Ах, якая я была шчаслівая! Мы яшчэ ездзілі з ім да мора, я запомніла, што мора гэтак шмат, як і неба, яно была паўсюль. Сяброўка з мужам таксама ездзіла, яна ўспамінае: "Мора бруднае. Усе баяліся халерай заразіцца". Нешта такое газеты пісалі… Я памятаю іначай… У яркім колеры… Я памятаю, што мора было ўсюды, як і неба. Сіняе-сіняе. I ён побач. Я народжана для любові… У школе дзяўчаткі марылі: хто паступіць у інстытут, хто паехаць на камсамольскую будоўлю, а я хацела выйсці замуж. Кахаць, моцна-моцна, як Наташа Растова. Толькі кахаць. Але нікому ў гэтым не магла прызнацца, бо ў той час, вы павінны памятаць, належала марыць толькі пра камсамольскую будоўлю. Нам гэта ўбівалі ў галовы. Парываліся ў Сібір, у непраходную тайгу, спявалі, памятаеце: "За туманом и за запахом тайги". У інстытут у першы год не трапіла, не дабрала балаў, пайшла працаваць на тэлефонную станцыю. Там мы з ім пазнаёміліся… I я сама яго на сабе ажаніла, я яго папрасіла: "Ажаніся са мною! Я цябе так кахаю!" Закахалася па вушы. Такі прыгожы хлопец… Я ў нябёсах лятала! Я сама яго папрасіла: "Ажаніся са мною". (Усміхаецца.)
Іншым разам задумаюся і шукаю сабе розныя суцяшэнні: а можа, смерць — гэта не канец, ён усяго толькі змяніўся і жыве недзе ў іншым свеце. Я працую ў бібліятэцы, шмат кніг чытаю, з рознымі людзьмі сустракаюся. Мне хочацца гаварыць пра смерць. Зразумець. Я шукаю суцяшэння. У газетах, у кнігах вычытваю… У тэатр іду, калі там пра гэта, пра смерць… Мне фізічна без яго балюча, я не магу адна…
Ён не хацеў ісці да ўрача: "Я нічога не адчуваю. Мне не баліць". А лімфавузлы ўжо сталі велічынёй з курынае яйка. Сілком запхнула ў машыну і завезла ў паліклініку. Накіравалі да анколага. Адзін урач паглядзеў, паклікаў другога: "Тут яшчэ адзін чарнобылец". I яны ўжо яго не адпусцілі. Праз тыдзень зрабілі аперацыю: выдалілі цалкам шчытападобную залозу, гартань і замянілі іх нейкімі трубачкамі. Так… (Замаўкае.) Так… Цяпер я ведаю, што гэта таксама быў яшчэ шчаслівы час. Божа! Якім глупствам я займалася: бегала па магазінах, купляла падарункі ўрачам — цукеркі, імпартныя лікёры. Нянечкам шакаладкі. I яны бралі. А ён з мяне пасміхваўся: "Зразумей, яны — не багі. А хіміі і абпраменьвання тут усім хапае. Дадуць і без цукерак". Але я імчалася на канец горада па торт "Птушынае малако" ці па французскія духі, — усё гэта ў той час толькі па знаёмстве, з-пад прылаўка. Перад адпраўкай дадому… Мы едзем дадому! Мне далі спецыяльны шпрыц, паказалі, як ім карыстацца. Я павінна была карміць яго праз гэты шпрыц. Усяму навучылася. Чатыры разы на дзень варыла што-небудзь свежае, абавязкова свежае, перамолвала гэта на мясарубцы, перацірала на сіцечку і пасля набірала ў шпрыц. Праколвала адну з трубак, самую вялікую, а яна ішла ў страўнік… Але ён перастаў адчуваць пахі, адрозніваць. Спытаюся: "Смачна?" Не ведае…
Але мы ўсё роўна некалькі разоў яшчэ бегалі ў кіно. I там цалаваліся. Завіснулі на гэтакай таню-ю-сенькай нітачцы, а нам ўяўлялася, што зноў зачапіліся за жыццё. Пра Чарнобыль стараліся не гаварыць. Не ўспамінаць. Забароненая тэма. Да тэлефона яго не падпускаю. Перахопліваю. Хлопцы ягоныя адзін за адным паміраюць… Забароненая тэма… Але неяк раніцою буджу яго, падаю халат, а ён не можа ўстаць. I сказаць нічога не можа… перастаў гаварыць… Вочы вялікія-вялікія… Вось калі ён спалохаўся… Так… (Зноў замаўкае.) Заставаўся ў нас яшчэ год… Увесь гэты год ён паміраў… З кожным днём яму горш і горш, і ён жа ведае, што ягоныя хлопцы паміраюць… Мы ж яшчэ з гэтым жылі… З гэтаю думкаю… Невыносна гэтак жыць яшчэ і таму, што ніхто не ведае, што гэта такое. Кажуць — Чарнобыль, пішуць — Чарнобыль. Але ніхто не ведае, што гэта… Штосьці страшнае нам адкрылася першым… Усё цяпер у нас інакш, чым у іншых: нараджаемся не гэтак, паміраем не гэтак, як усе. Вы ў мяне спытайце, як паміраюць пасля Чарнобыля? Чалавек, якога я любіла, любіла гэтак, што не магла б любіць яго болей, калі б я яго сама нарадзіла, на маіх вачах ператвараўся… У пачвару… Выдалілі лімфавузлы, іх няма і парушыўся кровазварот, і нос ужо неяк зрушыўся, павялічыўся ў разы тры, і вочы ўжо нейкія іншыя — разышліся ў розныя бакі, у іх незнаёмае святло паявілася і выраз, як быццам не ён, а нехта яшчэ адтуль вызірае. Пасля адно вока зусім закрылася… А я чаго баюся? Мне б толькі, каб ён сябе не ўбачыў… Не запомніў такім. Але ён пачаў мяне прасіць, паказваць рукамі, што, маўляў, прынясі люстэрка. Я то на кухню пабягу, быццам забыла, не пачула, то яшчэ што-небудзь прыдумаю. Два дні яго гэтак падманвала, на трэці дзень мне ў сшытачак вялікімі літарамі і з трыма клічнікамі: "Дай люстэрка!!!" У нас ужо быў сшытачак, ручка, аловак, мы ўжо такім чынам перамаўляліся, бо ён нават і шэптам не мог гаварыць, нават шэпт у яго не атрымліваўся. Поўная немата. Я хутчэй на кухню, грымлю каструлямі. Не чытала, не чула. Зноў мне піша: "Дай люстэрка!!!" — і з гэтымі знакамі… Прынесла яму люстэрка, самае маленькае. Зірнуў, схапіўся за галаву і ківаецца, ківаецца на ложку… Я — да яго, давай угаворваць… "От трошкі паправішся, і мы паедзем з табою куды-небудзь у малалюдную вёску. Купім хату і будзем там жыць, калі ты не захочаш у горадзе, дзе шмат людзей. Будзем жыць адны". Я яго не падманвала, я паехала б з ім абы-куды, толькі б ён быў, а які — няважна. Ён — і ўсё. Я яго не падманвала…