Выбрать главу

«…Калі мяне ўзялі на працу ў энкавэдэ, я страшэнна ганарыўся.

З першага заробку купіў сабе добры касцюм… …Праца такая… З чым параўнаць? Параўнаць можна з вайной. Але на вайне я адпачываў. Расстрэльвалі немца — ён крычыць па-нямецку. А гэтыя… гэтыя крычалі па-руску… Быццам свае… У літоўцаў і палякаў было лягчэй страляць. А гэтыя — па-руску: «Балваны! Ідыёты! Канчайце хутчэй!» Ё…!! Мы ўсе ў крыві… выціралі далоні аб уласныя валасы… Часам нам выдавалі скураныя фартухі… Праца была такая. Служба. Малады ты… Перабудова! Перабудова! Верыш балбатунам… Хай пакрычаць: свабода! свабода! Пабегаюць па плошчах… Сякера ляжыць… сякера гаспадара перажыве… Запомні! Ё..!! Я — салдат! Мне сказалі — я пайшоў. Страляў. Табе скажуць — ты пойдзеш. По-оойдзеш!! Я забіваў ворагаў. Шкоднікаў! Быў дакумент: прыгавораны «да вышэйшай меры сацыяльнай абароны»… Дзяржаўны прысуд… Праца — не дай Бог! Недабіты, ён упадзе і гучна, як свіння… харкае крывёй… Асабліва непрыемна страляць у чалавека, які смяецца. Ён ці звар’яцеў, ці табой пагарджае. Роў і мат стаялі з абодвух бакоў. Есці перад такой працай нельга… Я не мог… Увесь час хочацца піць. Вады! Вады! Як пасля перапою… Ё…!! Да канца змены нам прыносілі два вядры: вядро гарэлкі і вядро адэкалону. Гарэлку прыносілі пасля працы, а не перад працай. Чытаў дзе-небудзь? Ото ж… Пішуць цяпер усякае… шмат хлусяць… адэкалонам мыліся да пояса. Пах крыві з’едлівы, асаблівы пах… на пах спермы крыху падобны… У мяне была аўчарка, дык пасля працы яна да мяне не падыходзіла. Ё…!! Што маўчыш? Зялёны яшчэ… Неабстраляны… Слухай! Рэдка… але трапляўся баец, якому падабалася забіваць…. яго з расстрэльнай каманды пераводзілі ў іншае месца. Такіх недалюблівалі. Шмат было вясковых, як я, вясковыя мацнейшыя за гарадскіх. Мацнейшыя. Да смерці больш прывучаныя: хто калоў дома кабана, хто цяля рэзаў, а курыцу — дык кожны. Да смерці… да яе прывучаць трэба… Першыя дні вадзілі паглядзець… Байцы толькі прысутнічалі пры пакаранні ці канваіравалі асуджаных. Былі выпадкі, што адразу вар’яцелі. Не вытрымлівалі. Справа тонкая… Зайца забіць, і то звычка патрэбная, не кожны можа. Ё…!! Ставіш чалавека на калені — стрэл з нагана амаль ва ўпор у левую патылічную частку галавы… у вобласць левага вуха… Рука да канца змены вісела, як бізун. Асабліва балеў указальны палец. У нас таксама быў план, як і ў любым іншым месцы. Як на заводзе. З планам першы час не спраўляліся. Фізічна — не маглі выканаць. Тады склікалі дактароў. Кансіліум. Рашэнне было такое: два разы на тыдзень усім байцам рабіць масаж. Масаж правай рукі і ўказальнага пальца. Указальны палец масажаваць абавязкова, на яго найвялікшая нагрузка пры стральбе. У мяне засталася толькі глухата на правае вуха, таму што страляеш з правай рукі… …Уручалі нам граматы «за выкананне спецыяльнага задання партыі і ўрада», «справе Леніна-Сталіна адданыя». Гэтых грамат на выдатнай паперы ў мяне — поўная шафа. Адзін раз на год выпраўлялі з сям’ёй у добры санаторый. Выдатнае харчаванне… шмат мяса… лячэнне… Жонка нічога не ведала пра маю працу. Сакрэтная, адказная праца — і ўсё. Ажаніўся я, пакахаўшы.

…У вайну эканомілі патроны. Калі мора побач… набівалі баржу, як бочку селядцамі. З трума не крык, а звярыны рык:

«Врагу не сдаётся наш гордый «Варяг», Пощады никто не желает…»

Рукі кожнаму звязвалі дротам, ну а да ног — камень. Калі надвор’е ціхае… роўнядзь… доўга відаць было, як яны ішлі да дна… Што глядзіш? Малакасос! Што глядзіш?! Ё…!! Налівай! Работа такая… служба… Я табе расказваю, каб ты зразумеў: дорага нам каштавала савецкая ўлада. Берагчы яе трэба. Захоўваць! Увечары вяртаемся — баржы пустыя. Цішыня мёртвая. Ва ўсіх адна думка: выйдзем на бераг — і нас там… Ё…!! Пад ложкам у мяне гадамі стаяў напагатове драўляны чамаданчык: змена бялізны, зубная шчотка, брытва. Пісталет пад падушкай… Я гатовы быў пусціць сабе кулю ў лоб. Усе ў той час так жылі! І салдат, і маршал. Тут была роўнасць.