Выбрать главу

1

Лейтэнант міліцыі Васіль Гарноська марыў пра подзвіг. Яму мроіліся рэцыдывісты… Няроўная схватка… Перамагае мужнасць, спрыт. Міліцэйскі нарад дастаўляе абяззброеных рэцыдывістаў туды, дзе ім і належыць быць. А ён, Васіль? Яго "хуткая дапамога" адвозіць у бальніцу — у няроўным паядынку храбры лейтэнант цяжка (не, лепш лёгка) паранены… Сам генерал наведваецца ў палату і ўручае лейтэнанту ордэн…

Гарноську хочуць паказваць па тэлебачанні… Уваходзіць вядучая Надзея Хадасевіч…

Менавіта так і будзе. Васіль упэўнены, што прыкладна так і будзе. Ён здзейсніць подзвіг. I такі подзвіг, што ў вядучай Надзеі Хадасевіч замрэ сэрца…

А пакуль… Пакуль у Васіля ўсё складваецца недарэчна. За два месяцы службы ён не быў ні на адной сур'ёзнай аперацыі. Усё Мятліцкі ды Мятліцкі… Хоць, калі падумаць, не ўсё яшчэ так безнадзейна. Мятліцкі хутка выйдзе на пенсію, і ўсе яго подзвігі застануцца ў мінулым. А Гарноська толькі пачынае…

Калі прызнацца шчыра, Васіль зайздросціць, яшчэ як зайздросціць падпалкоўніку Мятліцкаму. Шэсць ордэнаў абы за што не дадуць… Пра подзвігі Мятліцкага ён наслухаўся яшчэ ў вучылішчы… А потым сваім вушам не хацеў даваць веры, калі на размеркавальнай камісіі сказалі: будзеш працаваць у аддзеле падпалкоўніка Мятліцкага… Таго самага Мятліцкага!

Шчаслівейшага за Васіля чалавека не было ва ўсім свеце. Перад сустрэчай са сваім легендарным начальнікам хваляваўся больш, чым перад дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіяй. I цяжка апісаць Васілёва расчараванне, калі замест атлета з пранізлівым позіркам убачыў звычайнага хударлявага чалавека, чымсьці вельмі падобнага на педантычнага рахункавода. I каб не форма з падпалкоўніцкімі пагонамі, напэўна, падумаў бы, што гэта нехта з наведвальнікаў Мятліцкага, а сам гаспадар кабінета некуды адышоўся. Нічога, ну ні кропелькі нічога геройскага ў чалавеку, што стаяў ля адчыненага акна і аб нечым заклапочана думаў, не было.

Уразілі хіба што вочы падпалкоўніка. Яны страшэнна не адпавядалі сухому, строгаму, нават, здалося, злому твару. Можна было падумаць, што вочы жывуць сваім асобным жыццём. Яны выпраменьвалі незразумелы спакой, ад чаго ў кабінеце рабілася па-хатняму проста. I адразу ж куды падзеліся хваляванне і напружанасць!

3 начальствам Васілю пашчэсціла. Яшчэ як пашчэсціла! Не шанцавала ў іншым… Два месяцы — і ніводнага здарэння, дзе можна паказаць сябе… Пэўна, усіх рэцыдывістаў пералавілі ўжо. А розныя змрочныя крымінальнікі, хітрыя, каварныя, засталіся толькі ў кінафільмах ды ў лекцыях выкладчыкаў міліцэйскага вучылішча. Мусіць, праўда: герояў накшталт Мятліцкага робяць абставіны, робіць час. Жыві і Гарноська гадоў дваццаць пяць — трыццаць таму назад — пра яго таксама расказвалі б у вучылішчы. Пэўна, расказвалі б. А мо яшчэ і які фільм паставілі… Спазніўся, спазніўея нарадзіцца… Што цяпер пакінулі Мятліцкія на долю Гарноськаў? Пакінулі што?! П’янчуг ды дробных хуліганаў — во што пакінулі. I засталося Гарноськам адно — падбіраць па закавулках розных тыпаў, што да чорцікаў насмакталіся "чарніл". Чаго-чаго, а за два месяцы паспеў нагледзецца ўсялякіх. Да моташнасці нагледзеўся. Усе яны бываюць двух гатункаў. Адны паводзяць сябе, як авечкі, толькі ачмурэла лыпаюць шклянымі вачыма, ніяк не беручы ўцям, дзе яны, што з імі. 3 такімі прасцей. Другія — буяняць, упіраюцца рукамі-нагамі. Ого, якія героі! Пакуль не памыюць у выцвярэзніку…

Непрыемная гэта справа — валаводзіцца з алкаголікамі. Яшчэ якая непрыемная і агідная! Але служба ёсць служба: выклікай нарад, адпраўляй у выцвярэзнік. А там паклапоцяцца… Не горш за родную маці паклапоцяцца. Памыюць, спаць пакладуць на чыстую прасціну, акенца зачыняць, каб часам скразнячком не праняло. Праўда, гэты сэрвіс дарагавата абыходзіцца. Але што зробіш — сэрвіс ёсць сэрвіс…

Во так і ўладкоўваеш штодня розных сіняносікаў. А здараецца, і суправаджаеш бы якую важную асобу ад ларка "Піва" да выцвярэзніка… Ён, гэты ларок, адгароджаны ад людскіх вачэй чырвоным пластыкам, і прылеглая тэрыторыя, якую празвалі "п’яны кут", пастаўляе выцвярэзніку, пэўна, з палавіну кліентуры.

Во якая ў Васіля рамантыка! Сорам сказаць каму. Не-е, мусіць, усё ж праўда, што паціху адмірае міліцэйская прафесія, небяспечная, рамантычная. Старэе і адмірае, як і апошні з магікан — падпалкоўнік Мятліцкі. Ці ж гэта работа — падбіраць "чарнільшчыкаў"! Хіба аб гэтакай рабоце марыў Васіль Гарноська?! Хіба больш за ўсё на свеце хацеў уладкоўваць у выцвярэзнік розных п’янчуг?!

Недарэчна ўсё гэта. I ўвогуле, усё жыццё ў Васіля складваецца недарэчна. Нават з каханнем атрымалася не як у людзей. Не па-людску атрымалася… Убачыў аднойчы па тэлевізары і зразумеў: без вядучай Надзеі Хадасевіч не будзе ў яго жыцця… Дзіўна атрымалася. Бы ў той дарэвалюцыйнай курсісткі. Смех ды грэх…