаў — смяртэльная доза. Вучылі, як падаць, каб ударная хваля над табою прайшла, не зачапіла. Абпраменьванне, цеплавы нагрэў… А пра тое, што радыеактыўнае заражэнне мясцовасці — самы паражальны фактар, — ні слова. I тыя кадравыя афіцэры, якія везлі нас у Чарнобыль, не надта цямілі, адно ведалі: гарэлкі трэба як мага больш, ад радыяцыі памагае. Шэсць дзён стаялі пад Мінскам, шэсць дзён пілі. Я калекцыяніраваў этыкеткі спіртных бутэлек. Спачатку гарэлку пілі, пасля, гляджу, пайшлі нейкія дзіўныя напоі: нітхінол і розныя іншыя ачышчапьнікі. Як хіміку мне гэта было цікава. Пасля нітхінолу — ногі ватныя, а галава цвярозая, даеш сабе каманду "Устаць!". А сам падаеш.

Значыць, так: я — інжынер-хімік, кандыдат навук, прызвалі мяне з пасады загадчыка лабараторыі буйнога вытворчага аб'яднання. Як мяне выкарыстоўвалі? Далі ў рукі рыдлёўку, практычна гэта быў мой адзіны інструмент. Тут жа нарадзіўся афарызм: на атам — з рыдлёўкай. Ахоўныя сродкі: рэспіратары, супрацьгазы, але ніхто імі не карыстаўся, бо спякота да трыццаці градусаў, нацягнеш — памрэш адразу. Распісаліся як за дадатковую амуніцыю, і забыліся. Яшчэ адзін штрых… З аўтобусаў пераселі на цягнік, пасадачных месцаў у вагоне — сорак пяць, а нас — семдзесят. Спалі па чарзе. Штосьці раптам прыгадалася… Што такое — Чарнобыль? Баявая тэхніка і салдаты. Мыечныя пасты. Ваенная абстаноўка. Размясцілі ў палатках, па дзесяць чалавек. У кагосьці засталіся дома дзеці, у кагосьці жонка раджае. у кагосьці няма кватэры. Ніхто не ныў. Трэба, значыць, трэба. Радзіма паклікала, радзіма загадала. Такі ў нас народ.