Выбрать главу

Жывуць у гэтых катэджах, як у вальерах. Яны разбураюцца, рассыпаюцца. Жыве там несвабодны чалавек. Асуджаны. Ён жыве ў крыўдзе і ў страху. Ён хоча камунізму. Чакае… Зоне патрэбен камунізм… На ўсіх выбарах там галасуюць за цвёрдую руку, смуткуюць па сталінскім парадку: ваенным. Ён для іх сінонім справядлівасці. Там і жывуць па-ваеннаму: міліцэйскія пасты, людзі ў вайсковай форме, прапускная сістэма, пайкі. Чыноўнікі, якія размяркоўваюць гуманітарную дапамогу. На скрынках па-нямецку, па-руску напісана: "Нельга абменьваць. Нельга прадаваць". Скрозь прадаецца. У любым камерцыйным кіёску…

I зноў як гульня… Рэкламнае шоу… Я вязу караван з гуманітарнай дапамогай. Чужыя людзі… Іншаземцы… У імя Хрыста, у імя чагосьці едуць да нас. А ў лужынах, у гразі, у куфайках і кацавейках стаіць маё племя… У кірзавых ботах… "Нам нічога не трэба! Усё роўна раскрадуць!" — я чытаю ў іхніх вачах і такі тэкст. Але побач тут жа… Жаданне ўхапіць пакунак, скрынку чагосьці замежнага. Ужо ведаем, дзе якая бабуля жыве… Як у запаведніку… I агіднае, вар'яцкае жаданне… Раптам кажу: "А мы вам зараз пакажам! Знойдзем такое! Што вы і ў Афрыцы не спаткаеце. Нідзе ў свеце такога няма! Дзвесце кюры — трыста кюры…" Заўважаю, як мяняюцца і самі бабулі, некаторыя ну проста сталі "кіназоркамі". У іх ужо завучаны маналогі, і сляза прабіваецца ў тых месцах, дзе трэба. Калі прыязджалі першыя іншаземцы, яны маўчалі, толькі плакалі. Цяпер ужо навучыліся гаварыць. Можа, дзецям жуйка, скрынка з адзеннем лішняя перападзе… I гэта побач з глыбокай філасофіяй, з тым, што ў іх тут свае адносіны са смерцю, з часам. I не пакідаюць яны сваіх хат, родных кладоў не з-за нямецкага шакаладу… Жуек…

Вяртаемся… Я паказваю: "Якая прыгожая зямля!" Сонца апусцілася нізка-нізка. А свяціла лес, поле. Нам на развітанне. "Так, — адказвае хтосьці з нямецкай групы, які гаворыць па-руску, — прыгожая, але атручаная". У яго ў руках — дазіметр. I я разумею, што гэты заход сонца дарагі толькі мне. Гэта — мая зямля".

Наталля Арсеньеўна Рослава, старшыня Магілёўскага жаночага камітэта "Дзеці Чарнобыля"

Дзіцячы хор

Алёша Бельскі — 9 гадоў, Аня Богуш — 10 гадоў, Наташа Дварэцкая — 16 гадоў, Лена Жудро — 15 гадоў, Юра Жук — 15 гадоў, Оля Звонак —10 гадоў, Сняжана Зіневіч — 16 гадоў, Іра Кудрачова — 14 гадоў, Юля Каско — 11 гадоў, Ваня Ковараў — 12 гадоў, Вадзім Краснасолнышт — 9 гадоў, Вася Мікуліч — 15 гадоў; Антон Нашыванкін — 14 гадоў, Марат Татарцаў — 16 гадоў, Юля Тараскіна — 15 гадоў, Каця Шаўчук — 14 гадоў, Барыс Шкірманкоў— 16 гадоў.

"Я ляжала ў бальніцы. Мне было так балюча…Я прасіла маму: "Мамачка, я не магу трываць. Лепш забі мяне!"

"Такая чорная хмара… Такі лівень… Лужыны сталі жоўтыя… Зялёныя… Быццам у іх налілі фарбы… Гаварылі, што гэта кветкавы пылок… Мы не бегалі па лужынах, толькі глядзелі на іх. Бабуля зачыняла нас у пограбе. А сама ўкленчвала і малілася. I нас вучыла: "Маліцеся! Гэта — канец свету. Кара Боская за нашы грахі". Браціку было восем гадоў, а мне шэсць. Мы сталі ўспамінаць свае грахі: ён разбіў слоік з малінавым варэннем… А я не прызналася маме, што зачапілася за плот і парвала новую сукенку… Схавала ў шафе…

Мама часта апранае чорнае. Чорную хустку. На нашай вуліцы ўвесь час некага хаваюць… Пачую музыку — бягу дадому і малюся, чытаю "Ойча наш". Малюся за маму і тату…"

"Па нас прыехалі салдаты на машынах. Я падумаў, што пачалася вайна. Яны выдумлялі незразумелыя словы: "дэзактывацыя", "ізатопы"… У дарозе прысніўся сон: адбыўся выбух! А я жывы! Няма хаты, няма бацькоў, няма нават вераб'ёў і варон. У жаху прачынаўся, падхопліваўся… Глядзеў у акно: ці няма ў небе гэтага грыба кашмарнага?