Выбрать главу

— А чаго гэта нам баяцца Кібрыса? Хай ён нас баіцца. У нас — факты…

— Ды ён цябе разам з тваімі фактамі пажуе і выплюне,— здзекліва ўхмыльнуўся Гарустовіч.

— Значыць, па-твойму, на такіх, як Кібрыс, няма ніякай управы?

— Ёсць ці няма, а табе лепш за ўсё сядзець паціху і чакаць, каб не набіць гузакоў ці ўвогуле не зламаць шыю,— глыбакадумна разважыў Гарустовіч.

— Цікава, цікава…— пачала злавацца Надзея.— I да якога ж гэта часу трэба сядзець і чакаць? — У яе голасе была непрыкрытая іронія.

— Пакуль не забяспечыш надзейныя тылы, даражэнькая,— і не думаў зважаць на яе іронію Гарустовіч.

— Што гэта значыць? — сумелася Надзея, яшчэ больш нервуючыся.

Гарустовіч абвёў прысутных хітраватым позіркам і пасля некаторага роздуму адказаў у сваёй звычайнай манеры:

— А гэта, калі табе не могуць даць здачы…

— Што-што? Значыць, біць ляжачага?

— Чаму ляжачага? Проста, трохі прыбітага. Калі схопяць за жабры, праясняць сітуацыю…

— Во-во! Ого, якія мы майстры біць прыбітых! Ужо нейкага прайдзісвета пад суд аддалі — тады кідаемся ў бой з фельетонамі, гнеўнымі артыкуламі. Ого, якія героі, ого, якія барацьбіты! А пакуль прайдзісвет робіць сваю чорную справу, баязліва ціснемся ў кут, сапём у дзве дзюркі: я — чалавек маленькі, гэта мяне не датычыць, мая хата з краю…— Яна грэбліва, нават з нянавісцю глядзела на Гарустовіча, выразна падкрэсліваючы, што гэтыя словы адрасуюцца менавіта яму.— Зручная пазіцыя. Пазіцыя абывацеля. Тут не рызыкуеш набіць сабе гузака…— і схамянулася: а раптам Гарустовіч спецыяльна разыгрывае, а яна, дурная, прымае ўсур’ёз, нервуецца. Ад яго можна чакаць усяго.

Дзіўны чалавек, гэты Гарустовіч. Ніколі не здагадаешся, што ён думае, што скажа, што зробіць, што ў яго сваё, што чужое, нізашто не зразумееш, гаворыць ён усур’ёз ці прыдурваецца. Гарустовіча хлебам не кармі, а дай паспрачацца. I заўсёды выступае ў ролі скептыка-цыніка, здаецца, знарок наклікае на сваю галаву непрыязь і абразы, даводзячы апанентаў да шаленства. Іншы раз, калі яны губляюць кантроль над сабой, гатовы ледзь ні лупцаваць Гарустовіча, той нечакана ўсміхнецца паблажліва і пачынае абвяргаць усё, што сам даказваў, потым з нейкім жалем кажа: "А спрачацца, адстойваць сваю пазіцыю вы не ўмееце. Эх вы!" Часта ў Гарустовіча знаходзяцца саюзнікі, і тады дыскусіі набываюць яшчэ большую вастрыню. А калі, у рэшце рэшт, не застаецца ніводнага апанента, а толькі аднадумцы, Гарустовіч абвяшчае: усё, што ён гаварыў і з чым усе пагадзіліся,— ёсць ну, скажам, погляды французскіх экзістэнцыялістаў! Утвараецца нямая сцэна, як у "Рэвізоры". Тым часам Гарустовіч з веданнем пачынае раскладваць па паліцах неабгрунтаванасць поглядаў экзістэнцыялістаў з такой логікай і перакананнем, што "аднадумцы" толькі вачыма лыпаюць. Падобна было, што і цяпер ён надумаў нешта падобнае.

— Дарэчы, да твайго ведама: абывацель — значыць жыхар,— гнуў сваё Гарустовіч.— Мы ўсе жыхары і ў гэтым сэнсе ўсе абывацелі…

— Ды не юродствуй, Гарустовіч. Мне зараз не да цябе…

— Ладна,— пасля замінкі пагадзіўся ён, аднак адчувалася, сверб працягваць спрэчку ў яго не праходзіць.— Ты мне скажы толькі адно: чаму ў нас з’яўляюцца Кібрысы? Ты хоць калі думала пра гэта?

— Перажыткі мінулага! — завучана сказала Надзея.— I хопіць, адчапіся!

— Перажыткі?! — абрадавана падхапіў Гарустовіч.— Адкуль жа тыя перажыткі, калі іх матэрыяльныя носьбіты даўно ліквідаваны? Ці мо скажаш, што яны перадаюцца з генамі?

"А праўда, чаму?" — падумала Надзея. Гэта ёй ніколі не прыходзіла ў галаву, і спрэчка, якую намервалася спыніць, раптам зацікавіла яе: мо нешта спатрэбіцца для размовы з Кібрысам.

— Але ж перажыткі існуюць рэальна. Ты што, не згодзен?

Гарустовіч усміхнуўся паблажліва:

— Канечне, не згодзен. А ты добранька падумай: мо гэта ніякія не перажыткі, а свой уласны прадукт? Мо гаворка пра перажыткі — чысцейшай вады лухта? I я табе павінен сказаць, што гэта проста шырма, зручная шырма, спроба напусціць туман на праблему — і не болей.

Надзея інтуітыўна адчувала: Гарустовіч гаворыць нешта не тое, аднак маўчала, не ведаючы, як абвергнуць яго.

— Ці не ўдарылі цябе, Гарустовіч, выпадкова па цемечку, калі быў малы? — прыйшоў на выручку Міхась Курчук, старшы рэдактар з маладзёжнай.— Дальбог, ударылі, бо загаворваешся.

— А гэта ўжо, даруй, ад невуцтва,— сярдзіта і зняважліва лыпнуў вачыма Гарустовіч.— Што, мо ты ведаеш адказ? То памажы ёй, тваёй падначаленай! Памажы… Скажы хоць самае простае: чаму мы столькі дзесяцігоддзяў напаленым жалезам выпякаем гэтыя так званыя перажыткі, а яны жывуць і множацца? Дзе тая глеба, тыя карэнні, што сілкуюць іх? Задасць табе такое законнае пытанне любы дзесяцікласнік — што скажаш? Што па цемечку ўдарылі? А ён падумае, і слушна падумае, што гэта цябе па цемечку ўдарылі. Варушыць мазгамі, таварыш маладзёжны рэдактар, трэба, калі хочаш, каб цябе слухалі, на смех не падымалі…