Выбрать главу

— Хутка не будзе каму развіваць гэтую культуру! — не стрымліваюся я. — I чытаць вашы кніжкі, калі мы зараз жа не адселім людзей з-пад Чарнобыля. Не ўратуем!

— Ды што вы?! Мне сказалі, што там ужо ўсё патушылі.

Прарываюся-такі да Слюнькова. Абмалёўваю карціну, якую ўчора бачыў. Трэба ратаваць людзей! На Украіне (я туды ўжо званіў) пачалася эвакуацыя…

— Што гэта вашы дазіметрысты (з майго інстытута) па горадзе бегаюць, паніку сеюць! Я раіўся з Масквой, з акадэмікам Ільіным. У нас усё нармальна… А там працуе Урадавая камісія. Пракуратура. На прарыў кінута армія, ваенная тэхніка.

На нашай зямлі ўжо ляжалі тысячы тон цэзію, ёду, свінцу, цырконію, кадмію, берылію, бору, невядомая колькасць плутонію (ва ўранава-графітавых РБМК чарнобыльскага варыянта напрацоўваўся зброевы плутоній, з якога вырабляліся атамныя бомбы), — усяго чатырыста пяцьдзесят тыпаў радыенуклідаў. Іх колькасць была роўная тромстам пяцідзесяці бомбам, скінутым на Хірасіму. Трэба было гаварыць пра фізіку. Пра законы фізікі. А гаварылі пра ворагаў. Шукалі ворагаў.

Рана ці позна, але адказваць за гэта давядзецца. "Вы пачнеце апраўдвацца, — гаварыў я Слюнькову, — што вы трактарабудаўнік (былы дырэктар трактарнага завода), і ў радыяцыі не разбіраліся, я ж фізік, маю ўяўленне пра наступствы". Але як гэта? Нейкі прафесар, нейкія фізікі асмельваюцца вучыць Цэка? Не, яны не былі шайкай бандытаў. Хутчэй за ўсё — змова невуцтва і карпаратыўнасці. Прынцып іх жыцця, апаратная вывучка: не высоўвацца. Патрапляць. Слюнькова якраз забіралі ў Маскву на павышэнне. Вось-вось! Думаю, быў званок з Крамля… Ад Гарбачова… Маўляў, вы там, беларусы, не падымайце панікі, Захад і так шуміць. А правілы гульні такія, што калі не дагодзіце вышэйшаму начальству, вас не павысяць у пасадзе, выдзеляць не тую пуцёўку, дадуць не тую дачу… Былі б мы па-ранейшаму закрытай сістэмай, за жалезнай заслонай, людзі да гэтага часу жылі б каля самой станцыі. Засакрэцілі б!! Прыгадайце: Кыштым, Сяміпалацінск… Сталінская краіна. Усё яшчэ сталінская краіна…

У інструкцыях на выпадак ядзернай вайны прадпісваецца, што пры пагрозах ядзернай аварыі, ядзернага нападу неадкладна праводзіць ёдавую прафілактыку насельніцтва. Пры пагрозе? А тут… Тры тысячы мікрарэнтгенаў у гадзіну… Але баяцца не за людзей, а за ўладу. Краіна ўлады, а не краіна людзей. Прыярытэт дзяржавы бясспрэчны. А вартасць жыцця чалавечага зведзена да нуля. Знаходзіліся ж спосабы! Без аб'яў, без панікі… Проста ўводзіць ёдавыя прэпараты ў вадаёмы, з якіх бяруць пітную ваду, дадаваць у малако. Ну, адчулі б, не той смак вады, не той смак малака… У горадзе трымалі напагатове семсот кілаграмаў прэпаратаў. Яны так і засталіся на складах… Гневу зверху баяліся больш, чым атама. Кожны чакаў званка, загаду, але нічога не рабіў сам. У партфелі я насіў дазіметр… Навошта? Мяне не прапускалі, я ім абрыдзеў… У вялікіх кабінетах… Я браў з сабой дазіметр і прыкладваў яго да шчытавідак сакратарак, асабістых вадзіцеляў, што сядзелі ў прыёмнай. Яны палохаліся, і гэта часам дапамагала — мяне прапускалі. "Ну, што гэта вы істэрыкі, прафесар, наладжваеце? Вы адзін, ці што, пра беларускі народ непакоіцеся? Чалавек жа ўсё роўна ад чагосьці памірае: ад курэння, у аўтамабільных катастрофах, рукі на сябе накладае". Смяяліся з украінцаў. Тыя на каленях у Крамлі поўзаюць, выпрошваюць грошы, медыкаменты, дазіметрычную апаратуру (яе не хапала), а наш (гэта Слюнькоў) за пятнаццаць хвілін далажыў абстаноўку: "Усё нармальна. Справімся сваімі сіламі". Пахвалілі: "Малайцы, браткі-беларусы!"

Колькі жыццяў каштавала гэтая пахвала?!

У мяне ёсць інфармацыя, што самі яны (начальства) ёд прымалі. Калі іх абследавалі супрацоўнікі нашага інстытута, — ва ўсіх чыстая шчытавідка. Без ёду гэта немагчыма. Сваіх дзяцей яны таксама цішком вывезлі, далей ад граху. Самі, калі выпраўляліся ў камандзіроўкі, мелі рэспіратары, спецробы. Усё тое, чаго ў іншых не было. I ўжо даўно не сакрэт, што пад Мінскам утрымліваўся спецыяльны статак. Кожная карова з нумарком і замацавана індывідуальна. Персанальна. Спецыяльныя землі, спецыяльныя цяпліцы… Спецкантроль… Самае агіднае… (Памаўчаўшы.) За гэта яшчэ ніхто не прыцягнуты да адказнасці…

Перасталі мяне прымаць. Выслухоўваць. Я закідаў іх пісьмамі. Дакладнымі запіскамі. Рассылаў карты, лічбы. Ва ўсе інстанцыі. Чатыры папкі па дзвесце пяцьдзесят лістоў. Факгы, толькі факты… На ўсялякі выпадак скапіраваў два экзэмпляры, адзін быў у маім службовым кабінеце, а другі схаваў дома. Жонка схавала. Чаму я зрабіў копіі? Мы жывём у такой краіне… Кабінет я заўсёды сам зачыняў. Прыязджаю аднойчы з камандзіроўкі — папкі зніклі… Але я вырас на Украіне, у мяне дзяды — казакі. Казацкі характар. Я працягваў пісаць. Выступаць. Трэба ратаваць людз'ей! Тэрмінова адсяляць! Мы не вылазілі з камандзіровак. Наш інстытут склаў першую карту "забруджаных" раёнаў… Увесь поўдзень у чырвоным…