Дазіметрысты — багі. Усе да іх праціскваюцца: "Ну, сынок, якая ў мяне радыяцыя?" Адзін прадпрымальны салдат скумекаў: узяў звычайны кій, наматаў на яго дрот. Пастукаў ў адну хату і па сцяне гэтым кіем водзіць. Бабуля за ім: "Сынок, што там у мяне?" — "Ваенная тайна, бабуля". — "А ты мне скажы, сынок. А табе шклянку самагонкі налью". — "Ну, давай!" — Выпіў. "Усё нармальна ў цябе, бабуля". I пайшоў далей…
У сярэдзіне тэрміну нам нарэшце ўсім выдалі дазіметры, такія маленькія каробачкі, унутры крышталь. Сёй-той пачаў кеміць: трэба яго раніцою завезці да магільніка і пакінуць там, а пад канец дня забраць. Чым больш радыяцыі, тым хутчэй адпачынак дадуць. Ці болей заплоцяць. Хто на бот, там шлейка ёсць, павесіў, каб бліжэй да зямлі. Тэатр абсурду. Гэтыя датчыкі былі не зараджаны, для таго, каб яны пачалі адлік, іх трэба было зарадзіць першаснай дозай радыяцыі. Гэта значыць, гэтыя бразготкі, цацкі гэтыя далі для адводу вачэй. Псіхатэрапія. На самой справе аказалася крамянёвая прылада, на складах гадоў пяцьдзесят валялася. У ваенны білет у канцы кожнаму ўпісалі аднолькавую лічбу: сярэднюю дозу радыяцыі памножылі на колькасць дзён прабывання. Замералі сярэднюю дозу ў палатках, дзе мы жылі.
Ці то анекдот, ці то быль. Звоніць салдат каханай дзяўчыне. Яна хвалюецца: "Што ты там робіш?" Ён вырашыў фарснуць: "Толькі што з-пад рэактара вылез, памыў рукі". I тут — гудкі. Гаворка абарвалася. Кадэбэ слухае…
Дзве гадзіны — на адпачынак. Ляжаш пад кусток, а паспелі ўжо вішні, такія буйныя, салодкія, абатрэш і ў рот. Шаўковіца, я ўпершыню бачыў шаўковіцу…
Калі працы не было, вадзілі маршыраваць. Фільмы гаядзелі. Індыйскія. Пра каханне. Да трох-чатырох гадзін раніцы. Кашавар праспіць, каша сырая. Прывозілі газеты. Там пісалі, што мы — героі! Добраахвотнікі. Друкаваліся фатаграфіі. Напаткаць бы нам таго фатографа…
Непадалёк стаялі інтэрнацыянальныя часткі. Татары з Казані. Бачыў іхні самасуд. Гоняць перад строем салдата, спыніцца ці адбяжыць убок, б'юць. Нагамі. Поўзаў па хатах, чысціў. Сумку барахла ў яго знайшлі. Былі літоўцы. Праз месяц узбунтаваліся і запатрабавалі адпраўкі дадому.
Быў аднойчы спецзаказ: тэрмінова памыць хату ў пустой вёсцы. Фантастыка! "Навошта?" — "Там заўтра будуць гуляць вяселле". Аблілі са шлангаў дах, дрэвы, саскрэблі зямлю. Скасілі бульбоўнік, увесь гарод, траву ў двары. Пустэча вакол. Назаўтра прывезлі жаніха і нявесту. Прыехаў аўтобус з гасцямі. Музыкай… Сапраўдныя, а не кіношныя жаніх з нявестай. Яны ўжо жылі ў іншым месцы, перасяліліся, але іх угаварылі прыехаць сюды, каб зняць для гісторыі. Працавала прапаганда. Фабрыка мрояў… Нават тут абараняла нашы міфы: мы паўсюль выжывем, нават на мёртвай зямлі…
Перад самым ад'ездам мяне выклікаў камандзір: "Што ты пісаў?" — "Лісты маладой жонцы", — адказаў я. "Ты там гаядзі…" — паследваў загад.
Што засталося ў памяці пра тыя дні? Цень вар'яцтва… Як мы капалі… Капалі… Дзесьці ў дзённіку запісана, што я там скеміў. У першыя ж дні… Я зразумеў, як лёгка стаць зямлёй…"
Іван Мікалаевіч Жмыхаў, інжынер-хімік
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
"Пад канец мая, недзе праз месяц пасля аварыі, да нас пачалі паступаць на праверку прадукты з трыццацікіламетровай зоны. Інстытут працаваў кругласутачна. Як ваенны У рэспубліцы толькі ў нас на той момант былі прафесіяналы і спецыяльная апаратура. Прывозілі вантробы хатняй і дзікай жывёлы. Праверылі малако. Пасля першых проб стала ясна, што да нас паступае не мяса, а радыеактыўныя адыходы. Вахтавым метадам у зоне пасвілі статкі. Пастухі прыязджалі і ад'язджалі, даярак прывозілі толькі на даенне. Выконвалі планы малаказаводы. Праверылі. Не малако, а радыеактыўныя адыходы. Сухі малочны парашок і бляшанкі згушчанага і канцэнтраванага малака Рагачоўскага малаказавода мы доўга выкарыстоўвалі на лекцыях як эталонную крыніцу. А ў гэты час іх прадавалі ў магазінах… Калі людзі чыталі на этыкетках, што малако з Рагачова, не бралі яго, яно затаварвалася, потым раптам з'явіліся бляшанкі без этыкетак. Мяркую, прычына не ў тым, што не хапала паперы — людзей падманвалі. Падманвала дзяржава.
Першая паездка ў зону: у лесе фон у пяць-шэсць разоў вышэйшы, чым у полі, на дарозе. Паўсюль высокія дозы. Працуюць трактары… Сяляне капаюць свае гароды… У некалькіх вёсках змералі шчытавідку дарослым і дзецям: у сто, у тысячу разоў вышэй за дапушчальную дозу. Была ў нас у групе жанчына. Радыёлаг. З ёй здарылася істэрыка, калі ўбачыла, што дзеці сядзяць у пяску, гуляюць. Праверылі грудное малако — радыеактыўнае… Працуюць магазіны і, як звычайна, у нас у вёсках, мануфактура і прадукты ў суседстве: касцюмы, сукенкі, а побач каўбаса, маргарын. Ляжаць адкрыта, нават не накрытыя цэлафанам. Бяром каўбасу, яйкі… Робім рэнтгенаўскі здымак: не прадукгы, а радыеактыўныя адыходы…