Выбрать главу

… Мая мама працавала ў штабе грамадзянскай абароны горада, яна адна з першых уведала. Спрацавалі ўсе прыборы. Па інструкцыі, якая вісела ў іх у кожным кабінеце, патрабавалася адразу апавесціць насельніцтва, выдаць рэспіратары, супрацьгазы і іншае. Адчынілі яны свае сакрэтныя склады, апячатаныя, засургучаныя, але ўсё там аказалася ў такім жахлівым стане, непрыдатнае, скарыстаць нельга. У школах супрацьгазы былі даваенных узораў і нават памеры дзецям не падыходзілі. Прыборы зашкальвала, але ніхто нічога не мог зразумець, такога ніколі не было. Прыборы проста выключылі. Мама расказвала: "От калі б грымнула вайна, мы ведалі б, што рабіць. Ёсць інструкцыя. А тут?" Хто ў нас узначальваў грамадзянскую абарону? Адстаўныя генералы, палкоўнікі, для якіх вайна пачынаецца так: па радыё перадаюць урадавыя заявы, паветраная трывога, фугасы, запальнічкі… Да іх не даходзіла, што змяніўся век. Патрэбен быў псіхалагічны пералом… I ён адбыўся… Цяпер мы ведаем: будзем сядзець, піць чай за святочным сталом… Будзем гаманіць, смяяцца, а вайна ўжо будзе ісці… Мы нават не заўважым, як знікнем…

А грамадзянская абарона — гэта такая гульня, у якую гулялі дарослыя дзядзькі. Яны адказвалі за парады, за вучэнні… Нас зрывалі з працы на тры дні. Без ніякіх тлумачэнняў — на вайсковыя вучэнні. Называлася гэтая гульня "На выпадак атамнай вайны". Мужчыны — салдаты і пажарнікі, жанчыны — сандружынніцы. Выдавалі камбінезоны, боты, санітарныя сумкі, пакет бінтоў, нейкія лекі. А як жа! Савецкі народ павінен сустрэць ворага як мае быць. Сакрэтныя карты, планы эвакуацыі, — усё гэта захоўвалася ў незгаральных шафах пад сургучнымі пячаткамі. Паводле гэтых планаў за лічаныя хвіліны па трывозе павінны былі падняць людзей і вывезці ў лес, у бяспечную зону… Вые сірэна… Увага! Вайна…

Прысуджалі кубкі, сцягі. I, вядома ж, паходны банкет. Мужчыны п'юць за нашу будучую перамогу! I, вядома ж, за жанчын!

А нядаўна… Ужо цяпер… Аб'явілі ў горадзе трывогу. Увага! Грамадзянская абарона! Гэта было тыдзень назад… У людзей — страх, але страх іншы. Ужо не амерыканцы напалі, не немцы, а што там — у Чарнобылі? Няўжо зноў?

Восемдзесят шосты год… Хто мы? Якімі нас заспела гэта тэхналагічная версія канца свету? Я? Мы? Гэта мясцовая інтэлігенцыя, у нас быў свой гурток. Мы жылі сваім жыццём, адасабляючыся ад усяго, што вакол. Форма нашага пратэсту. У нас былі свае законы: не чыталі газету "Правда", але часопіс "Огонёк" перадавалі з рук у рукі. Толькі-толькі лейцы адпусцілі, мы гэтым ап'яняліся. Чыталі Салжаніцына, Шаламава. Хадзілі адзін да аднаго ў госці, бясконцыя гамонкі на кухні. Аб чымсьці смуткавалі. Аб чым? Дзесьці жывуць акцёры, кіназоркі… Вось я буду Катрын Дэнёў… Апрану на сябе бязглуздую хламіду, укладу валасы… Туга па свабодзе… Той, іншы свет… Чужы свет… Як форма свабоды… Але і гэта была гульня… Уцёкі ад рэальнасці. Хтосьці з нашага гуртка зламаўся, спіўся, хтосьці ўступіў у партыю, зрабіў кар'еру. Ніхто не верыў, што гэтую крамлёўскую сцяну можна праламаць… Што яна рухне… Калі так, дык начхаць на тое, што ў вас там робіцца, будзем жыць тут… У нашым ілюзорным свеце…

Чарнобыль… I спачатку тая ж самая рэакцыя. А што нам да таго? Хай улады хвалююцца… Гэта ў іх — Чарнобыль… I гэта далёка. Нават на карту не паглядзелі. Нецікава. Нам ужо не патрэбна была праўда… Вось калі на бутэльках з малаком з'явіліся этыкеткі: "Малако для дзяцей" і "Малако для дарослых"… Вось тады ўжо ого! Штосьці набліжаецца… Так, я не член партыі, але ўсё роўна савецкі чалавек. Узнік страх: "Штосьці ў радыскі лісты сёлета, як у буракоў?", але тут жа ўвечары ўключыш тэлевізар: "Не паддавайцеся на правакацыі". I ўсе сумненні развейваюцца… А першамайская дэманстрацыя? Нас ніхто не прымушаў на яе ісці, мяне, напрыклад, ніхто не абавязваў. У нас быў выбар. Але мы яго не зрабілі. Я не памятаю такой шматлюднай, такой радаснай першамайскай дэманстрацыі, як тым годам. Было трывожна, хацелася, вядома, у статак… Каб разам з усімі. Хацелася кагосьці аблаяць… Начальства… Урад…Камуністаў… Цяпер я думаю… Шукаю-шукаю абрыў… Дзе парвалася? А абрыў у самым пачатку… Наша несвабода… Нам ужо і не патрэбна была праўда… Верх вальнадумства: "Можна есці радыску ці не?" Наша несвабода… Несвабода ўнутры нас…

Працавала я інжынерам на заводзе "Хімвалакно", і ў нас там была група нямецкіх спецыялістаў. Наладжвалі новае абсталяванне. Я ўбачыла, як паводзяць сябе іншыя людзі, іншы народ… Калі яны даведаліся пра аварыю, тут жа запатрабавалі, каб былі ўрачы, былі дазіметры, кантралявалася ежа. Яны слухалі сваё радыё, яны ведалі, што трэба рабіць. Ім, вядома, нічога не далі. Тады яны спакавалі чамаданы і сабраліся ад'язджаць. Купляйце нам білеты! Адпраўляйце дадому! Мы выязджаем, калі вы не можаце забяспечыць нашу бяспеку. Баставалі, слалі тэлеграмы свайму ўраду… Яны змагаліся за сваіх жонак, дзяцей (яны жылі ў нас з сем'ямі). За сваё жыццё! А мы? Як паводзілі сябе мы? Ах, вось якія гэтыя немцы, заўсёды напрасаваныя, накрухмаленыя, — істэрыкі! Баязліўцы! Мераюць радыяцыю ў баршчы, у катлетах… Смяхоцце! Вось нашы мужчыны — гэта мужчыны! Рускія мужыкі! Адчайныя! Змагаюцца з рэактарам! Не дрыжаць за сваё жыццё! Падымаюцца на расплаўлены дах з голымі рукамі, у брэзентавых рукавіцах (мы гэта ўжо бачылі па тэлевізары)! А нашы дзеці са сцяжкамі ідуць на дэманстрацыю! I ветэраны вайны… Старая гвардыя! (Абдумвае.) Але гэта таксама від варварства — адсутнасць страху за сябе… Мы заўсёды гаворым "мы", а не "я": "мы прадэманструем савецкі гераізм", "мы пакажам савецкі характар". Усяму свету! Але гэта — я! Я не хачу паміраць… Я баюся…