Увечары звоніць мой сябра. Фізік-ядзершчык, доктар навук… Як бяспечна! З якою вераю мы жылі! Толькі цяпер гэта разумееш… Ён звоніць і кажа між іншым, што хоча паехаць на майскія святы да жончыных бацькоў на Гомельшчыну. Адтуль жа рукою падаць да Чарнобыля? Едзе з малымі дзецьмі. "Выдатнае рашэнне! — я крычаў. — Ты звар'яцеў!" Гэта аб прафесіяналізме. I пра нашу веру. Я роў на ўсё горла. Ён, напэўна, не памятае, што я ўратаваў ягоных дзяцей… (Пасля перадышкі.)
Мы… Я кажу пра ўсіх нас… Мы Чарнобыль не забылі, мы яго не зразумелі. Што дзікуны маглі зразумець у маланцы?
У кнізе Алеся Адамовіча… Яго размова з Андрэем Сахаравым пра атамную бомбу… "А вы ведаеце, як хораша пахне азонам пасля ядзернага выбуху?" — пытаўся акадэмік, бацька вадароднай бомбы. У гэтых словах рамантыка. Для мяне… Майго пакалення… Прабачце, па твары бачу рэакцыю… Вам здаецца гэта захапленнем перад сусветным кашмарам… А не перад чалавечым геніем… Але гэта цяпер ядзерная энергетыка ўніжана, зганьбавана. А маё пакаленне… У сорак пятым, калі ўзарвалі атамную бомбу, мне было семнаццаць гадоў. Я любіў фантастыку, марыў паляцець на іншыя планеты. Вырашыў, што ядзерная энергія падыме нас у космас. Паступіў у Маскоўскі энергетычны інстытут і там даведаўся, што ёсць звышсакрэтны факультэт — фізіка-энергетычны. Пяцідзесятыя-шасцідзесятыя гады… Фізікі-ядзершчыкі… Эліта… Захапленне. Гуманітарыі адапхнуты… У трох капейках, гаварыў наш школьны настаўнік, столькі энергіі, што можа працаваць электрастанцыя. Дух займала! Я зачытваўся амерыканцам Смітам, ён пісаў, як вынайшлі атамную бомбу, праводзілі выпрабаванні, пра падрабязнасці выбуху. У нас усё трымалася ў сакрэце. Я чытаў… Уяўляў… Фільм пра савецкіх атамшчыкаў "Дзевяць дзён аднаго года" ўся краіна глядзела. Высокія зарплаты, сакрэтнасць дадавалі рамантызму. Культ фізікі! Час фізікі! Нават калі ўжо ў Чарнобылі рванула… Выклікалі вучоных… Яны прыляцелі на рэактар спецрэйсам, але многія не ўзялі з сабою нават прыбора для галення, меркавалі, што ляцяць на некалькі гадзін. Час фізікі ў Чарнобылі скончыўся…
Вы ўжо інакш глядзіце на свет… У Канстанціна Лявонцьева нядаўна вычытаў думку аб тым, што вынікі фізіка-хімічнай разбэшчанасці прымусяць калі-небудзь касмічны розум умяшацца ў нашы зямныя справы. А мы, выхаваныя ў сталінскі час, мы не маглі ў сваіх думках дапусціць існавання нейкіх звышнатуральных сіл. Біблію я прачытаў пасля… I пашлюбаваўся з адной і той жа жанчынай двойчы. Пайшоў і вярнуўся. Яшчэ раз спаткаліся ў гэтым свеце. Жыццё дзівосная нпука! Загадкавая! Цяпер я веру… У што я веру? Што трохмерны свет ужо зацесны для сучаснага чалавека… Чаму сёння гэткая цікавасць да фантастыкі? Чалавек адрываецца ад зямлі… Ён арудуе іншымі катэгорыямі часу, не адной зямлёй, а рознымі светамі. Апакаліпсіс… Ядзерная зіма… У заходняй літаратуры ўсё гэта ўжо напісалі, як быццам адрэпеціравалі. Яны рыхтаваліся да будучыні. Выбух вялікай колькасці ядзернай зброі прывядзе да велізарных пажараў. Атмасфера напоўніцца дымам. Сонечныя праменні не змогуць прабівацца да зямлі, а там ланцуговая рэакцыя пайшла — холадна, халадней, халадней. Гэтую свецкую версію пра "канец свету" ўкараняюць з часу прамысловай рэвалюцыі васемнаццатага стагоддзя. Але атамныя бомбы не знікнуць нават тады, калі знішчаць апошнюю боегалоўку. Застануцца веды…
Вы толькі пытаецеся, але я з вамі ўвесь час спрачаюся. У нас спрэчка паміж пакаленнямі… Вы заўважаеце? Гісторыя атама — гэта не толькі ваенны сакрэт, тайна, пракляцце. Гэта — наша маладосць, наш час… Наша рэлігія…
Пяцьдзесят гадоў мінула, усяго пяцьдзесят гадоў. Цяпер мне таксама часам здаецца, што светам кіруе нехта іншы, што мы са сваімі гарматамі і касмічнымі караблямі — як дзеці. Але я ў гэтым яшчэ не пераканаўся… Дзівосная штука жыццё! Я любіў фізіку і думаў: нічым, акрамя фізікі, займацца ніколі не буду, а цяпер хачу пісаць. Усё адыходзіць, усё знікае, нашы пачуцці мяняюцца…
…Перад аперацыяй… Я ўжо ведаў, што ў мяне рак… Я думаў, што мне засталося жыць дні, і страшэнна не хацелася паміраць. Знячэўку я ўбачыў кожны лісцік, яркія краскі, яркае неба, найярчэйша-шэры асфальт, трэшчыны на ім, а ў іх мурашы бегаюць. Не, думаю, іх трэба абыходзіць. Шкада іх. Навошта, каб яны паміралі? Ад водару лесу ў мяне кружылася галава… Пах успрымаўся мацней, чым колер. Лёгкія бярозы… Цяжкія яліны… I ўсё гэта я не ўбачу? На секунду, на хвіліну даўжэй пражыць! Навошта я столькі часу, гадзін, дзён прасядзеў ля тэлевізара, сярод кіпаў газет? Галоўнае — жыццё ісмерць…"