Але мы жывем! Жывем… І краіна жыве! А што мы ведаем пра душу? Толькі тое, што яна ёсць. Я… мае сябры… у нас усё нармальна… У аднаго — будаўнічая фірма, у другога — прадуктовая крамка — сыр, мяса, каўбасы, трэці мэбляй гандлюе. У кагосьці капітал за мяжой, у кагосьці дом на Кіпры. Адзін — былы кандыдат навук, другі — інжынер. Разумныя, адукаваныя людзі. Гэта ў газетах малююць «новага рускага» з залатым ланцугом кілаграмаў на дзесяць, у машыне ў яго бампер залаты, а колы срэбныя. Фальклор! У паспяховым бізнесе ўбачыш каго хочаш, толькі не дурня. Ну вось, мы збяромся… Прыносім дарагі каньяк, але п’ём гарэлку. П’ём гарэлку і на світанні п’яныя абдымаемся і гарлаем камсамольскія песні:
Успамінаем, як студэнтамі ездзілі «на бульбу» і смешныя выпадкі з армейскага жыцця. Успамінаем, карацей, савецкі час. Разумееце? А канчаюцца размовы заўсёды так: «Беззаконне сёння. Сталін нам патрэбны». Хоць у нас, кажу вам, усё добра. Што гэта? Узяць мяне… Для мяне сёмага лістапада — свята. Я святкую нешта вялікае. Мне яго шкада, нават вельмі шкада. Калі шчыра… З аднаго боку, настальгія, а з другога боку, страх. Усе хочуць з’ехаць, зваліць з краіны. Зарабіць «бабкі» — і зваліць. А нашыя дзеці? Усе мараць вывучыцца на бухгалтараў. А спытайце ў іх пра Сталіна… Начыста адсекла! Прыблізнае ўяўленне… Я даў сыну пачытаць Салжаніцына — ён увесь час смяяўся. Чую! — смяецца. Для яго абвінавачванне, што чалавек быў агентам трох разведак, ужо смешна. «Тата… Ніводнага пісьменнага следчага, у кожным слове — арфаграфічная памылка. Нават слова «расстраляць» яны пішуць няправільна…» Ён ніколі не зразумее мяне і маю маці, таму што ён ні дня не жыў у савецкай краіне. Я… і мой сын… і мая маці… Мы ўсе жывём у розных краінах, хаця ўсё гэта — Расія. Але мы жахліва адзін з адным спалучаныя. Жахліва! Усе адчуваюць сябе падманутымі… …Сацыялізм — гэта алхімія. Алхімічная ідэя. Ляцелі наперад, а прыехалі невядома куды. «Да каго звярнуцца, каб уступіць у камуністычную партыю?» — «Да псіхіятра». А ім… нашым бацькам… маёй маці… хочацца пачуць, што яны пражылі вялікае і не бяздарнае жыццё і верылі ў тое, у што варта верыць. А што яны чуюць? Яны чуюць з усіх бакоў, што іх жыццё поўнае гаўно і ў іх нічога не было, акрамя іх жудасных ракет і танкаў. Гатовыя былі перамагчы любога ворага. І перамаглі б! Але без усялякай вайны ўсё загінула. Ніхто не можа зразумець — чаму? Тут трэба думаць… А думаць не вучылі. Усе памятаюць толькі страх… і гавораць пра страх… Я недзе чытаў, што страх — гэта таксама форма любові. Здаецца, гэтыя словы належаць Сталіну… Сёння ў музеях пуста… А цэрквы поўныя, бо ўсім нам патрэбны псіхатэрапеўты. Псіхатэрапеўтычныя сеансы. Вы думаеце, Чумак і Кашпіроўскі лечаць цела? Яны лечаць душу. Сотні тысяч людзей сядзяць каля тэлевізара і слухаюць іх як загіпнатызаваныя. Гэта — наркотык! Страшэннае пачуццё адзіноты… пакінутасці… Ва ўсіх — ад таксіста і клерка ў офісе да народнага артыста і акадэміка. Усе жахліва самотныя. І гэтак далей… так… Жыццё цалкам змянілася. Свет цяпер падзяліўся па-іншаму: не на «белых» і «чырвоных», не на тых, хто сядзеў і хто саджаў, хто чытаў Салжаніцына і хто яго не чытаў, а на тых, хто можа купіць і хто не можа. Вам гэта не падабаецца? Не падабаецца… ясная рэч… І мне… не падабаецца… Вы і нават я… мы былі рамантыкамі… А наіўныя шасцідзясятнікі? Секта сумленных людзей… Верылі, што камунізм лясне і рускі чалавек адразу ж кінецца вучыцца свабодзе, а ён кінуўся вучыцца жыць. Жыць! Усё пакаштаваць, лізнуць, адкусіць. Вось смачная ежа, вось моднае адзенне… падарожжа… Ён захацеў убачыць пальмы і пустыню. Вярблюдаў… А не гарэць і згараць, не бегчы ўвесь час кудысьці з паходняй і сякерай. Не, проста жыць, як іншыя жывуць… У Францыі і Манака… Бо можна і не паспець! Далі зямлю, але могуць забраць, дазволілі гандляваць, але могуць пасадзіць. І фабрыку адбяруць, і крамку. Свідруе мазжачок гэты страх. Свідруе. Якая гісторыя?! Трэба хутчэй грошы зарабляць. Ніхто не думае ні пра што вялікае… грандыёзнае… аб’еліся вялікім! Хочацца чалавечага. Нармальнага. Звычайнага… ну звычайнага, разумееце! А пра вялікае можна ўспомніць так… пад гарэлачку… Першыя ў космас паляцелі… І танкі кляпалі найлепшыя ў свеце, але не было пральнага парашку і туалетнай паперы. Гэтыя праклятыя ўнітазы заўсёды цяклі! Поліэтыленавыя пакеты мылі і сушылі на балконе. А відэамагнітафон у хаце быў накшталт асабістага верталёта. Хлопец у джынсах — не зайздрасць да яго, а дэкаратыўная цікавасць… Экзотыка! Вось яна — адплата! Гэта была адплата за ракеты і касмічныя караблі. За вялікую гісторыю!