Цікава сёння прасачыць за сабой. За сваімі пачуццямі. Як яны развіваліся? Мяняліся. Прааналізаваць. Даўно спаймала сябе на тым, што прывучаюся быць больш уважлівай да свету наўкол. Наўкол сябе. Пасля Чарнобыля гэта само сабой атрымліваецца. Мы пачалі вучыцца гварыць "я"… Я не хачу паміраць! Я баюся… А тады? Я ўключаю тэлевізар гучней: чырвоны сцяг уручаюць даяркам, пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве. Але ж гэта ў нас? Пад Магілёвам? У вёсцы, якая апынулася ў цэнтры цэзіевай плямы? Яе вось-вось пераселяць… Голас дыктара: "Людзі самааддана працуюць, нягледзячы ні на што", "цуды мужнасці і гераізму". Хоць патоп! Рэвалюцыйным крокам! Так, я не член партыі, але ўсё роўна савецкі чалавек. "Таварышы, не паддавайцеся на правакацыі!" — дзень і ноч грыміць тэлевізар. Сумненні развейваюцца… (Маўчыць.)
Яшчэ кавы? Трэба перадыхнуць… Сабрацца з думкамі…
Наперадзе нас чакае разуменне Чарнобыля, як філасофіі. Дзве дзяржавы, размежаваныя калючым дротам: адна — сама зона, другая — усё астатняе. На падгніўшых слупах вакол зоны, як на крыжах, вісяць белыя ручнікі… людзі ідуць сюды, як на могілкі… Тут пахавана не толькі іхняя хата, а цэлая эпоха. Эпоха веры! У навуку! У справядлівую сацыяльную ідэю! Вялікая імперыя разлезлася па швах. Развалілася. Спачатку — Афганістан, затым — Чарнобыль. Калі імперыя рассыпапася, мы засталіся адны. Я баюся вымавіць, але мы любім Чарнобыль. Гэта зноў адшуканы сэнс нашага жыцця… Сэнс нашых пакут. Як вайна. Пра нас, беларусаў, свет даведаўся пасля Чарнобыля. Гэта было акно ў Еўропу. Мы адначасова і яго ахвяры, і яго жрацы. Боязна вымавіць…
У зоне… У самой зоне… Заходзіш у хату… Адчуванне, як ад спячай прыгажуні. Калі яшчэ не разрабавана: фатаграфіі, лялькі, мэбля… Яны павінны быць дзесьці паблізу, людзі. Часам мы знаходзім іх… А яны не гавораць пра Чарнобыль, яны гавораць пра тое, што іх падманулі. Іх хвалюе: ці атрымаюць яны ўсё, што ім належыць, і ці не атрымаюць іншыя болей? У нашага народа ўвесь час адчуванне, што яго падманваюць. На ўсіх этапах вялікага шляху. З аднаго боку — нігілізм, адмаўленне, з другога — фаталізм. Уладам не вераць, вучоным, урачам не вераць, але і самі нічога не робяць. Бязвінныя і абыякавыя. У саміх пакутах адшуканы сэнс і апраўданне, усё астатняе быццам бы і няважна. Уздоўж палёў — таблічкі "Высокая радыяцыя"… Палі аруцца… Трыццаць кюры… пяцьдзесят… Трактарысты сядзяць у адкрытых кабінах (дзесяць гадоў мінула, але дагэтуль няма трактараў з герметычнымі кабінамі), дыхаюць радыеактыўным пылам… Дзесяць гадоў мінула! Хто ж мы? Жывём на заражанай зямлі, аром, сеем. Раджаем дзяцей. Які тады сэнс нашых пакут? Навошта яны? Навошта іх столькі? Мы пра гэта цяпер шмат спрачаемся. З маімі сябрамі. Бо зона — гэта не бэры і кюры, мікрарэнтгены. Гэта — народ. Наш народ… Чарнобыль "дапамог" нашай, якая гінула, сістэме… Зноў надзвычайшчына… Размеркаванне. Паёк. Як раней убівалі ў мазгі "калі б не было вайны", гэтак цяпер з'явілася магчымасць усё спісваць на Чарнобыль. "Калі б не было Чарнобыля". Адразу вочы мутнеюць — смуткуем. Дайце! Дайце нам! Каб было што дзяліць. Кармушка! Громаадвод!
Чарнобыль — ужо сімвал. Вобраз. Але гэта яшчэ і мая работа… Так бы мовіць, быт… Я езджу… Бачу… Была патрыярхальная беларуская вёска. Беларуская хатка. Без туалета і цёплай вады, але з абразом, драўляным калодзежам, вышыванымі ручнікамі, посцілкамі. З гасціннасцю. Зайшлі мы ў адну такую хату папіць вады, а гаспадыня дастае са старога куфра, старога, як яна сама, ручнік і падае мне: "Гэта табе на памяць пра мой двор". Былі лес, поле. Зберагалася абшчына і рэшткі свабоды: зямля вакол хаты, сядзіба, свая кароўка. З Чарнобыля іх пачалі перасяляць у "Еўропу" — у еўрапейскага тыпу пасёлкі. Можна пабудаваць дом — лепшы, камфортны, але ж нельга пабудаваць на новым месцы ўвесь гэты аграмадны свет, з якім яны былі спалучаны. Пупавінай! Каласальны ўдар па псіхіцы чалавека. Разрыў традыцый, усёй спракаветнай культуры. Калі да гэтых новых пасёлкаў пад'язджаеш, яны — як міражы на небакраі. Размаляваныя. Блакітньм, сінія. I адразу ўяўляеш іх, як цуд, і назвалі іх — Майскі, Сонечны. Еўрапейскія катэджы куды больш зручныя, чым хаціны. Гэта ўжо гатовая будучыня. Але ў будучыню нельга апусіць на парашуце… Людзей ператварылі ў малпаў… Яны сядзяць на зямлі і чакаюць, калі прыляціць самалёт, прыбудзе аўтобус і прывязуць гуманітарную дапамогу. Не тое, каб узрадавацца шанцу: я вырваўся з пекла, маю дом, чыстую зямлю і павінен ратаваць сваіх дзяцей, у якіх Чарнобыль ужо ў крыві, у генах. Я буду свабодным…