Выбрать главу

У газетах хлусня… Нідзе не чытаў, як шылі мы сабе кальчугі… Сарочкі свінцовыя… Трусікі… Нам выдалі гумавыя халаты, напыленыя свінцом. Але плавачкі варганілі сабе свінцовыя… За гэтай рэччу сачылі. У адной вёсцы нам паказалі два тайныя дамы спаткання… Мужчыны, адлучаныя ад дому, шэсць месяцаў без жанчын, экстрэмальная сітуацыя. Усе наязджалі. А дзяўчаткі мясцовыя пагульвалі, усё роўна, плакалі, хутка памром. Плавачкі свінцовыя… Надзяваліся паверх штаноў… Напішыце… Анекдоты травілі. Вось, калі ласка. Амерыканскі робат выправілі на дах, пяць хвілін папрацаваў — стоп. Японскі робат пяць хвілін папрацаваў — стоп. Рускі робат дзве гадзіны працуе. Каманда па рацыі: "Радавы Іваноў, праз дзве гадзіны можаце спусціцца ўніз на перакур". Ха-ха!.. (Смяецца.)

Перад тым, як нам выходзіць на рэактар, камандзір інструктуе… Строй стаіць… Некалькі хлопцаў узбунтаваліся: "Мы ўжо там былі, нас дадому павінны адправіць". Мой, напрыклад, клопат — паліва, бензін, а мяне таксама на дах пасылалі. Але я маўчаў. Я сам хацеў. А гэтыя ўзбунтаваліся. Камандзір: "У нас на дах пойдуць добраахвотнікі, астатнія крок са строю, з вамі правядзе гаворку пракурор". Ну, гэтыя хлопцы пастаялі, параіліся і пагадзіліся. Прысягу прымаў, значыць, павінен, сцяг цалаваў… Мне здаецца, ніхто з нас не сумняваўся, што могуць пасадзіць і даць тэрмін. Чутка прасачылася, што два-тры гады даюць. Калі салдат атрымліваў больш за дваццаць пяць рэнтгенаў, то камандзіра маглі пасадзіць за тое, што апраменіў асабовы састаў. Ні ў кога больш чым дваццаць пяць рэнттенаў… Ува ўсіх меней… Разумееце? Але людзі мне падабаліся. Двое захварэлі, знайшоўся адзін, сам сказаў: "Давайце я". А ён ужо адзін раз на даху быў тым днём. Запаважалі. Прэмія — пяцьсот рублёў. Другі яму наверсе дзёўб, час злазіць — дзяўбе. Мы яму махаем: "Уніз!" А ён на калені ўпаў і дабівае. Дах трэба было ў гэтым месцы прабіць, каб жолаб уставіць, смецце спускаць. Пакуль не прабіў — не падняўся. Прэмія — тысячу рублёў. За гэтыя грошы тады можна было купіць два матацыклы. У яго цяпер першая група інваліднасці… Але за страх плаціліадразу…

Дэмбель. Пагрузіліся ў машыны. Колькі ехалі па зоне, столькі сігналілі. Я азіраюся на тыя дні… Я быў побач з чымсьці… З чымсьці фантастычным. Слоў не хапае… А вось гэтыя словы: "гіганцкі", "фантастычны", — яны ўсяго не перадаюць. Было такое адчуванне… Якое? Такое адчуванне я не зведаў нават у каханні…"

Аляксандр Кудрагін, ліквідатар

Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець

"Вам патрэбны факты, падрабязнасці тых дзён? Ці мая гісторыя? Напрыклад, я ніколі не займаўся фатаграфіяй, а там раптам пачаў здымаць, са мной выпадкова аказаўся фотаапарат. Так, думаў, для сябе. А цяпер гэта — мая прафесія. Я не змог пазбавіцца ад новых пачуццяў, якія зведаў, гэта былі не кароткія перажыванні, а цэлая душэўная гісторыя. Разумееце?

(Гаворыць і раскладвае на стале, крэслах, падаконніку фатаграфіі: аграмадны, велічынёю з кола, сланечнік; буслінае гняздо ў пустой вёсцы; самотныя вясковыя могілкі з таблічкай ля варотаў: "Высокая радыяцыя. Уваход і ўезд забаронены"; дзіцячая каляска ў двары хаты з забітымі вокнамі, на калясцы сядзіць варона, як над сваім гняздом; пракаветны жураўліны ключ над здзічэлым полем…) Пытаюцца. "Чаму не здымаеш на каляровай плёнцы? У колеры!" Але ж Чарнобыль… Чорная быль… Астатнія фарбы не існуюць… Мая гісторыя? Каментарый да гэтага… (Паказвае на фатаграфіі.) Добра. Паспрабую. Разумееце, усё гэта ёсць тут… (Зноў паказвае на фатаграфіі.) Тым часам я працаваў на заводзе, а завочна вучыўся ва універсітэце на гістарычным. Слесар другога разраду. Нас набралі групу і тэрміновым чынам адправілі. Як на фронт.

— Куды едзем?

— Куды загадаюць.

— Што будзем рабіць?

— Што загадаюць.

— Але мы — будаўнікі.

— Вось і будзеце будаваць. Адбудоўваць.

Будавалі падсобныя памяшканні: пральні, склады, паветкі. Мяне паставілі на разгрузку цэменту. Які цэмент, адкуль — ніхто не правяраў. Загружалі, выгружалі. Дзень грабеш рыдлёўкай, пад вечар адны зубы блішчаць. Чалавек з цэменту. I сам, і спяцоўка наскрозь. Увечары яе атрос, разумееце, а раніцою зноў надзеў. Праводзілі з намі палітгутаркі. Героі, подзвіг, на пярэднім краі… Вайсковая лексіка… Што такое бэр? Што такое мілірэнтген? Задаём пытанні, камандзір растлумачыць не можа, у вайсковым вучылішчы яго гэтаму не вучылі. Мілі, мікра… Кітайскае пісьмо. "Навошта вам ведаць? Выконвайце, што загадаюць. Тут вы — салдаты". Мы — салдаты, але не зэкі.