Адкульсці з'явілася ў горадзе вар'ятка. Хадзіла па рынку і гаварыла: "Я бачыла гэтую радыяцыю. Яна сіняя-сіняя, пераліваецца…" Людзі перасталі купляць на рынку малако, тварог. Стаіць бабуля з малаком, ніхто яго ў яе не бярэ. "Не бойцеся, — угаворвае, — я карову ў поле не выводжу, я траву ёй сама нашу". Выедзеш за горад, нейкія пудзілы ўздоўж дарогі маячаць: пасвіцца карова, цэлафанам абвязаная, а побач бабуля, таксама ўся ў цэлафане. Хоць плач, хоць смейся. I нас пачалі ўжо пасылаць на праверкі. Мяне накіравалі ў лясгас. Леснікам пастаўкі драўніны не зменшылі, як быў план, так і застаўся. На складзе ўключылі прыбор, а ён ліха яго ведае што паказвае. Ля дошак нібыта ўсё нармальна, а побач з нарыхтаванымі венікамі зашкальвае. "Адкуль венікі?" — "З Краснаполля (як пасля высветлілася, самы заражаны раён у нашай Магілёўскай вобласці). Апошняя партыя засталася. Усе адправілі". Як ты іх па розных гарадах знойдзеш?
Штосьці я яшчэ баялася забыць? Прыкметнае… А! Успомніла. Чарнобыль… I раптам новае, нязвыклае пачуццё, што ў кожнага з нас ёсць сваё асабістае жыццё, да гэтага яно нібыта не патрэбна было. А тут людзі пачалі задумвацца: што яны ядуць, чым кормяць дзяцей. Што небяспечна для здароўя, а што не? Пераязджаць у іншае месца ці не пераязджаць? Кожнаму трэба было прыняць рашэнне. А прывыклі жыць — як? Усёй вёскай, абшчынай. Заводам, калгасам. Мы былі савецкія людзі. Саборныя. Я, напрыклад, была савецкім чалавекам. Вельмі. Вучылася ў інстытуце, кожнае лета ездзіла з каматрадам. Быў такі маладзёжны рух — студэнцкія камуністычныя атрады. Мы там працавалі, а грошы пералічвалі якой-небудзь лацінаамерыканскай кампартыі. Наш атрад, у прыватнасці, Уругваю…
Мы памяняліся. Усё памянялася. Вельмі вялікія намаганні патрэбны, каб зразумець. Яшчэ гэтая няздольнасць выказацца…
Я — біёлаг. Мая дыпломная праца — паводзіны восаў. Два месяцы сядзела на бязлюдным востраве. У мяне было там сваё асінае гняздо. Яны прынялі мяне ў сваю сям'ю пасля таго, як тыдзень прыглядаліся. Бліжэй, чым на тры метры, нікога не падпускалі, а мяне на дзесяць сантыметраў ужо праз тыдзень. Я падкармлівала іх з запалкі варэннем проста на гняздзе. "Не разбурай мурашнік, гэта разумная форма чужога жыцця", — любімая прымаўка нашага выкладчыка. Асінае гняздо звязана з усім лесам, і я паступова таксама раблюся часткаю ландшафту. Падбягае мышанё і сядае на мыскі маіх красовак, дзікае, лясное, але яно ўжо ўспрымае мяне, як частку пейзажа, учора сядзела, сёння сяджу, заўтра буду сядзець…
Пасля Чарнобыля… На выстаўцы дзіцячых малюнкаў: ходзіць па чорным вясновым полі бусел… I подпіс: "Буслу ніхто нічога не сказаў". Гэта — мае пачуцці. А была праца. Мы ездзілі па вобласці, адбіралі пробы вады, пробы зямлі — і адвозілі ў Мінск. Дзяўчаткі нашы бурчэлі: "Гарачыя піражкі возім". Ні засцярогі, ні спецадзення. Сядзіш на пярэднім сядзенні, а за спіною пробы — "свецяцца". Складалі акты для захоўвання радыеактыўнага грунту. Хавалі зямлю ў зямлі… Гэткі дзіўны чалавечы занятак… Па інструкцыі захоўванне належыць ажыццяўляць з геалагічнай разведкай, каб глыбіня залягання грунтовых вод была не меней за чатыры-шэсць метраў, а глыбіня захавання — невялікая, сцены і дно катлавана заслаць поліэтыленавай плёнкай. Але гэта па інструкцыі. А ў жыцці, натуральна, па-іншаму. Як заўсёды. Ніякай геолагаразведкі. Тыцнуць пальцам: "Тут капай". Экскаватаршчык капае. "Дык на якую глыбіню капалі?" — "А чорт яго ведае! Вада з'явілася, я кінуў". Бухалі проста ў грунтовыя воды…
Вось кажуць: святы народ, злачынны ўрад… Я пасля вам скажу, што пра гэта думаю… Пра народ наш і пра сябе…
Самая вялікая камандзіроўка ў мяне была ў Краснапольскі раён, я ўжо казала, самы-самы. Каб папярэдзіць змыванне радыенуклідаў з палёў у рэкі, трэба было зноў жа дзейнічаць па інструкцыі: праараць двайныя барозны, прамежак — і яшчэ раз двайныя барозны, і далей праз такія ж інтэрвалы. Трэба праехаць уздоўж усіх малых рэк. Да райцэнтра дабіраюся рэйсавым аўтобусам, а далей, натуральна, трэба машына. Іду да старшыні райвыканкома. Старшыня сядзіць у сваім кабінеце, абхапіў галаву рукамі: план ніхто не здымаў, структуры севазвароту ніхто не мяняў, як сеялі гарох, так і сеюць, хоць і ведаюць, што гарох больш за ўсё бярэ радыяцыю, як і ўсе бабовыя. А там мясцінамі сорак кюры і вышэй. Яму не да мяне. У дзіцячых садках разбегліся кухары і медсёстры, дзеці галодныя. Зрабіць аперацыю апендыцыту — трэба везці чалавека на "хуткай" у суседні раён, шэсцьдзесят кіламетраў па дарозе, што як мыцельная дошка. Усе хірургі з'ехалі. Якая машына?! Тады я паткнулася да вайскоўцаў. Маладыя хлопцы, яны адпрацавалі там па паўгода. Зараз адчайна хварэюць. Далі ў маё распараджэнне бэтээр з экіпажам, нават не, не бэтээр, а бээрдэмку, як яны яе звалі (БРДМ) — разведвальная машына з кулямётам. Я вельмі шкадавала, што не сфатаграфавалася на ёй. На брані. Зноў — рамантыка. Прапаршчык, які камандаваў гэтай машынай, увесь час звязваўся з базай: "Сокал! Сокал! Працягваем работу". Едзем, дарогі нашы, лясы нашы, а мы — на баявой машыне. Стаяць ля платоў жанчыны. Стаяць і плачуць. Апошні раз яны бачылі гэтую тэхніку ў час Айчыннай вайны. I ў іх страх, што пачалася вайна.