Выбрать главу

Я ніколі іх не апраўдаю… Ніколі!!! Толькі з-за адной той дзяўчынкі… Яна танцавала ў бальніцы… Танцавала "полечку"… Ёй недзе гадкоў дзевяць. Гэтак прыгожа танцавала… Праз два месяцы пазваніла яе мама: "Волечка памірае!" I ў мяне не хапіла сілы пайсці ў той дзень у бальніцу. А пасля ўжо было позна. У Волечкі была малодшая сястрычка. Яна прачнулася раніцою і кажа: "Мамачка, я ў сне бачыла, як прыляцелі два анёлы і забралі нашу Волечку. Яны сказалі, што Волечцы будзе там добра. У яе нічога не будзе балець. Мамачка, нашу Волечку забралі два анёлы…"

Я нікога не магу апраўдаць".

Ірына Кісялёва, журналістка

Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам

"Я — не гуманітарый, я — фізік. Таму факты, толькі факты…

За Чарнобыль калі-небудзь давядзецца адказваць… Надыдзе такі час, што давядзецца адказваць, як за трыццаць сёмы год. Хай праз пяцьдзесят гадоў! Няхай старыя… Няхай мёртвыя… Яны — злачынцы! (Памаўчаўшы.) Трэба пакідаць толькі факты… Факты! Іх запатрабуюць…

…Тым днём, дваццаць шостага красавіка, я быў у Маскве. У камандзіроўцы. Там даведаўся пра аварыю.

Званю ў Мінск першаму сакратару Цэка Беларусі Слюнькову, адзін, два, тры разы званю, але мяне не злучаюць. Знаходжу яго памочніка (той мяне добра ведае):

— Я званю з Масквы. Звяжыце мяне са Слюньковым, у мяне тэрміновая інфармацыя. Аварыйная!

Званю па ўрадавай сувязі, але тым не менш ужо ўсё засакрэцілі. Як толькі пачынаеш гаварыць пра аварыю, тэлефон тут жа разлучаецца. Назіраюць, натуральна! Праслухоўваюць. Зразумела, хто? Адпаведныя органы. Дзяржава ў дзяржаве. I гэта прытым, што я званю першаму сакратару Цэка… А я? Я — дырэктар Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі. Прафесар, член-кар… Але і ад мяне засакрэцілі.

Гадзіны дзве спатрэбілася, каб трубку ўсё-такі ўзяў сам Слюнькоў. Дакладваю:

— Аварыя сур'ёзная. Па маіх падліках (а я ўжо з сім-тым у Маскве перамовіўся, аблічыў), радыеактыўны слуп рухаецца да нас. На Беларусь. Трэба неадкладна правесці ёдавую прафілактыку насельніцтва і адсяліць усіх, хто жыве паблізу станцыі. Да сотні кіламетраў трэба вывезці людзей і жывёлу.

— Мне ўжо дакладвалі, — кажа Слюнькоў, — там быў пажар, але яго патушылі.

Я не вытрымліваю:

— Гэта — падман! Відавочны падман! Вам любы фізік скажа, што графіт гарыць дзесьці пяць тон у гадзіну. Уяўляеце, колькі ён будзе гарэць!

Першым жа цягніком выязджаю ў Мінск. Бяссонная ноч. Раніцою — дома. Мераю ў сына шчытавідку — сто восемдзесят мікрарэнтгенаў у гадзіну! Тады шчытавідка была ідэальным дазіметрам. Патрэбен быў ёд калія. Гэта звычайны ёд. На паўшклянкі кісялю дзве-тры кроплі дзецям, а для дарослага — тры-чатыры кроплі. Рэактар гарэў дзесяць дзён, дзесяць дзён трэба было гэтак рабіць. Але нас ніхто не слухаў! Вучоных, медыкаў. Навуку ўцягнулі ў палітыку, медыцыну ўцягнулі ў палітыку. Яшчэ б! Не трэба забываць, на якім фоне свядомасці ўсё гэта адбывалася, якія мы былі на той момант, дзесяць гадоў назад. Працавала кадэбэ, таемны вышук. Глушыліся "заходнія галасы". Тысячы табу, партыйных і ваенных тайнаў… У дадатак усе выхаваны на тым, што мірны савецкі атам такі ж бяспечны, як торф і вугаль. Мы былі людзьмі, скаванымі страхам і забабонамі. Прымхлівасцю веры… Але факты, толькі факты…

У той жа дзень… Дваццаць сёмага красавіка я вырашаю выехаць у Гомельскую вобласць, пагранічную з Украінай. У райцэнтры Брагін, Хойнікі, Нароўля, ад іх да станцыі ўсяго некалькі дзесяткаў кіламетраў. Мне патрэбна поўная інфармацыя. Узяць прыборы, замерваць фон. А фон быў такі: у Брагіне — трыццаць тысяч мікрарэнтгенаў у гадзіну, у Нароўлі — дваццаць восем тысяч… Сеюць, аруць. Рыхтуюцца да Вялікадня… Фарбуюць яйкі, пякуць пірагі… Якая радыяцыя? Што гэта такое? Ніякай каманды не паступіла. Зверху патрабуюць зводкі: як ідзе сяўба, якімі тэмпамі? На мяне глядзяць, як на вар'ята: "Пра што вы, прафесар?" Рэнтгены, мікрарэнтгены… Мова іншапланецяніна…

Вяртаемся ў Мінск. На праспекце ваўсю гандлююць піражкамі, марожаным, мясным фаршам, булачкамі. Пад радыеактыўным воблакам…

Дваццаць дзевятага красавіка. Усё памятаю дакладна… Па датах… У восем гадзін раніцы я ўжо сядзеў у прыёмнай Слюнькова. Прабіваюся, прабіваюся. Мяне не прымаюць. I гэтак да паловы шостай вечара. А палове шостай з кабінета Слюнькова выходзіць адзін наш вядомы паэт. Мы з ім знаёмы:

— З таварышам Слюньковым абмяркоўвалі праблемы беларускай культуры.