Выбрать главу

Я ездзіла ў зону з першых дзён… Памятаю, спыніліся ў нейкай вёсцы, што мяне ўразіла — цішыня! Ні птушак, нічога… Ідзеш вуліцаю… Цішыня. Ну, няхай, хаты вымерлі, людзей няма, выехалі, але ўсё наўкол змоўкла, аніводнай птушкі…

Прыехалі мы ў вёску Чудзяны — сто сорак дзевяць кюры… У вёсцы Малінаўка — пяцьдзесят дзевяць кюры… Насельніцтва атрымлівала дозы ў дзесяткі тысяч разоў большыя за тыя, што атрымліваюць салдаты, якія ахоўваюць раёны выпрабавання ядзерных бомбаў. Ядзерныя палігоны. У дзесяткі тысяч разоў! Дазіметр трашчыць, яго зашкальвае… А ў калгасных канторах вісяць аб'явы, падпісаныя раённымі радыёлагамі, што цыбулю, салату, памідоры, агуркі, — усё можна есці. Усё расце, усё ядуць.

Што яны цяпер гавораць, гэтыя раённыя радыёлагі? Сакратары райкомаў партыі? Як апраўдваюцца?

Ува ўсіх вёсках мы спатыкалі шмат п'яных людзей. Хадзілі пад чаркай нават жанчыны, асабліва даяркі, цялятніцы.

У той жа Малінаўцы (Чэрыкаўскі раён) зайшлі ў дзіцячы садок. Дзеці бегаюць па двары… Капаюцца ў пясочніцы… Загадчыца тлумачыць, што пясок мяняюць кожны месяц. Адкульсці прывозяць. Можна ўявіць, адкуль яго маглі прывезці? Дзеці журботныя… Мы жартуем, яны не ўсміхаюцца… Выхавацелька заплакала: "Не старайцеся. Нашы дзеці не ўсміхаюцца. А ў сне яны плачуць". Сустрэлі на вуліцы жанчыну з нованароджаным. "Хто вам дазволіў тут раджаць? Пяцьдзесят дзевяць кюры…" — "Урач-радыёлаг прыязджала. Раіла толькі не сушыць пялюшкі на вуліцы". Людзей угаворвалі не выязджаць, заставацца. Планы выконваць… Нават калі вёску адсялілі…

Эвакуіравалі… Усё роўна прывозілі людзей на сельгасработы. Выбірацьбульбу…

Што яны цяпер гавораць? Сакратары райкомаў і абкомаў? Як апраўдваюцца?

Я зберагла шмат інструкцыяў… Зусім сакрэтных… Я ўсе іх вам аддам… Напішыце сумленную кнігу… Інструкцыя па апрацоўцы курыных тушак… У цэху па апрацоўцы патрабавалася быць апранутым, як на забруджанай тэрыторыі пры кантакце з радыеактыўнымі элементамі: у гумавых пальчатках і гумавых халатах, ботах і г.д. Калі там столькі кюры, трэба паварыць у салёнай вадзе, зліць ваду ў каналізацыю, а мяса дадаць у паштэты, каўбасы. А калі столькі вось кюры — у касцяную муку, на корм жывёле… Так выконваліся планы па мясе. З заражаных раёнаў цялят за бясцэнак прадавалі ў іншыя мясціны. У чыстыя. Вадзіцелі, якія вазілі такіх цялят, расказвалі, што цяляты былі смешныя — поўсць да самай зямлі. I такія галодныя, што елі ўсё — і анучы, і паперу. Іх карміць было лёгка! Прадавалі ў калгасы, але калі хто хацеў — мог узяць сабе. У сваю гаспадарку. Крымінальныя справы! Крымінальныя!!

Сустрэлі на дарозе машыну… Грузавая машына ішла паволі, як на пахаванні… З нябожчыкам… Спынілі. За рулём — малады хлопец. Пытаюся: "Табе, напэўна, блага, што так памалу едзеш?" — "Не, я вязу радыеактыўную зямлю". А спякота! Пыл! "Ты здурнеў?! Табе яшчэ жаніцца, дзяцей гадаваць". — "А дзе я яшчэ зараблю пяцьдзесят рублёў за адну ездку?" За пяцьдзесят рублёў па тых цэнах можна было купіць добры касцюм. I пра даплаты гаварылі больш, чым пра радыяцыю. Пра даплаты і нейкія мізэрныя надбаўкі… Мізэрныя з пункту гледжання вартасці жыцця…

Трагічнае і смешнае побач…

Сядзяць бабулі на лаўках ля хаты. Дзеці бегаюць. Мы замералі — семдзесят кюры.

— Адкуль дзеці?

— З Мінска на лета прыехалі.

— Дык у вас жа вялікая радыяцыя!

— Што ты нам распісваеш ету радыяцыю! Мы яе бачылі.

— Дык яе ўбачыць нельга!

— Вунь, глянь: хата недабудаваная стаіць, людзі кінулі і з'ехалі. Страху набраліся. А мы ўвечары пайшлі і глядзім… У акно глядзім… А яна пад бэлькай сядзіць, ета радыяцыя. Злосная-злосная і вочы блішчаць… Чорная-чорная…

— Быць не можа!

— Вось мы табе паклянёмся! Перажагнаемся!

Хрысцяцца. Весела хрысцяцца. Смяюцца ці то з саміх сябе, ці то з нас?

Збяромся пасля паездак у рэдакцыі. "Ну, як яно?" — пытаемся адно ў аднаго. "Усё нармальна!" — "Усё нармальна? Паглядзі на сябе ў люстэрка, ты сівы прыехаў!" Анекдоты паявіліся. Чарнобыльскія анекдоты. Самы кароткі: "Добры быў народ — беларусы".

А вам хто-небудзь распавядаў, што фатаграфаваць каля рэактара было строга забаронена? Толькі па спецдазволе. Забіралі фотаапараты. Перад ад'ездам салдат, якія служылі там, абшуквалі, як у Афганістане, каб, не дай Бог, ніякага здымка. Ніякай улікі. У тэлевізійнікаў забіралі плёнкі ў кадэбэ. Вярталі засветленымі. Колькі дакументаў знішчана. Сведчанняў. Яны страчаны для навукі. Для гісторыі. Знайсці б тых, хто загадваў гэта рабіць… Што б яны цяпер прыдумвалі? Як апраўдваліся?