Першыя дні… Без яго… Спала два дні, не маглі дабудзіцца, устану, пап'ю вады, нават не ела, і зноў на падушку звалюся. Цяпер мне дзіўна, невытлумачальна: як гэта я магла заснуць? У сяброўкі муж паміраў, ён шпурляў у яе посудам. Чаму яна такая маладая, прыгожая? А мой толькі глядзеў на мяне і глядзеў… У наш сшытачак запісаў: "Памру, спалі мой прах. Я хачу, каб ты не баялася". Чаму ён гэтак надумаўся? Ну, розныя чуткі: чарнобыльцы і пасля смерці "свецяцца"… Я сама чытала, што магілы чарнобыльскіх пажарнікаў, якія памерлі ў маскоўскіх шпіталях і пахаваны пад Масквой у Міціне, людзі абыходзяць, сваіх мёртвых ля іх не кладуць. Мёртвыя мёртвых баяцца, не кажучы пра жывых. Таму што ніхто не ведае, што такое — Чарнобыль. Адны здагадкі. Прадчуванні. Ён прывёз з Чарнобыля белы касцюм, у якім там працаваў. Штаны, спяцоўка… Так гэты касцюм і ляжаў у нас на антрэсолях да яго смерці. Пасля мама рашыла: "Трэба выкінуць усе ягоныя рэчы". У яе быў страх… А я нават той касцюм яго зберагала. Злачынніца. У мяне ж дома дзеці. Дачка і сын… Завезлі за горад і закапалі… Я шмат кніг прачытала, я жыву сярод кніг, але нічога яны не могуць растлумачыць. Прывезлі урначку… Не страшна, я рукой там памацала і штосьці дробнае, як ракушкі на беразе мора, у пяску, гэта тазавыя костачкі. Да гэтага да рэчаў яго дакранаюся — не чую, не адчуваю, а тут як абняла. Ноччу, памятаю, ён — мёртвы, сяджу ля яго. I раптам нейкі дымок… Другі раз убачыла гэты дымок над ім у крэматорыі… Яго душа… Ніхто яе не бачыў, а я бачыла… У мяне адчуванне: яшчэ раз пабачыліся…
Якая ж я была шчаслівая! Ён паедзе ў камандзіроўку, я дні, гадзіны лічу да нашай сустрэчы. Я фізічна без яго не магу… Мы паедзем з ім да ягонай сястры ў вёску, увечары яна паказвае: "Табе ў гэтым пакоі паслала, а яму ў тым". Паглядзім адно на аднаго і засмяёмся. Не ўяўлялі, як можна спаць асобна, у розных пакоях. Толькі разам. Я не магу без яго… Сваталіся… Брат ягоны сватаўся… Яны вельмі падобныя… Але мне здаецца, калі хто іншы да мяне дакранецца, я буду плакаць і плакаць…
Хто яго ў мяне забраў? Па якім праве? Прынеслі позву з чырвонай паласою дзевятнаццатага кастрычніка тысяча дзевяцьсот восемдзесят шостага года… Як на вайну…
(Мы п'ём гарбату. Я разглядаю сямейныя фатаграфіі. Вясельныя. I калі ўжо хачу развітацца, яна мяне запыняе.)
Як я буду далей жыць? Я вам не ўсё… Не да канца… Я была шчаслівая… Да бяспамяцця… Можа, не трэба майго імя… Ёсць таямніцы… Малітвы чытаюць сам-насам… Шэптам сама сабе… (Замаўкае.) Не, назавіце маё імя… Богу назавіце… Я хачу зразумець… Я таксама хачу зразумець, навошта нам даюцца пакуты? Навошта яны? Па першым часе здавалася, што пасля ўсяго ў мяне ў паглядзе штосьці цёмнае з'явіцца… Чужое… Што мяне ўратавала? Выштурхнула з жыцця? Вярнула… Мой сын… У мяне ёсць яшчэ адзін сын…
Наш з ім сын… Ён даўно хворы… Ён вырас, але бачыць свет дзіцячымі вачыма… Вачыма пяцігадовага хлопчыка… Я хачу быць з ім… Мару памяняць кватэру бліжэй да Навінак, там у нас псіхіятрычная бальніца. Ён там… Гэта прысуд урачоў: каб ён жыў, ён павінен быць там. Я езджу туды па выхадных. Сустракае мяне: "А дзе тата Міша? Калі прыедзе?" Хто яшчэ ў мяне пра гэта папытае? Ён яго чакае…
Мы будзем чакаць з ім разам. Я буду чытаць шэптам сваю чарнобыльскую малітву… Ён — глядзець на свет дзіцячымі вачыма…"
Валянціна Цімафееўна Панасевіч, жонка ліквідатара
Замест эпілога
"… Кіеўскае бюро падарожжаў прапануе паездкі ў горад Чарнобыль і мёртвыя вёскі… Само сабою, за грошы. Наведайце ядзерную Меку…"