Выбрать главу

Не прыгадаю нічога, пра што хацелася б прамаўчаць. А было ўсё… Я гэтак далёка зазірнула, можа быць, далей за смерць… (Запыняецца.)

Мне было шаснаццаць гадоў, як мы пазнаёміліся, ён старэйшы за мяне на сем гадоў. Два гады сустракаліся. Я вельмі люблю ў нас у Мінску раён ля паштамта, вуліцу Валадарскага, там пад гадзіннікам ён прызначаў мне спатканні. А жыла я ля камвольнага камбіната і ездзіла на пятым тралейбусе, які не спыняўся ля паштамта, а трошкі праязджаў наперад, да магазіна "Дзіцячае адзенне". Ледзь-ледзь заўсёды прыпазнюся, каб праімчацца міма і ўбачыць, ахнуць: які прыгожы хлопец мяне чакае! Нічога не заўважала два гады, ні зімы, ні лета. Вадзіў на канцэрты… На маю любімую Эдзіту П'еху… На танцы не бегалі, на танцпляцоўку, ён не ўмеў танцаваць. Цалаваліся, толькі цалаваліся… Называў мяне: "Маленькая мая". Дзень нараджэння, зноў мой дзень нараджэння… Дзіўна, але ўсё самае галоўнае ў мяне адбывалася менавіта ў гэты дзень, вось і не вер пасля гэтага ў лёс. Стаю пад гадзіннікам: у пяць — спатканне, а яго няма. У шэсць — усхваляваная, у слязах брыду на свой прыпынак, пераходжу вуліцу, азірнулася, як адчула — бяжыць за мною, на чырвонае святло, у рабочай спяцоўцы, у ботах… З работы раней не адпусцілі… Такім я яго і любіла больш за ўсё: у паляўнічым касцюме, у куфайцы, — яму ўсё было да твару. Паехалі да яго дадому, ён пераапрануўся і рашылі адзначыць мой дзень нараджэння ў рэстаране. Але ў рэстаран мы ўжо не трапілі, бо быў вечар, вольных месцаў няма, а тыцнуць пяцёрку ці дзесятку (гэта яшчэ тыя грошы) швейцару, як іншыя, ні ён, ні я не ўмелі. "Давай, — заззяў увесь, — купім у магазіне шампанскае, набор пірожных і пойдзем у парк, там адсвяткуем". Пад зоркамі, пад небам! Вось ён які быў… На лаўцы ў парку Горкага мы прасядзелі да раніцы. Другога такога дня нараджэння ў мяне ў жыцці не было, вось тады я яму і сказала: "Ажаніся са мною. Я цябе так кахаю!!" Засмяяўся: "Ты яшчэ маленькая". А назаўтра занеслі заяву ў загс.

Якая я была шчаслівая! Нічога б не памяняла ў сваім жыцці, нават папярэдзь хто-небудзь зверху, з зорак… У дзень вяселля ён не знайшоў свой пашпарт, мы ўвесь дом перавярнулі, шукалі. Нас запісалі ў загсе на нейкай паперцы. "Дачушка, гэта благі знак", — плакала мая мама. Пасля пашпарт адшукаўся ў старых ягоных штанах, на гарышчы. Каханне! Гэта было нават не каханне, а доўгая закаханасць. Як я танцавала раніцою перад люстэркам: я прыгожая, я маладая, ён мяне кахае! Цяпер я забываю свой твар, той твар, што быў у мяне з ім… Я не бачу гэтага твару ў люстэрку…

Ці можна пра гэта гаварыць? Называць словамі… Ёсць таямніцы… Я дагэтуль не разумею, што гэта было. Да самага апошняга нашага месяца… Ён клікаў мяне ўначы… У яго былі жаданні… Любіў мацней, чым раней… Удзень, калі я глядзела на яго, не верыла ў тое, што адбывалася ноччу… Мы не хацелі з ім расставацца. Я яго лашчыла, гладзіла. У тыя хвіліны я ўспамінала самае радаснае… Шчаслівае… Як ён прыехаў з Камчаткі з барадой, адгадаваў там бараду. Мой дзень нараджэння ў парку на лаўцы… "Ажаніся са мною…" Ці трэба гаварыць? Ці можна? Я сама да яго ішла, як ідзе мужчына да жанчыны… Што я магла яму даць, акрамя лекаў? Якую надзею? Ён гэтак не хацеў паміраць… Толькі маме сваёй нічога не расказвала. Яна б мяне не зразумела. Асудзіла. Пракляла. Гэта ж не звычайны рак, якога таксама ўсе баяцца, а чарнобыльскі, ён яшчэ страшнейшы. Урачы мне растлумачылі: калі б метастазы пранізалі арганізм знутры, ён бы хутка памёр, а яны папаўзлі верхам… Па целе… Па твары… Штосьці чорнае на ім нарасло. Кудысьці прапаў падбародак, знікла шыя, язык вываліўся вонкі. Лопаліся сасуды, пачыналася кровацячэнне. "Ой, — крычу, — зноў кроў". З шыі, са шчок, з вушэй… ва ўсе бакі… нясу халодную ваду, кладу прымочкі — не ратуюць. Нешта жахлівае. Уся падушка зальецца… Тазік пастаўлю, з ванны… Струменьчыкі б'юцца…Як у даёнку… Гэты гук… Такі мірны і вясковы… Я яго і цяпер начамі чую… Пакуль ён пры памяці, ляпае ў далоні — гэта ў нас умоўны знак: кліч! Выклікай "хуткую". Ён не хацеў паміраць… Яму сорак пяць гадоў… Званю на станцыю "хуткай дапамогі", а яны ўжо нас ведаюць, ехаць не хочуць: "Мы нічым не можам памагчы вашаму мужу". Ну, хоць бы ўкол! Наркотык. Сама ўкалю, навучылася, а ўкол — сіняком пад скурай, не разыходзіцца. Адзін раз даклікалася, прыехала "хуткая"… Малады ўрач… Наблізіўся да яго і тут жа назад адступае-адступае: "Скажыце, а ён выпадкам у вас не чарнобыльскі? Не з тых, хто пабываў там?" Я адказваю: "Але". I ён, я не перабольшваю, усклікнуў: "Міленькая мая, хутчэй бы гэта скончылася! Хутчэй! Я бачыў, як паміраюць чарнобыльцы". А мой жа пры памяці, ён гэта чуе… Добра яшчэ, што не ведае, не здагадваецца: ён ужо адзін са сваёй брыгады застаўся… Апошні… Другім разам медсястру з паліклінікі прыслалі, дык яна ў калідоры пастаяла, нават у кватэру не зайшла: "Ой, я не магу!" А я магу? Я ўсё магу. Што мне прыдумаць? Дзе ратунак? Ён крычыць… Яму балюча… Увесь дзень крычыць… Тады я знайшла выйсце: улівала ў яго праз шпрыц бутэльку гарэлкі. Адключыцца. Забудзецца. Не сама здагадалася, іншыя жанчыны падказалі… З такой жа бядою… Прыйдзе ягоная мама: "Чаму ты адпусціла яго ў Чарнобыль? Як ты магла?" А мне і ў галаву не магло прыйсці, што трэба было не адпусціць, а яму, напэўна, — што ён мог не паехаць. Гэта ж быў іншы час, як ваенны. Неяк я ў яго спыталася: "А цяпер не шкадуеш, што туды паехаў?" Галавой круціць — не. У сшытачку піша: "Памру, прадасі машыну, запасныя колы, а за Толіка (гэта яго брат) замуж не выходзь". Толіку я падабалася…