Выбрать главу

Ля выселеных вёсак стаялі вышкі, салдаты на вышках са зброяй. Шлагбаумы. Таблічкі: "Узбочына заражана. Уезд і прыпынак строга забаронены". Шэрыя дрэвы, аблітыя дэзактывацыйнай вадкасцю. Мазгі адразу набакір! У першыя дні баяліся сесці на зямлю, на траву, не хадзілі, а бегалі, ледзь машына пройдзе — нацягвалі рэспіратары. Пасля змены сядзелі ў палатках. Ха-ха! Праз пару месяцаў… Гэта ўжо нешта нармальнае, — гэта ўжо тваё жыццё. Рвалі слівы, брадніком рыбу лавілі, там шчупакі — ого-го! I ляшчы. Ляшчоў сушылі да піва. Вам пра гэта ўжо, напэўна, расказвалі? У футбол гулялі. Купаліся! Ха-ха…(Зноў смяецца.) Верылі ў лёс, у глыбіні душы мы ўсе фаталісты, а не аптэкары. Не рацыяналісты. Менталітэт славянскі… Я верыў у сваю зорку! Ха-ха! Інвалід другой групы… Захварэў адразу. "Прамянёўка" праклятая… А ў мяне нават медыцынскай карткі ў паліклініцы не было да гэтага. Ліха з ім! Не я адзін… Менталітэт…

Я — салдат, я зачыняў чужую хату, заходзіў у чужое жытло. Гэта такое адчуванне… Зямля, на якой нельга сеяць… Карова торкаецца ў весніцы, а яны зачынены і на хаце замок. Малако капае на зямлю… Гэта такое адчуванне! У вёсках, якія яшчэ не выселілі, сяляне гналі самагонку, іхні заробак. Прадавалі нам. А ў нас грошай засыпся: трайныя аклады на рабоце і сутачныя ішлі трайныя. Пасля выйшаў загад: хто будзе піць, пакінуць на другі тэрмін. Дык гарэлка памагае ці не? Ну, хоць бы псіхалагічна… Там у гэта свята верылі… Сялянскае жыццё цякло проста: нешта пасадзіў, вырасціў, сабраў, а ўсё астатняе ідзе без іх. Ім ні да цара, ні да ўлады… Ні да касмічных караблёў і атамных станцый, мітынгаў у сталіцы. I яны не маглі паверыць, што жывуць у Чарнобылі, яны ж нікуды не з'язджалі. Людзі паміралі ад узрушэнняў… Дровы з сабой забіралі тайком, зялёныя памідоры зрывалі, закручвалі. Слоікі ўзрываліся, яшчэ раз кіпяцілі. Як гэта знішчыць, закапаць, ператварыць у смецце? Тое, чым займаліся мы. Мы для іх былі ворагі… Рваўся на рэактар. "Не спяшайся, — кажуць, — у апошні месяц, перад дэмбелем усіх на дах пагоняць". Служылі мы шэсць месяцаў. I праўда, праз пяць месяцаў перадыслакацыя, цяпер ужо пад самы рэактар. Жарцікі розныя і сур'ёзныя гаворкі, што вось праз дах прапусцяць. Ну, хай пяць гадоў пасля гэтага працягнем… Сем… Дзесяць… Часцей называлася лічба "пяць" чамусьці. Адкуль яна ўзялася? Без шуму, без панікі. "Добраахвотнікі, крок наперад!" Уся рота — крок наперад. Перад камандзірам — манітор, уключае — на экране дах рэактара: кавалкі графіту, расплаўлены бітум. "Вунь, хлопцы, бачыце, абломкі ляжаць. Пачысціце. А вось тут, у гэтым квадраце, тут праб'ём адтуліну". Час — сорак-пяцьдзесят секунд. Туды — назад, забег — кідок. Хтосьці нагрузіў насілкі, іншыя скінулі. Туды, у рэактар. Скінуў, але ўніз не глядзі, нельга. Зазіралі. Газеты пісалі: "Паветра над рэактарам чыстае". Чыталі, смяяліся, мацюкаліся. Паветра чыстае, а мы дозы вунь якія хапаем. Выдалі дазіметры. Адзін — на пяць рзнтгенаў, яго з першай хвіліны зашкальвала, другі, накшталт аўтаручкі, на дзвесце рэнтгенаў, таксама зашкальвала. Пяць гадоў, сказалі, нельга будзе мець дзяцей… калі за пяць гадоў не памром… Ха-ха! (Смяецца.) Жарцікі розныя… Але без шуму, без панікі. Пяць гадоў… Я ўжо дзесяць пражыў… Ха-ха!.. (Смяецца.) Уручылі нам граматы. Іх у мяне дзве… З усімі гэтымі карцінкамі: Маркс, Энгельс, Ленін… Чырвоныя сцягі… Адзін хлопец знік, думалі, што збег. Праз два дні знайшлі ў кустах. Павесіўся. Адчуванне ва ўсіх такое, самі разумееце… Тады выступіў нампаліт, што, маўляў, ён пісьмо з дому атрымаў — жонка яму здрадзіла. Хто яго ведае? Праз тыдзень у нас дэмбель. А яго знайшлі ў кустах… Быў у нас кухар, ён гэтак баяўся, што жыў не ў палатцы, а на складзе, дзе выкапаў сабе нару пад скрынкамі з маслам і тушонкай. Перанёс туды матрац, падушку… Жыў пад зямлёй… Прысылаюць разнарадку: набраць новую каманду і ўсіх на дах. А ўсе ўжо былі там. Знайсці людзей! Ну, і яго замялі. Адзін толькі раз залез… Другая група інваліднасці… Звоніць часта мне. Сувязі не губляем, трымаемся адзін за аднаго, за сваю памяць, яна будзе жыць столькі, колькі мы пражывём. Так і напішыце…