"У нас у пасёлку зніклі вераб'і… У першы год пасля аварыі… Яны валяліся ўсюды: у садах, на асфальце. Іх зграбалі і вывозілі ў кантэйнерах з лісцем. Тым годам лісце не дазвалялі паліць, яно было радыеактыўнае. Лісце закопвалі.
Праз два гады вераб'і з'явіліся. Мы радаваліся, крычалі адно аднаму: "Я ўчора бачыла вераб'я… Яны вярнуліся…"
Прапалі хрушчы. Іх дагэтуль у нас няма. Можа, яны вернуцца праз сто ці тысячу гадоў, як гаворыць наш настаўнік. Я гэтага не ўбачу…"
"Першага верасня… Школьная лінейка… I ніводнага букета.
У кветках, мы ўжо ведалі, шмат радыяцыі. Перад пачаткам навучальнага года ў школе працавалі не цесляры і маляры, як раней, а салдаты. Яны касілі кветкі, здымалі і вывозілі кудысьці зямлю на машынах з прычэпамі. Высеклі вялікі стары парк. Старыя ліпы. Баба Надзя… Яе заўсёды клікалі ў хату, калі хто-небудзь паміраў. Пагаласіць. Пачытаць малітвы. "Маланка не ўдарыла… Суш не напала… Мора не заліло… Ляжаць чорныя труны…" — яна плакала над дрэвамі, як над людзьмі.
А праз год нас усіх эвакуіравалі, вёску закапалі. Мой тата — шафёр, ён ездзіў туды і расказваў. Спачатку выкопваюць вялізную яму… На пяць метраў… Пад'язджаюць пажарнікі… З брандспойтаў мыюць хату з канька да падмурка, каб не падняць радыеактыўнага пылу. Вокны, дах, парог… Усё мыюць… А пасля кран сцягвае хату з месца і ставіць у яму… Валяюцца лялькі, кніжкі, слоікі… Экскаватар падграбае… Усё засыпаюць пяском, глінай, утрамбоўваюць. Замест вёскі — роўнае поле. У нас засеялі яго жытам. Там ляжыць наша хата. I школа, і сельсавет… Там мой гербарый і два альбомы з маркамі, я марыла іх забраць. Быў у мяне веласіпед…"
"Мне — дванаццаць гадоў, я — інвалід. У нашым доме паштальён прыносіць пенсію мне і дзядулю. Дзяўчынкі ў класе, як даведаліся, што ў мяне рак крыві, баяцца са мной сядзець… Дакрануцца…
Урачы сказалі: я захварэла таму, што мой тата працаваў у Чарнобылі. А я пасля гэтага нарадзілася.
Я люблю тату…"
"Салдаты мылі дрэвы, хаты, стрэхі… Мылі калгасных кароў… Я думала: "Бедныя звяры ў лесе! Іх ніхто не мые. Яны ўсе памруць. I лес ніхто не мые. Ён таксама памрэ".
Настаўніца сказала: "Намалюйце радыяцыю". Я намалявала, як ідзе жоўты дождж… I цячэ чырвоная рака…"
"Па тату прыйшлі ўначы. Я не чуў, як ён збіраўся. Я спаў. Раніцою ўбачыў, як мама плача: "Наш тата — у Чарнобылі". Чакалі тату, як з вайны…
Ён вярнуўся і зноў пачаў хадзіць на завод. Нічога не расказваў. А ў школе я ўсім хваліўся, што мой тата прыехаў з Чарнобыля, ён — ліквідатар, а ліквідатары — гэта тыя, хто дапамагаў ліквідаваць аварыю. Героі! Хлопчыкі мне зайздросцілі.
Праз год тата захварэў…
Мы хадзілі па бальнічным скверы… Гэта было пасля другой аперацыі… I ён першы раз загаварыў пра Чарнобыль…
Працавалі яны непадалёк ад рэактара. Ціха-мірна, успамінаў, прыгожа. А ў гэты час штосьці адбываецца. Сады цвітуць. А для каго? Людзі вёскі пакінулі. Ехалі праз горад Прыпяць: на балконе вісіць бялізна, гаршкі з вазонамі. Стаіць пад кустом веласіпед з брызентавай сумкай паштальёна, набітай газетамі і пісьмамі. I на ёй птушынае гняздо. Як у кіно, я бачыў…
Яны "чысцілі" тое, што трэба было кінуць. Здымалі грунт, забруджаны цэзіем і стронцыем. Мылі дахі. Назаўтра — усё зноў "шчоўкала".
"На развітанне нам паціснулі рукі і ўручылі даведкі з падзякаю за самаахвярнасць"… Бацька ўспамінаў і ўспамінаў… У апошні раз, як вярнуўся з бальніцы: "Калі буду жыць, ніякай хіміі, ніякай фізікі. Завод кіну… Толькі ў пастухі…"
Мы з мамай засталіся ўдваіх. Я не пайду ў тэхнічны інстытут, як марыць мая мама. У той, дзе тата вучыўся…"
"У мяне ёсць малы брацік. Ён любіць гуляць у "Чарнобыль". Будуе бамбасховішча, засыпае пяском рэактар… Яго яшчэ не было, калі гэта здарылася".
"Начамі я лятаю… Лятаю сярод яркага святла… Гэта не рэальнасць і не незямное. Гэта і адно, і другое, і трэцяе. У сне я ведаю, што магу ўвайсці ў гэты свет, пабыць у ім… Ці застацца? Мой язык непаваротлівы, дыханне няправільнае, але мне не трэба там ні з кім размаўляць. Штосьці падобнае здаралася са мною ў маленстве. Мяне перапаўняе жаданне зліцца, але я нікога не бачу… Толькі святло… Адчуванне такое, што я магу яго пакратаць… Які я — велізарны! Я з усімі, але ўжо збоку, асобна, адзін. У маленстве я бачыў паасобныя каляровыя адлюстраванні гэтак, як цяпер бачу. У гэтым сне…