Прыгожая песня. Для мяне яна і цяпер прыгожая.
Першага мая! Болей за ўсе святы на свеце мы любілі Першамай. У гэты дзень нам выдавалі новыя паліто і новыя сукенкі. Усе паліто аднолькавыя, і ўсе сукенкі аднолькавыя. Ты пачынаеш іх абжываць, робіш пазнаку, ну хоць бы нейкі вузельчык або складачку, што гэта тваё… частка цябе… Нам казалі, што Радзіма — гэта наша сям’я, яна пра нас думае. Перад першамайскай лінейкай выносілі ў двор вялікі чырвоны сцяг. Біў барабан. Адзін раз — цуд! Прыязджаў да нас генерал і віншаваў. Усіх мужчын мы дзялілі на салдат і афіцэраў, а гэта быў генерал. Штаны з лампасамі. Лезлі на высокі падаконнік, каб убачыць, як ён сядаў у машыну і махаў нам рукой. «Ты не ведаеш, што такое — тата?» — спытала ў мяне ўвечары Валя Кнорына. Я не ведала. І яна таксама. (Маўчыць.) Быў у нас Сцёпка… Рукі складзе, быццам ён з кімсьці ўдваіх, і кружыцца па калідоры. Сам з сабой танцуе. Нам смешна, а ён ні на каго не звяртаў увагі. А аднойчы раніцай ён памёр, не хварэў і памёр. Адразу памёр. Доўга яго яшчэ ўспаміналі… Казалі, што тата ў яго быў вялікі военачальнік, вельмі вялікі, таксама генерал. А потым і ў мяне з’явіліся пухіры пад пахай, яны лопаліся. І было так балюча, што я плакала. Ігар Каралёў пацалаваў мяне ў шафе. Мы вучыліся ў пятым класе. Я пачала ачуньваць. Выжыла… Зноў!
(Зрываецца на крык.) Хіба гэта каму-небудзь цікава? Назавіце мне — каму? Нецікава і непатрэбна даўно. Краіны нашай няма і ніколі ўжо не будзе, а мы ёсць… старыя і брыдкія… са страшнымі ўспамінамі і зболенымі вачыма… Мы ёсць! А што сёння засталося ад нашага мінулага? Толькі тое, што Сталін заліў гэтую зямлю крывёю, Хрушчоў саджаў на ёй кукурузу, а з Брэжнева ўсе смяяліся. А нашы героі? Пра Зою Касмадзям’янскую ў газетах сталі пісаць, што яна хварэла на шызафрэнію пасля перанесенага ў дзяцінстве менінгіту і ў яе была схільнасць падпальваць хаты. Псіхічна хворая. А Аляксандр Матросаў п’яны кінуўся на нямецкі кулямёт, а не ратаваў таварышаў. І Паўка Карчагін ужо не герой… Савецкія зомбі! (Трохі супакоіўшыся.) А мне дагэтуль сняцца лагерныя сны… Дагэтуль не магу спакойна на аўчарак глядзець… кожнага чалавека баюся ў вайсковай форме… (Праз слёзы.) Я так болей не магу… Адкрыла газ… уключыла ўсе чатыры фаеркі… зачыніла форткі і зашморгнула шчыльна шторы. У мяне нічога не засталося такога… каб… калі страшна паміраць… (Маўчыць.) Калі яшчэ нешта трымае… Ну… пах галоўкі маленькага дзіцяці… Нават дрэва пад акном у мяне няма… Дахі… дахі… (Маўчыць.) Паставіла букет кветак на стол… Уключыла радыё… І апошняе… Ляжу… ужо ляжу на падлозе… а думкі ўсе адтуль… Усё адно… Вось я выходжу за лагерную браму… брама жалезная, і яна з ляскам за маёй спіной зачыняецца. Я — вольная, мяне вызвалілі. Іду і ўгаворваю сябе: толькі не азірацца! Памірала ад страху, што нехта зараз мяне дагоніць і верне. Трэба будзе вяртацца. Прайшла трохі і бачу ля дарогі бярозку… простую бярозку… Падбягаю да яе, абдымаю, прыціскаюся ўсім целам, побач нейкі куст, я і яго абдымаю. У першы год было столькі шчасця… ад усяго! (Доўга маўчыць.) Суседка адчула пах газу… Міліцыя ўзламала дзверы… Ачуняла я ў бальніцы, і першая думка: дзе я? Я зноў — у лагеры? Як быццам у мяне не было іншага жыцця, і нічога больш не было. Спачатку вярнуліся гукі… потым боль… Боль ад усяго: кожны рух, глынуць паветра, паварушыць рукой, расплюшчыць вочы. Увесь свет — гэта было маё цела. Пасля свет пашырыўся і стаў вышэць: я ўбачыла медсястру ў белым халаце… белую столь… Я вельмі доўга вярталася. Побач са мной памірала дзяўчына, яна памірала ўжо некалькі дзён, ляжала ўся ў гэтых трубках, і ў роце трубка, нават крычаць яна не магла. Чамусьці ж нельга было выратаваць. І я глядзела на гэтыя трубкі і ўяўляла ў падрабязнасцях: вось гэта я ляжу… я памерла… але я не ведаю, што я памерла і мяне больш няма. Я ўжо пабывала там… (Супынілася.) Не надакучыла слухаць? Не? Скажыце… я магу замаўчаць…