Я — гісторык… Раней шмат займаўся лінгвістыкай, філасофіяй мовы. Не толькі мы думаем моваю, але і мова думае намі. У васемнаццаць гадоў, а можа, і трохі раней, калі я пачаў чытаць самвыд, адкрыў для сябе Шаламава, Салжаніцына, я раптам зразумеў, што ўсё маё дзяцінства, дзяцінства маёй вуліцы, а рос я ў інтэлігентнай сям'і (прадзед святар, бацька прафесар Пецярбургскага універсітэта), прасякнута лагернай свядомасцю. I ўвесь слоўнік майго дзяцінства — мова зэкаў. Для нас, падлеткаў, гэта было зусім натуральна: бацьку называлі паханам, маці — маханай. "На хітрую жопу ёсць х… з вінтом" — гэта я ў дзевяць гадоў засвоіў. Ніводнага цывільнага слова. Нават гульні, прымаўкі, загадкі былі зэкаўскія. Таму што зэкі — гэта не асобны свет, які існаваў недзе ў турмах, далёка. Гэта ўсё было побач. Як пісала Ахматава, "полстраны сажало, полстраны сидело". Думаю, што вось гэта наша лагерная свядомасць немінуча павінна была сутыкнуцца з культурай. З цывілізацыяй, з сінхрафазатронам…
Ну і, вядома, мы былі выхаваны ў асаблівым савецкім паганстве: чалавек — уладар, вянец тварэння. I ягонае права рабіць са светам усё, што ён захоча. Мічурынская формула: "Мы не можам чакаць літасцяў ад прыроды, узяць іх у яе — наша задача". Спроба прышчапіць народу тыя якасці, тыя ўласцівасці, якіх у яго няма. Псіхалогія гвалтаўніка. Выклік гісторыі, выклік прыродзе. Цяпер усе раптам загаварылі пра Бога. Чаму яго не шукалі ў Гулагу, у камерах трыццаць сёмага, на партсходах сорак восьмага, калі грамілі касмапалітызм, пры Хрушчове, калі бурылі храмы? Сучасны падтэкст рускага богашукальніцтва хлуслівы. Бамбім мірныя хаты ў Чачні… Абгарэлых рускіх танкістаў зграбаюць рыдлёўкамі і віламі… Тое, што ад іх засталося… I тут жа са свечкай ідзём у храм… На Хрыстовы Народзіны…
Што трэба? Адказаць на пытанне: ці здольная руская нацыя на такі глабальны перагляд усёй сваёй гісторыі, як аказаліся на гэта здольныя пасля другой сусветнай вайны японцы? Немцы? Ці хопіць у нас інтэлектуальнай мужнасці? Пра гэта амаль не гавораць. Гавораць пра рынак, пра ваўчэры, чэкі… Мы ў чарговы раз выжываем. Уся энергія траціцца на гэта. А душа пакінута… Тады навошта ўсё гэта? Ваша кніга? Мае бяссонныя ночы? Калі жыццё наша, як чырк запалкай? Тут можа быць некалькі адказаў. Прымітыўны фаталізм. I могуць быць вялікія адказы. Рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць: у чыгунку, у жабу (нігіліст Базараў), у візантыйства, у атам… А цяпер вось — у рынак…