Выбрать главу

Вы забылі… Тады… Атамныя станцыі — гэта будучыня… Я не аднойчы выступаў… Прапагандаваў… Я быў на адной атамнай станцыі: ціха, урачыста. Чыста. У куце — чырвоныя сцягі і вымпелы "Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва". Наша будучыня…

Я — чалавек свайго часу… Я — не злачынец…"

Уладзімір Мацвеевіч Іваноў, былы першы сакратар Слаўгарадскага райкома партыі

Маналог абаронцы савецкай улады

"Што вы тут запісваеце? Хто вам дазвол даў? Фатаграфуеце… Прыбярыце сваю цацку… Схавайце. А то разаб'ю. Падумаеш, прыехалі… Мы жывём. Пакутуем. А вы людзей з толку збіваеце… Бунтуеце… Выпытваеце не тое, што трэба. Няма цяпер парадку! Парадку няма! Падумаеш, прыехалі… З магнітафонам…

Так, я абараняю! Я савецкую ўласць абараняю. Нашу ўласць. Народную! Пры савецкай уладзе мы былі моцнымі, нас усе баяліся. Увесь свет на нас глядзеў! Каго трэсла ад страху, хто зайздросціў. Б…ь! А што цяпер? Зараз? Пры дэмакратыі… "Снікерс" і маргарын заляжалы да нас вязуць, ношаныя джынсы, як туземцам, якія нядаўна з дрэва злезлі. З пальмы. За дзяржаву крыўдна! Падумаеш, прыехалі… Такая была дзяржава! Б…ь! Пакуль Гарбачоў не ўзляцеў… На царства… Чорт з адмецінай! Горбі… Горбі дзейнічаў па іхніх планах, па планах цэрэу… Што вы мне тут даказваеце? Падумаеш… Яны Чарнобыль узарвалі… Цэрэушнікі і дэмакраты… Я ў газетах чытаў… Не ўзарваўся б Чарнобыль, дзяржава б не ляснулася. Вялікая дзяржава! Б…ь! Падумаеш… Буханка хлеба пры камуністах каштавала дваццаць капеек, а цяпер дзве тысячы. Я за тры рублі купляў пляшку… Яшчэ на закусон хапала… А пры дэмакратах? Распрадалі ўсё! Пазакладалі! Нашы ўнукі не разлічацца…

Я — не п'яны, я — за камуністаў! Яны былі за нас, за простых людзей. Казак мне не трэба! Дэмакратыя… Свабодны чалавек… Б…ь!

А памры гэты свабодны чалавек, яго пахаваць няма за што. У нас памёрла бабуля. Адзінокая, без дзяцей. Два дні ў хаце ляжала, бедная… У старой куфайцы… Пад абразамі… Труну не маглі купіць… Стаханаўка калісьці, звеннявая. Мы два дні не выходзілі ў поле. Мітынгавалі. Б…ь! Пакуль старшыня калгаса не выступіў… Перад народам… I не паабяцаў, што цяпер, калі памрэ чалавек, калгас выдзяляе бясплатна: драўляную труну, цяля ці парася і дзве скрынкі гарэлкі на памінкі. Пры дэмакратах… Дзве скрынкі гарэлкі… Бясплатна! Бутэлька на аднаго мужыка — п'янка, паўбутэлькі — лячэнне… Нам ад радыяцыі…

Чаму вы гэта не запісваеце? Мае словы. А запісваеце толькі тое, што вам выгадна. Людзей з толку збіваеце… Бунтуеце… Палітычны капітал патрэбен? Кішэні доларамі набіць? Мы тут жывём… Пакутуем… А вінаватых няма! Назавіце мне вінаватых! Я за камуністаў! Яны вернуцца і іут жа знойдуць вінаватых… Б…ь! Падумаеш, прыязджаюць… Запісваюць…"

Прозвішча не назваў

Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку

"У мяне ёсць матэрыял… Сем гадоў збірала — газетныя выразкі, свае зацемкі. У мяне ёсць лічбы. Я вам усё аддам… Я ніколі ўжо не адыду ад гэтай тэмы, але сама напісаць не змагу. Я магу змагацца: арганізоўваць дэманстрацыі, пікеты, здабываць лекі, адведваць хворых дзяцей, — але не пісаць. Вазьміцеся… А ў мяне самой столькі пачуццяў, што я з імі не саўладаю, яны мяне спаралізуюць. Чарнобыль мае ўжо сваіх сталкераў… Сваіх пісьменнікаў… Але я не хачу ўвайсці ў шэрагі тых, хто эксплуатуе гэтую тэму. Калі пісаць сумленна? (Задумваецца.)

Той красавіцкі цёплы дождж… Сем гадоў я памятаю гэты дождж… Дажджынкі скочваліся, як ртуць. Гавораць, што радыяцыя бясколерная? Але лужыны стаялі зялёныя ці ярка-жоўтыя. Суседка шэптам паведаміла, што па радыё "Свабода" перадалі пра аварыю на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Я не надала гэтаму ніякага значэння. Абсалютная ўпэўненасць, што калі б нешта сур'ёзнае, нас бы апавесцілі. Ёсць спецыяльная тэхніка, спецыяльная сігналізацыя, бамбасховішчы. Нас папярэдзяць. Мы былі ў гэтым перакананыя! Усе вучыліся на курсах грамадзянскай абароны. Я сама там праводзіла заняткі… Але ўвечары таго ж дня суседка прынесла нейкія парашкі. Даў іх яе сваяк, патлумачыў, як прымаць (ён працаваў у Інстытуце ядзернай фізікі), але ўзяў слова, што яна будзе маўчаць. Як рыба! Як камень! Асабліва ён баяўся гаворак і пытанняў па тэлефоне…

У мяне на той час жыў малы ўнук… А я? Я ўсё роўна не паверыла. Па-мойму, ніхто з нас гэтыя парашочкі не піў… Мы былі вельмі даверлівыя… Не толькі старэйшае пакаленне, але і маладыя…

Успамінаю першыя ўражанні, першыя чуткі… Пераходжу з аднаго часу ў іншы, з аднаго стану ў іншы… Адсюль — туды… Як пішучы чалавек, я задумвалася над гэтымі пераходамі, яны мяне цікавілі. Ува мне быццам бы два чалавекі — дачарнобыльскі і чарнобыльскі. Але вось гэтае "да" цяпер цяжка аднавіць з усёй дакладнасцю. Маё бачанне змянілася…