У нас, у беларусаў, ніколі не было вечнага. Мы не мелі нават вечнай зямлі, увесь час яе нехта забіраў, змятаў нашы сляды. I мы не маглі жыць вечным, як у Старым запавеце напісана: гэты нарадзіў таго, а той таго. Мы не ведаем, што з гэтым вечным рабіць, мы не ўмеем з ім жыць. Не здатныя яго асэнсаваць. А яно, нарэшце, даравана нам. Наша вечнае — гэта Чарнобыль. Вось яно ў нас з'явілася… I мы? Мы смяёмся… Людзі спачуваюць чалавеку, у якога згарэла хата, хлеў… Усё згарэла… А ён у адказ: "Ну, а затое колькі ж мышэй ляснула!" — і шапку аб падлогу. У гэтым увесь ён — беларус!
А нашы багі не смяюцца. Нашы багі — пакутнікі. Гэта ў старажытных грэкаў былі смяшлівыя багі, вясёлыя. А што, калі фантазіі, сны, анекдоты, — гэта таксама тэксты? Пра тое, хто мы? Але мы не ўмеем іх чытаць… Я паўсюль чую адну мелодыю… Яна доўжыцца-доўжыцца… Не мелодыя, не песня, а галашэнне. Гэта запраграмаванасць нашага народа на любую бяду. А шчасце? Шчасце — рэч часовая, нечаканая. Народ кажа: "адна бяда — не бяда", "ад бяды кіем не адаб'ешся", "што ні мах, то ўсё бяда па зубах", "не да каляды, калі поўная хата бяды". Акрамя пакут, у нас нічога іншага няма. Няма іншай гісторыі, няма іншай культуры…
А мае студэнты кахаюцца, раджаюць дзяцей. Але яны ў іх ціхія, слабыя. Пасля вайны я вярнулася з канцлагера… Выжыла… Тады трэба было толькі выжыць. Я магла замест вады есці снег, улетку не вылазіць з рэчкі, ныраць па сто разоў. Іхнія дзеці не могуць есці снег. Нават самы чысты, самы белы снег…"
Лілія Міхайлаўна Кузьмянкова, выкладчык Магілёўскага культпрасветвучылішча, рэжысёр
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
"Я — чалавек свайго часу. Модна… Бяспечна нас зараз лаяць… Усе камуністы — злачынцы. Цяпер мы адказваем за ўсё, нават за законы фізікі. Я быў тады першым сакратаром райкома партыі. У газетах пішуць. Гэта яны, маўляў, камуністы, вінаватыя: будавалі кепскія, танныя атамныя станцыі: эканомілі, а чалавечыя жыцці не лічылі. Чалавек для іх — пясок, гной гісторыі. Кусі іх! Кусі! Праклятыя пытанні: што рабіць і хто вінаваты? Вечныя. Заўсёдныя. Усе ў нецярпенні, у празе помсты, крыві. Кусі іх! Кусі!
Іншыя маўчаць, а я скажу… Вы пішаце… Ну, не канкрэтна вы, а ў газетах пішуць — камуністы падманвалі народ, хавалі ад яго праўду. Але мы павінны былі… Тэлеграмы з цэка, з абкома партыі… Перад намі паставілі задачу: не дапусціць панікі. Паніка, сапраўды, страшная штука. Толькі ў час вайны гэтак сачылі за зводкамі з фронту, як тады за паведамленнямі з Чарнобыля. Страх. Чуткі. Людзі былі прыбіты не радыяцыяй, а здарэннем. Мы павінны былі… Нельга сказаць, што адразу ўсё хавалі, ніхто не разумеў маштабаў таго, што адбываецца. Кіраваліся вышэйшымі палітычнымі меркаваннямі. Але калі адкінуць эмоцыі, палітыку адкінуць… Трэба прызнаць, што ніхто не верыў у тое, што здарылася. Вучоныя і тыя не маглі паверыць! Ніводнага падобнага прыкладу… Не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце… Вучоныя там, на месцы, на самой станцыі вывучалі сітуацыю, і тут жа прымалі рашэнні. Я нядаўна глядзеў перадачу "Момант ісціны" з Аляксандрам Якаўлевым, членам Палітбюро, галоўным ідэолагам партыі ў той час. Побач з Гарбачовым… Што ён успамінае? Яны там, наверсе, таксама не ўяўлялі ўсёй карціны… На пасяджэнні Палітбюро хтосьці з генералаў тлумачыў: "А што радыяцыя? На палігоне… Пасля атамнага выбуху… Увечары выпілі па бутэльцы чырвонага віна. I нам нічога". Гаварылі пра Чарнобыль, як пра аварыю, звычайную аварыю…
Заяві я тады, што людзей нельга выводзіць на вуліцу. ("Вы што, хочаце сарваць Першамай?") Палітычная справа. Партбілет на стол. (Крыху супакойваецца.) Не анекдот, я мяркую, а праўда. Быль. Распавядаюць, што старшыня Урадавай камісіі Шчарбіна, які прыбыў на станцыю ў першыя дні пасля выбуху, запатрабаваў адразу ж адвезці яго на месца здарэння. Яму тлумачаць: графітныя завалы, шалёныя радыяцыйныя палі, высокая тэмпература — туды нельга. "Я павінен убачыць усё на ўласныя вочы, — крычаў ён на падначаленых. — Мне ўвечары дакладваць на Палітбюро". Вайсковы стэрэатып паводзін. Іншага не ведалі… Не разумелі, што ёсць фізіка… Ланцуговая рэакцыя… I ніякія загады і ўрадавыя пастановы яе не зменяць. Але заяві я тады, паспрабуй адмяніць першамайскую дэманстрацыю? (Зноў пачынае гарачыцца.) У газетах пішуць… Як быццам народ быў на вуліцах, а мы ў падземных бункерах сядзелі! Я стаяў на трыбуне дзве гадзіны пад гэтым сонцам… Без шапкі, без плашча… I на Дзевятага мая… У дзень Перамогі… Ішоў з ветэранамі… Іграў гармонік. Танцавалі. Выпівалі. Мы ўсе былі часткаю гэтай сістэмы. Верылі! Верылі ў высокія ідэалы. У перамогу! Пераможам і Чарнобыль! Узахлёб чыталі пра гераічную барацьбу па ўтаймаванні рэактара, які выйшаў з-пад улады людзей. Чалавек без ідэалаў? Гэта таксама страшна… Што цяпер робіцца… Развал. Безуладдзе. Патрэбны ідэалы… Толькі тады будзе моцная дзяржава. Высокія ідэалы! Яны ў нас былі.