Прыбыла камісія. "Ну, — супакойваюць, — у вас усё нармальна. Фон нармальны. Вось кіламетры чатыры адсюль, там жыць нельга, людзей будуць высяляць. А ў вас спакойна". З імі дазіметрыст, ён вазьмі ды ўключы скрынку, якая вісела ў яго на плячы, і доўгім гэтым шастом — па нашых ботах. I як скочыць убок, — міжвольная рэакцыя…
Вось тут пачынаецца самае цікавае для вас, як пісьменніка, асабліва. Як доўга, вы мяркуеце, мы ўспаміналі пра гэты момант? Сама больш некалькі дзён. Ну, не здольны наш чалавек думаць толькі пра сябе, пра ўласнае жыццё, быць замкнёнай такой сістэмай. Палітыкі нашы не здольныя думаць пра вартасць жыцця, але і сам чалавек таксама. Разумееце? Не гэтак мы злеплены. З іншага цеста. Вядома, мы ўсе там пілі і прытым моцна пілі. Да ночы цвярозых не заставалася. Пасля першых дзвюх чарак хтосьці засумуе, успомніць пра жонку, пра дзяцей, пра сваю працу раскажа. Начальства мацюгне. Але потым, пасля адной-дзвюх пляшак… Гаворкі толькі пра лёс краіны і пра ўладкаванне Сусвету. Спрэчкі пра Гарбачова і Лігачова. Пра Сталіна. Вялікая мы дзяржава ці не, адолеем ці не адолеем амерыканцаў? Восемдзесят шосты год… Чые самалёты лепшыя, а касмічныя караблі больш надзейныя? Ну, Чарнобыль выбухнуў, але наш чалавек першым вырваўся ў космас! Разумееце, да хрыпаты, да ранку. Пра тое, чаму ў нас няма дазіметраў і не даюць якіх-небудзь парашкоў на ўсялякі выпадак, чаму няма пральных машын, каб спяцоўкі штодня мыць, а не два разы ў месяц — гэта абмяркоўвалася ў апошнюю чаргу. Між іншым. Ну, гэтак мы, разумееце, скроены. Каб яго чорт узяў!
Гарэлка была даражэй за золата. Купіць немагчыма. У навакольных вёсках пілі ўсё: гарэлку, самагонку, ласьён, дабраліся да лакаў, аэразоляў… На стале — трохлітровы слоік з самагонам ці авоська з адэкалонам "Шыпр"… I гаворкібалантэсы. Сярод нас былі настаўнікі, інжынеры… Поўны інтэрнацыянал: рускія, беларусы, казахі, украінцы. Філасофскія гаворкі… Пра тое, што мы — нявольнікі матэрыялізму, а матэрыялізм абмяжоўвае нас рэчавым светам. Чарнобыль — выйсце ў бясконцасць. Я памятаю, як дыскутавалі пра лёс рускай культуры, пра яе схільнасць да трагічнага. Без ценю смерці нічога немагчыма зразумець. Толькі на грунце рускай культуры і можна будзе асэнсаваць катастрофу… Толькі яна да гэтага гатовая… Баяліся бомбы, атамнага грыба, а вунь што сталася… Ведаем, як палае дом ад сярнічкі ці снарада… Ну, а гэта ні на што было не падобна… Даходзілі чуткі, што агонь незямны, нават не агонь, а святло. Мігценне. Ззянне. Не сінеча, а блакіт. I не дым. Вучоныя раней сядзелі на месцы багоў, а цяпер — паўшыя анёлы. Дэманы! Чалавечая прырода як была, так і засталася для іх таямніцай. Я — рускі, з Браншчыны. У нас сядзіць, разумееце, стары на парозе, хата скасабочылася, неўзабаве абурыцца, а ён філасофствуе, свет перабудоўвае. А мы — пад самым рэактарам…
Да нас заляталі газетныя рэпарцёры. Здымалі. Сюжэты надуманыя. Здымаюць акно пустой хаты, кладуць перад ім скрыпку… I называюць — чарнобыльская сімфонія. А там нічога не трэба было прыдумляць. Хацелася зберагчы ў памяці ўсё: раструшчаны трактарам глобус у школьным двары, счарнелую памытую бялізну, якая вісіць ужо каторы месяц на балконе, пакінутыя брацкія магілы… Трава на іх упоравень з гіпсавымі салдатамі-помнікамі, а на гіпсавых аўтаматах — птушыныя гнёзды. Дзверы ў хаце выбіты, ужо яе абшнарылі марадзёры, а фіранкі на вокнах зашморгнены. Людзі з'ехалі, засталіся жыць іх фатаграфіі ў хатах. Бы іх душы. Не было нічога няважнага, дробязнага. Усё хацелася запомніць дакладна і падрабязна: часіну дня, калі гэта ўбачыў, колер неба, свае адчуванні. Разумееце? Чалавек пакінуў гэтыя мясціны назаўсёды. Мы — першыя людзі, што перажылі гэтае "назаўсёды". Няможна выпусціць з-пад увагі ніводнай дробязі… Твары старых сялян, падобныя на абразы… Ім меней за ўсё зразумела тое, што здарылася. Яны ніколі не пакідалі свой двор, сваю зямлю. Паяўляліся на свет, кахаліся, здабывалі хлеб надзённы ў поце твару свайго, прадаўжалі род… Дачэкваліся ўнукаў… I пражыўшы жыццё, пакідалі гэтую зямлю, адыходзячы ў яе, робячыся ёю. Беларуская хата! Гэта для нас, гараджан, дом — машына для жыцця. А для іх— цэлы свет. Космас. Едзеш праз пустыя вёскі… I гэтак хочацца напаткаць чалавека… Разрабаваная царква… Мы зайшлі: пахла воскам. Захацелася памаліцца…