Выбрать главу

У газетах… Па радыё і тэлебачанні крычалі: праўду, праўду!! На мітынгах патрабавалі: праўду! Дрэнна, вельмі дрэнна… Вельмі дрэнна! Мы неўзабаве ўсе памром! Каму яна патрэбна такая праўда? Калі ў Канвент уварваўся натоўп і запатрабаваў пакарання Рабесп'ера, хіба праўда была на баку натоўпу? Падпарадкавацца натоўпу, стаць натоўпам… Азірніцеся наўкол… Паглядзіце, што цяпер адбываецца? (Маўчыць.) Калі я — злачынец, дык чаму мая ўнучка… Маё дзіця… Яна таксама хворая… Дачка нарадзіла яе той вясной, прывезла да нас у Слаўгарад у пялюшках. У калясцы. Яны прыехалі праз некалькі тыдняў пасля выбуху на станцыі… Верталёты лётаюць, ваенныя машыны на дарогах… Жонка прасіла: "Трэба іх адправіць да сваякоў. Вывезці адсюль". Я быў першым сакратаром райкома партыі… Я катэгарычна забараніў: "Што людзі падумаюць, калі я сваю дачку з малым дзіцем вывезу? Іхнія ж дзеці тут застаюцца". Тых, хто ўцякаў, ратаваў сваю скуру… Я выклікаў іх у райком, на бюро: "Ты камуніст ці не камуніст?" Людзі правяраліся. Калі я злачынец, дык чаму я забіваў сваё дзіця? (Далей бязладна.)

Вы прасілі расказаць пра першыя дні… На Украіне — трывога, а ў нас у Беларусі ўсё спакойна. Пасяўная ў разгары. Я не хаваўся, не адседжваўся ў кабінетах, а матляўся па палях, лугах. Аралі, сеялі. Вы забылі, што да Чарнобыля атам называлі мірным працаўніком, ганарыліся: жывём у атамнай эры. Атамнага страху не памятаю… Ну, што такое — першы сакратар райкома партыі? Звычайны чалавек са звычайным інстытуцкім дыпломам, часцей за ўсё інжынера ці агранома. Хтосьці яшчэ скончыў вышэйшую партыйную школу. Я ведаў аб радыяцыі тое, што нам паспелі расказаць на курсах грамадзянскай абароны. Там я не чуў ні слова пра цэзій у малацэ, пра стронцый… Мы везлі малако з цэзіем на малаказаводы. Здавалі мяса. Касілі саракакюрыйную траву. Выконвалі планы… Я іх выбіваў. Планы з нас ніхто не здымаў…

Адзін штрых… Пра тое, якія мы былі тады… У тыя першыя дні людзі зведвалі не толькі страх, але і ўздым. Я — чалавек, у якога адсутнічае інстынкт самазахавання. (Падумаўшы.) Моцна развіта пачуццё абавязку… У мяне на стале ляжалі дзесяткі заяў з просьбай: "Прашу накіраваць у Чарнобыль". Добраахвотнікі. Што б вы там ні пісалі, але быў ён, савецкі характар. I быў ён, савецкі чалавек. Што б вы там ні пісалі…

Прыязджалі да нас вучоныя, яны спрачаліся да крыку. Да хрыпаты. Падыходжу да аднаго: "Нашы дзеці ў радыяцыйным пяску корпаюцца?" А ён мне ў адказ: "Панікёры! Дылетанты! Што вам аб радыяцыі вядома? Я — ядзершчык. Вось адбыўся ядзерны выбух. Праз дваццаць хвілін я ехаў да эпіцэнтра на уазіку. Па плаўленай зямлі. Што вы паніку падымаеце?" Я ім верыў. Я выклікаў да сябе ў кабінет людзей: "Браткі! Я ўцяку, вы ўцячэце. Што людзі пра нас падумаюць? Скажуць, што камуністы дэзерціравалі?" Калі не пераконваў словамі, пачуццямі, дзейнічаў іначай: "Ты патрыёт ці не патрыёт? Калі не — кладзі на стол партбілет. Кідай!" Сёй-той кідаў…

Штосьці стаў падазраваць… Заключылі мы дамову з Інстытутам ядзернай фізікі на абследаванне нашых земляў. Яны бяруць траву, бяруць пласты чарназёму і вязуць туды, да сябе, у Мінск. Праводзяць там аналізы. А пасля звоняць мне: "Арганізуйце, калі ласка, транспарт, каб забраць вашу глебу назад". — "Вы што, жартуеце? Да Мінска чатырыста кіламетраў… — у мяне трубка з рук ледзь не выпала. — Везці зямлю назад?" — "Не, не жартуем, — адказваюць мне. — У нас гэтыя пробы па інструкцыі падлягаюць захаванню ў магільніку, у падземным жалезабетонным бункеры. З усёй Беларусі да нас вязуць. За месяц ёмістасць, якую маем, запоўнілі цалкам". Вы чулі? А мы на гэтай зямлі аром, сеем. На ёй нашы дзеці гуляюць… З нас патрабуюць планы па малаку і мясе. Са збожжа гналі спірт. Яблыкі, грушы, вішні ішлі на сок…

Эвакуацыя… Калі б хто-небудзь паглядзеў зверху, падумаў бы, што пачалася трэцяя сусветная вайна… Адну вёску вывозяць, а другую папярэджваюць: эвакуацыя праз тыдзень! I ўвесь гэты тыдзень там кладуць у тарпы салому, косяць траву, корпаюцца на гародах, сякуць дровы… Жыццё як жыццё. Людзі не разумеюць, што адбываецца. А праз тыдзень іх вывозяць на ваенных машынах… Нарады, камандзіроўкі, накачкі, бяссонныя ночы. Столькі ўсяго было. Ля гаркома партыі ў Мінску, памятаю, стаіць чалавек з плакатам: "Дайце народу ёду". Спякота. Ён у плашчы…

(Вяртаецца да пачатку нашай размовы.)