Выбрать главу

Я хацеў усё гэта запомніць. Я пачаў фатаграфаваць… Гэта — мая гісторыя…

Нядаўна пахаваў сябра, з якім быў там. Ён памёр ад раку крыві. Памінкі. Па славянскім звычаі выпілі, закусілі, разумееце. I пачаліся гаворкі, да поўначы. Спачатку пра яго, пра адышоўшага. А потым? А потым зноў пра лёс краіны і пра ўладкаванне Сусвету. Выйдуць рускія войскі з Чачні ці не выйдуць? Пачнецца другая каўказская вайна ці яна ўжо йдзе? Якія шанцы ў Жырыноўскага стаць прэзідэнтам? Якія ў Ельцына? Пра англійскую карону і прынцэсу Дыяну. Пра рускую манархію. Пра Чарнобыль. Цяпер ужо розныя здагадкі… Адназ іх, што іншапланецяне ведалі аб катастрофе і дапамаглі нам, другая — гэта быў касмічны эксперымент, і праз нейкі час пачнуць нараджацца дзеці з геніяльнымі здольнасцямі. А можа, беларусы знікнуць, як некалі зніклі іншыя народы: скіфы, хазары, сарматы, кімерыйцы, хуастэкі? Мы — метафізікі… Жывём не на зямлі, а ў марах, у гаворках. Да будзённага жыцця нам трэба нешта дадаць, каб яго зразумець. Нават побач са смерцю…"

Віктар Латун, фатограф

Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць

"Мая дачка нядаўна сказала: "Мама, калі я нараджу калеку, я ўсё роўна буду яго любіць". Уявіце сабе?! Яна вучыцца ў дзесятым класе, у яе ўжо такія думкі. Яе сяброўкі… Яны ўсе пра гэта думаюць… У нашых знаёмых нарадзіўся хлопчык… Чакалі яго, першынец. Прыгожая маладая пара. А ў хлопчыка рот да вушэй, а вушак няма… Я не хаджу да іх, не наведваюся, як раней, не магу, а дачка не-не ды і забяжыць. Ёй хочацца туды, яна ці то прыглядваецца, ці то прымерваецца…

Маглі б з'ехаць адсюль, але падумалі мы з мужам і адмовіліся. Баімся. Мы ўсе тут — чарнобыльцы. Не палохаемся адно аднаго, калі хто частуе яблыкамі ці агуркамі са свайго саду і гарода, бяром і ямо, не хаваем сарамліва ў кішэню, сумачку, каб пасля выкінуць. Мы — з адной памяццю… З аднолькавым лёсам… А ўсюды, у любым іншым месцы мы — чужыя. Пракажоныя. Усе прывыклі да слоў: "чарнобыльцы", "чарнобыльскія дзеці", "чарнобыльскія перасяленцы"… Але вы нічога пра нас не ведаеце. Вы баіцеся нас… Напэўна, калі б нас не выпускалі адсюль, паставілі міліцэйскія кардоны, многія б з вас супакоіліся. (Запыняецца.) Не даказвайце адваротнае. Не пераконвайце. Я гэта перажыла… У першыя дні… Ухапіла дачку і рынулася ў Мінск да сястры… Мая родная сястра нас не пусціла ў хату, бо ў яе было малое дзіця, карміла грудзьмі. Уявіце сабе? I мы начавалі на вакзале. Вар'яцкія думкі прыходзілі ў галаву… Куды нам уцякаць? Можа, лепш рукі на сябе налажыць, каб не мэнчыцца… Гэта ж першыя дні… Усе ўяўлялі сабе нейкія страшэнныя хваробы. Неймаверныя. А я ж урач. Можна толькі здагадвацца, што рабілася з іншымі… Я гляджу на нашых дзяцей: куды б яны ні паехалі, яны адчуваюць сябе чужымі сярод сваіх равеснікаў… У піянерскім лагеры, дзе мая дачка адзін год адпачывала, да яе баяліся дакрануцца: "Чарнобыльскі вожык. Светлячок. Яна ў цемені свеціцца". Клікалі ўвечары на двор, каб праверыць — свеціцца ці не свеціцца…

Вось кажуць — вайна… Ваеннае пакаленне… Параўноўваюць… Ваеннае пакаленне? Ды яно ж шчаслівае! У іх была перамога. Яны перамаглі! Гэта дало ім магутную энергію жыцця, калі карыстацца сённяшнімі тэрмінамі, мацнейшую ўстаноўку на выжыванне. Яны нічога не баяліся. Хацелі жыць, вучыцца, нараджаць дзяцей. А мы? Мы ўсяго баімся… Баімся за дзяцей… За ўнукаў, якіх яшчэ няма… Іх няма, а нам ужо страшна… Людзі меней усміхаюцца, не спяваюць, як раней спявалі на святы. Не толькі ландшафт мяняецца, калі замест палёў зноў падымаюцца лясы, хмызнякі, але і нацыянальны характар. Ува ўсіх дэпрэсія… Адчуванне асуджанасці. Чарнобыль — метафара. Сімвал. I наш быт, лад мыслення…

Іншым разам думаю, што лепей бы вы пра нас не пісалі. Тады б нас менш баяліся. Не гавораць жа ў хаце хворага на рак пра ягоную страшную хваробу. А ў камеры пажыццёвага зняволення ніхто не ўспамінае пра тэрмін…"

Надзея Апанасаўна Буракова, жыхарка гарадскога пасёлка Хойнікі

Маналог пра нямога салдата

"У самую зону я не паеду, а раней мяне вабіла… Калі буду гэта бачыць, думаць пра гэта, я захварэю і памру. Памятаеце, быў фільм "Ідзі і глядзі". Я не змагла яго даглядзець, я страціла прытомнасць. Там забівалі карову. У яе зрэнка на ўвесь экран. Як забівалі людзей, я ўжо не бачыла… Не!! Мастацтва — гэта любоў, абсалютна ў гэтым пераканана! Не хачу ўключаць тэлевізар, чытаць сённяшнія газеты. Там забіваюць, забіваюць… У Чачні, Босніі… Трачу розум, у мяне псуецца зрок. Банальнасць жаху… Сённяшнія жахі на экране страшнейшыя за ўчарашнія. Інакш ужо не страшна. Мы перайшлі рысу…