Вакол палатак аграмадныя горы пустых кансервавых бляшанак. Манбланы. Недатыкальны запас, які недзе захоўваўся на вайсковых складах. На выпадак вайны. Бляшанкі з-пад тушонкі, ячнай кашы… З-пад кількі… Зграі катоў… Іх — як мух… Вёскі выселены… Ад ветру веснічкі рыпнуць, імгненна абарочваешся: чакаеш чалавека. Замест чалавека — кот выходзіць…
Здымалі заражаны верхні пласт зямлі. грузілі ў аўтамашыны і вывозілі на магільнікі. Я лічыў, што магільнік — нейкае складанае інжынернае збудаванне, а гэта звычайны курган. Зямлю мы падымалі і скручвалі вялікімі рулонамі… Як дыван… Зялёную дзярніну з травой, кветкамі, карэннямі… З жучкамі… Павукамі, чарвякамі… Работа для вар'ятаў. Нельга ж абдзерці ўсю зямлю, зняць з яе ўсё жывое. Калі б не пілі па-чорнаму, кожную ноч, сумняваюся, што можна вытрываць. Псіхіка не выстаяла б. Сотні кіламетраў абадранай зямлі, неўрадлівай. Хаты, хлявы, дрэвы, шасейныя дарогі, дзіцячыя садкі, студні, — заставаліся, як голыя… Раніцою трэба пагаліцца, баішся зазірнуць у люстэрка, убачыць свой твар. Бо думкі з'яўляліся ўслякія… Цяжка ўявіць, каб туды вярнуліся жыць людзі… Але мы мянялі шыфер, мылі дахі. Тое, што робім марную работу, разумелі ўсе. Тысячы людзей. Але кожнае раніцы падымаліся і зноў яе рабілі. Непісьменны дзед спаткае: "Кідайце, сынкі, дурную работу, сядайце за стол, паабедайце з намі". Вецер дзьме. Хмары плывуць. Рэактар не закрыты… Знялі пласт, праз тыдзень вярнуліся, можна наноў пачынаць. А здымаць ужо няма чаго. Пясок сыплецца… Сэнс зразумеў аднаго разу, калі з верталётаў распырсквалі спецыяльны раствор, каб узнікла палімерная плёначка, якая не дасць лёгкарухомаму грунту перасоўвацца. Гэта мне было зразумела. Але мы капалі, капалі…
Вёскі выселены, але ў паасобных заставаліся старыя… Зайсці ў звычайную хату і сесці паабедаць… Сам рытуал… Паўгадзіны нармальнага чалавечага жыцця… Хоць есці там нічога няможна. Забаранялася. Але гэтак хацелася пасядзець за сталом… У старой хаце… Пасля нас заставаліся толькі курганы. Пасля нібыта іх павінны абкласці бетоннымі плітамі, абгарадзіць калючым дротам. Там пакідалі самазвалы, уазікі, краны, на якіх працавалі, бо метал мае ўласцівасць радыяцыю назапашваць, паглынаць. Расказваюць, што ўсё гэта пасля кудысьці знікла. Раскралі. Я веру, бо ў нас усё можа быць. Адзін раз трывога: дазіметрысты праверылі і аказаліся, што сталоўка пабудавана на месцы, дзе радыяцыя вышэйшая, чым там, куды мы ездзілі працаваць. А мы ўжо жылі тут два месяцы. Такі ў нас народ. Слупы і на іх дошкі набіты на ўзроўні грудзей. Гэта называлася сталоўкай… Стоячы елі. Мыліся з бочкі… Туалет — доўгая траншэя ў чыстым полі… У руках — рыдлёўка… I побач рэактар…
Праз два месяцы мы пачалі ўжо сёе-тое разумець. Давай пытацца: "Мы ж не смяротнікі. Пабылі два месяцы, хопіць, час нас памяняць". Генерал-маёр Антошкін праводзіў з намі гутарку, шчыра гаварыў: "Нам нявыгадна вас мяняць. Мы вам далі адзін камплект адзення. Другі, трэці. Вы навыкі набылі. Мяняць вас — дарагая справа, турботлівая". I ўпор на тое, што мы — героі. Раз у тыдзень тым, хто добра зямлю капаў, перад строем уручалі пахвальную грамату. Лепшы пахавальшчык Савецкага Саюза. Вар'яцтва нейкае…
Пустыя вёскі… Жывуць куры і каты. Зойдзеш у хлеў, поўныя гнёзды яек. Пяклі. Салдаты — бравыя дзецюкі. Курыцу спаймаюць. Вогнішча. Бутля самагону. Штодня ў палатцы выпівалі хорам трохлітровую бутлю самагону. Хто ў шахматы гуляе, хто на гітары. Чалавек да ўсяго прывыкае. Адзін нап'ецца — і ў ложак, іншаму крычаць ахвота. Біцца. Двое селі п'яныя за руль. Разбіліся. Аўтагенам іх выразалі, даставалі з расплюшчанага жалеза. Я ратаваўся тым, што пісаў дадому доўгія лісты і вёў дзённік. Высачыў мяне начальнік палітаддзела, пачаў цікаваць за мной: дзе хаваю, што пішу? Падгаварыў суседа шпіёніць за мной. Той папярэдзіў: "Што шрайбуеш?" — "Кандыдацкую абараніў, доктарскую пішу". Смяецца: "Я так палкоўніку і перадам. А ты гэтую рэч схавай". Добрыя былі хлопцы. Я ўжо казаў, ніводнага ныціка. Баязліўца. Паверце: нас ніхто ніколі не пераможа. Ніколі! Афіцэры не вылазілі з палатак. Валяліся ў хатніх тапачках. Пілі. Пляваць! Мы капалі. Хай атрымліваюць на пагоны новыя зорачкі. Пляваць! Такі ў нас народ.