Выбрать главу

Я прыехаў у адпачынак… Вяселле вось-вось. Сярэдзіна лета. Жылі ўсе на вялікім лецішчы. Лецішчы са старых… Не казённыя чатыры соткі зямлі, я ўжо дакладна не памятаю, колькі, але там і кавалак лесу быў. Старыя хвоі. Вялікім шышкам такія лецішчы давалі. За асаблівыя заслугі. Акадэмікам і пісьменнікам. І вось яму… Прачнуся — стары ўжо на гародзе: «Душа ў мяне сялянская. Я ў Маскву з Цверы ў лапцях прыйшоў». Увечары часта сядзеў адзін на тэрасе і курыў. Ад мяне не хавалі: яго выпісалі з бальніцы паміраць — неаперабельны рак лёгкіх. Курыць не кінуў. З бальніцы вярнуўся з Бібліяй: «Усё жыццё быў матэрыялістам, а перад смерцю вось да Бога прыйшоў». Біблію падаравалі манашкі, якія даглядалі ў лякарні цяжкіх хворых. Чытаў з лупай. Да абеду чытаў газеты, пасля абедзеннага сну ваенныя мемуары. Сабраў цэлую бібліятэку мемуараў: Жукаў, Ракасоўскі… Сам любіў успамінаць… Як бачыў жывога Горкага і Маякоўскага… чалюскінцаў… Часта паўтараў: «Народ хоча любіць Сталіна і святкаваць Дзявятага мая». Я спрачаўся з ім: пачалася перабудова… вясна рускай дэмакратыі… Птушанём быў я! Засталіся раз з ім удвох — усе з’ехалі ў горад. Двое мужчын на пустым лецішчы. Графін гарэлкі.

«Пляваць мне на дактароў! Я пажыў ужо». — «Наліць?» — «Налівай». І паехала… Да мяне не адразу дайшло… Не адразу я зразумеў, што тут патрэбны святар. Чалавек думае пра смерць… Не адразу… Спачатку ішла звычайная для тых гадоў размова: сацыялізм, Сталін, Бухарын… палітычны запавет Леніна, які Сталін схаваў ад партыі… Пра ўсё, што было на слыху, у газетах. Выпілі. Добр-р-а выпілі! Чамусьці ён завёўся: «Вам лепш было! Молада-зелена… Ты мяне паслухай! Нельга нашаму чалавеку даваць свабоду. Усё прасера!! Зразумеў!» — І мацюкі. Рускі чалавек не можа пераканаць іншага рускага чалавека без мацюкоў. Лаянку я прыбіраю. — «Ты слухай…» Я… вядома… я… У мяне шок! Шок!! А ён разышоўся: «У кайданкі і на лесапавал гэтых гарлапанаў. Кайло — у рукі. Страх патрэбны. Без страху ў нас усё ўмомант разваліцца». (Доўгая паўза.) Мы думаем, што пачвара павінна быць з рагамі і капытамі. А тут быццам бы чалавек перад табой сядзіць… нармальны чалавек… Смаркаецца… хварэе… гарэлку п’е… Я вось думаю… Я тады першы раз пра гэта падумаў… Заўсёды застаюцца і даюць паказанні ахвяры, а кбты маўчаць. Кудысьці правальваюцца, у нейкую нябачную дзірку. У іх няма прозвішчаў, няма галасоў. Яны без следу знікаюць, мы нічога пра іх не ведаем.

У дзевяностыя… Гэта быў час, калі кбты яшчэ былі жывыя… яны спалохаліся… У газетах прамільгнула прозвішча следчага, які катаваў акадэміка Вавілава. Я запомніў — Аляксандр Зух. Надрукавалі яшчэ некалькі імёнаў. І яны запанікавалі, што паадчыняюць архівы, здымуць грыф «сакрэтна». Замітусіліся. Ніхто гэта не адсочваў, спецыяльнай статыстыкі няма, але былі дзясяткі самагубстваў. Па ўсёй краіне. Спісалі ўсё на крушэнне імперыі… на збядненне… але мне распавядалі пра самагубствы цалкам забяспечаных і заслужаных старых. Без відочнай прычыны. Адно ў іх было агульнае — усе работнікі органаў. У кагосьці сумленне загаварыла, хтосьці ад страху, што сям’я даведаецца. Быў у іх момант панікі. Не маглі зразумець, што вакол адбываецца… і чаму вакуум вакол іх утварыўся… Верныя сабакі! Служакі! Не ўсе, вядома, не вытрымалі… У «Правде» або ў «Огоньке», тут мяне памяць можа падвесці, надрукавалі ліст аднаго вохраўца. Гэты не пабаяўся! Апісаў букет сваіх хвароб, набытых на службе ў Сібіры, дзе пятнаццаць гадоў ахоўваў «ворагаў народа». Здароўя не шкадаваў… Служба, скардзіўся, была цяжкая: летам камары заядалі і мучыла спякота, а ўзімку — маразы. Шынялькі, я памятаю, так і пісаў «шынялькі», выдавалі салдатам слабыя, а вялікае начальства хадзіла ў кажухах і валёнках. А цяпер, маўляў, ворагі, якіх не дабілі, галовы падымаюць… Контррэвалюцыя! Ліст злосны… (Паўза.) Тут жа былыя зэкі яму адказалі… Яны ўжо не баяліся. Не маўчалі. Напісалі, як у лагеры маглі зняволенага распрануць дагала і прывязаць да дрэва, мошка яго за суткі так аб’ядала, што адзін шкілет заставаўся. Узімку ў саракаградусны мароз дахадзягу, які не выканаў дзённую норму, аблівалі вадой. Дзясяткі ледзяных статуй стаялі для застрашвання да вясны… (Паўза.) Нікога не судзілі! Нікога! Кбты дажывалі свае дні ганаровымі пенсіянерамі… Што скажу? Не заклікайце да пакаяння. Не прыдумляйце сабе народ: які ён, наш народ, добры. Пакаяцца ніхто не гатовы. Гэта вялікая праца — пакаяцца. Я вось сам заходжу ў царкву, а на споведзь — не магу. Мне цяжка… А па праўдзе, дык чалавеку толькі сябе шкада. Больш нікога. Вось так… Стары бегаў па тэрасе… крычаў… У мяне валасы дыбарам… дыбарам! Ад ягоных слоў. Я ўжо шмат што да таго часу ведаў… Прачытаў Шаламава… А тут — на стале ваза з цукеркамі, букет кветак… Абсалютна мірная абстаноўка. Вось гэты кантраст, ён усё ўзмацняў. Страшна было і цікаўна. Цікаўнасці, шчыра скажу, было больш, чым страху. Хочацца… Заўсёды хочацца зазірнуць у яму. Чаму? Такія мы.